«Альхавiцкi матлёт» ад лiёзнiнскай «Медунiцы»

Калектыў, які сёння аб’ядноўвае 12 чалавек, лічыцца ўзорным
КАЛЕКТЫЎ, які сёння аб’ядноўвае 12 чалавек, лічыцца ўзорным не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў краіне. Аб гэтым сведчаць тыя адзнакі, якія штогод ідуць у яго скарбонку. Менавіта ліёзненскую «Медуніцу» з хлебам-соллю просяць сустракаць гасцей на абласных «Дажынках» ці падчас «Славянскага базару» ў Віцебску, яна лаўрэат Міжнароднага фестывалю масак у Даўгаўпілсе (Латвія), падзеяй у творчым жыцці калектыву быў і ўдзел у Рэспубліканскім тэлевізійным праекце АНТ «Песні маёй краіны», дзе ён узяў трэцяе месца. Мы на хвілінку вырашылі завітаць у яго закуліснае жыццё.

Людміла ДАНІЛАВА, Валянціна ЗАМАСТОЦКАЯ і Ганна МАКРАВУСАВА на рэпетыцыі

НА ДВАРЫ даўно ўжо сцямнела, а самадзейныя артысты ўсё адно ідуць на рэпетыцыю. Трэба заўсёды заставацца ў тонусе, і калі мастацкі кіраўнік «Медуніцы» Ганна Макравусава кажа, што трэба — значыць, трэба. Сама яна прыйшла ў калектыў у 1992 годзе на змену заснавальніцы «Медуніцы» Раісе Сяргееўне Агеевай, якая, на жаль, памерла. У 2013 годзе калектыў адзначыў 25 гадоў, 20 з якіх носіць званне народнага. Ганна Фёдараўна доўгі час збірала па вёсках раёна фальклорныя матэрыялы, так сфарміраваўся багаты відэа-, аўдыё- і фотаархіў. Папаўняюць рэпертуар і традыцыйнымі народнымі беларускімі песнямі. 

Вось і цяпер ім трэба вывучыць адну. Спачатку спяваюць без музыкі, пасля з ёю. Ганна Фёдараўна робіць заўвагі, спыняюцца і праганяюць зноў. 

Для таго каб зацікавіць аўдыторыю, некаторыя моманты стараюцца тэатралізаваць ці прадставіць у выглядзе загадак. Напрыклад, паказаць «Пакладзіны», якія праходзілі ў вёсцы Яськаўшчына Ліёзненскага раёна. Так па-асабліваму там называліся сваты. Калі бацькі згаджаліся аддаць дачку замуж, яны павінны былі пакласці на чарку грошы. Яшчэ адна цікавая традыцыя ў Ліёзненскім раёне звязана са шлюбнай тэмай — спячы «транчук па калена». Што за страва, прыйшлося паламаць галаву. Аказалася, звычайны амлет. Калі прыходзілі сваты, дзяўчыну прасілі яго прыгатаваць. Атрымаўся пышны, «па калена», — гаспадыня будзе добрая. Яшчэ адна цікавая загадка. Па мясцовай звычцы, калі мужчына ішоў на сенакос, гаспадыня выпякала хлеб і клала туды прадукт, якім ён мог таксама падсілкавацца. Ён, між іншым, там добра захоўваўся. Гэта… яйкі, якія сырымі запякаліся ў бохане. 

— Фальклор абавязкова будзе жыць, — кажа Ганна Фёдараўна. — Ён — скарбонка мудрасці народнай. Па ім можна жыць і працаваць, як і па запаветах Гасподніх. Без спадчыны пражыць нам немагчыма… 

ТАНЦУЮЦЬ у калектыве не горш, чым спяваюць. Ёсць тут свая «Адаменская кадрыля», «Альхавіцкі матлёт».

— Что самае адметнае ў калектыве? — пытаю.

Акампануюць Іван КАСТЭНКА і Уладзімір КЛІМЕНЦЕНКА

— Свайго роду, фанатызм. Ён у нас ва ўсіх. Я люблю спяваць, тут весела. Мы, калі вы заўважылі, заўсёды жартуем. Ды і душой тут маладзееш. Са смехам часцяком успамінаем нашы ляпы. Ёсць такая песня «Скакал казак через долину». Казачка здрадзіла казаку, і напрыканцы такія словы: «Он повернул коня налево. И в чисто поле поскакал». А мы праспявалі: «А сам направо поскакал». Ехалі неяк зімой у Мінск, зламаўся аўтобус. Холад, здавалася, іншыя б знерваваліся. А мы давай каля трасы танцаваць кадрылю. Энергіі ў нас хоць адбаўляй. Пакормяць нас падчас гастроляў у сталоўцы — мы падзяку выказваем песняй. Традыцыя. 

Самай старэйшай удзельніцы калектыву 72 гады (па сямейных абставінах Галіна Гулевіч не прыйшла), самаму малодшаму — 23. Гэта Артур Кавалёў, які ў паўсядзённым жыцці займаецца рамонтам камп’ютарнай тэхнікі.  «Прыйшоў у калектыў у маі, — расказвае ён, — таксама моцна люблю спяваць. Асабліва народнае, яно з моцнай энергетыкай».

Яшчэ адзін малады твар у калектыве — Ганна Чэпікава, метадыст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ліёзненскага райвыканкама. Яна аднагодка «Медуніцы»: 

— У гэтым калектыве працавала мая маці, яна і цяжарная мной прыходзіла сюды. Таму, каб я тут засталася, паспрыяла Ганна Фёдараўна. Памятаю, як у падлеткавым узросце знікала на сцэне і ахвяравала вольным часам. Сама родам з Адаменкаў, пасля каледжа вярнулася ў родную вёску і адпрацавала два гады мастацкім кіраўніком у СДК. Цяпер атрымліваю вышэйшую адукацыю, але з’язджаць не жадаю, бо ў нашай культуры яшчэ поле неаранае! Я заўважыла, што сучасная моладзь пра фальклор амаль нічога не ведае. Зараз набрала дзіцячы калектыў «Сунічкі», ладзім сумесныя рэпетыцыі з «Медуніцай», буду вучыць, каб  захоўвалася сувязь пакаленняў.

Ганна Макравусава ў 2014 годзе была ўзнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі», стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2014». Яна працуе загадчыцай метадычнага аддзела — намеснікам дырэктара па метадычнай рабоце і сельскіх установах культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ліёзненскага райвыканкама. Малады дырэктар РЦК ГУК «Ліёзненская цэнтралізаваная клубная сістэма» Сяргей Піваварчык кажа: «Ганна Фёдараўна — гэта наш рухавік. У нас ёсць такія маштабныя праекты, дзе без яе кіраўніцтва, дапамогі маладым работнікам немагчыма». 

— Колькі памятаю, усё маё дзяцінства прайшло пад гукі гармоніка таты і бубен, у які як сапраўдны майстар біла матуля, — успамінае Ганна Фёдараўна. — Ніводныя вясковыя радзіны, вяселлі, хрысціны, провады не праходзілі без бацькоў. Глядзела на іх і вачыма вучылася танцаваць, граць на гармоніку і спяваць песні. Пасля заканчэння вучылішча культуры ў Магілёве ў мяне, выдатніцы, была магчымасць самой выбраць добрае месца для размеркавання. Лёс так распарадзіўся, што мяне запрасіў на Ліёзненшчыну мой будучы муж, які тады працаваў дырэктарам СДК. З той пары гэты край для мяне як родны.

korshuk@sb.by

Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter