Александрия: от Трофимовой криницы к купальскому фесту

Александрыя: гаючая вада i купальскiя зоры

АСФАЛЬТАВАНАЯ дарога ад Шклова да Александрыі, куды прывяла мяне перадкупальская вандроўка, віецца праз крутыя пагоркі, лагчыны. Больш як стагоддзе таму каля паселішча пралегла чыгунка. Некалькі разоў на дзень праз прыпыначны пункт Александрыя курсіруюць пасажырскія цягнікі з Оршы і Магілёва. Са сталіцы ў аграгарадок зручна дабірацца ім або маршруткай.

Гэты маляўнічы куточак Прыдняпроўя ніяк глыбінкай не назавеш. Вуліцы і вулачкі выцягнуліся ўздоўж дняпроўскага берага. Патанаючыя ў пышнай зеляніне садоў ладныя катэджы, газоны і кветнікі на прасторнай плошчы перад будынкам Цэнтра культуры і вольнага часу. З другога боку — спартыўны комплекс. Побач з ім — арыгінальнай архітэктуры гасцініца з кафэ і барам, будынак банка з банкаматам. Перасякае Александрыю аднапутка чыгункі. Забудаваны аграгарадок у асноўным тыпавымі сучаснымі катэджамі. Бетоннымі пліткамі выкладзены ходнікі.

У 2007 годзе цераз раку пабудаваны жалезабетонны мост, які звязаў Александрыю з аршанскім аграгарадком Копысь. Побач з мостам — купальскае поле, дзе ў дзясяты раз ладзіцца нацыянальнае свята «Александрыя запрашае сяброў».

фота паўла кузміна.

З пакатага ўзбярэжжа трэцяй па велічыні ў Еўропе пасля Волгі і Дуная ракі Днепр углядаецца ў бурлівую плынь шклоўская Александрыя. Назва паселішча пайшла ад імя заснавальніка графа Аляксандра Хадкевіча.

Упершыню пісьмова Александрыя ўзгадваецца ў ХVІІ стагоддзі як спадчыннае ўладанне. У 1695 годзе яна становіцца цэнтрам войтаўства Шклоўскага графства.

Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Александрыя адышла да Копыскага павета Магілёўскай губерні Расійскай імперыі. Уладанне мястэчкам, у якім дзейнічалі царкоўна-прыходская школа, дзве царквы, яўрэйскі малітоўны дом, паштовы двор, вадзяны млын, кузня, перайшло да аднаго з фаварытаў імператрыцы Кацярыны ІІ графа Сямёна Зорыча.

На пачатку мінулага стагоддзя развіццё паселішча паскорыла пракладка чыгункі з Оршы да Магілёва. Праз Днепр паміж Александрыяй і Копыссю хадзіў паром.



Калі ўстанавілася савецкая ўлада, мястэчка да 1924 года ўваходзіла ў склад Расійскай Федэрацыі, а пасля вяртання ў БССР стала цэнтрам сельсавета Шклоўскага раёна. Статус яго панізілі да вёскі. У гады калектывізацыі быў створаны калгас.

Не мінулі Александрыю ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. У Першую сусветную вайну яе акупіравалі кайзераўскія войскі. З ліпеня 1941-га па чэрвень 1944 года вёска была пад акупацыяй нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мемарыялам ушанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны.

З першых пасляваенных гадоў у вёсцы аднавілі дзейнасць ветэрынарны ўчастак, шавецкая і швейная майстэрні, сямігадовая школа, якая потым стала сярэдняй. Сельгаспрадпрыемства рэарганізавана ў ААТ «Александрыйскае». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі ў 2007 годзе атрымала статус аграгарадка Шклоўскага раёна.

Александрыя — радзіма Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.



Вандраваць па аграгарадку адправіліся са старшынёй сельвыканкама Мікалаем Стаяковым. Пасля сярэдняй школы ён працаваў у яблыневым садзе, на птушкафабрыцы александрыйскай гаспадаркі. Завочна скончыў Белдзяржсельгасакадэмію. Другі год узначальвае мясцовую ўладу. На прыдняпроўскай зямлі жылі яго продкі. Перадавой даяркай слыла яго бабуля Тамара Сіткевіч.

Завіталі да яе ў невялікую вёску Манькава, што побач з Александрыяй. Векавыя ліпы акружаюць падворак. Праз расчыненую браму, ля якой круціўся на ланцугу жвавы чорненькі сабака, зайшлі на двор. Гаспадыня ад нечаканых гасцей усхвалявалася. Прайшліся па мурожнай сцяжынцы ў палісаднік. Прыселі на лавачку. Тамара Мікалаеўна ўзгадала, як з братамі Аляксеем і Міхаілам перавозілі з вёскі Капысіца бацькоўскую хату. Месца тут ладнае — былы панскі маёнтак. Чатыры падворкі засталося ад вёскі. Слухаючы бабулю, унук Мікалай Стаякоў адзначыў, што паступова жыхары навакольных вёсачак перабіраюцца ў Александрыю — цэнтральную сядзібу гаспадаркі. На вачах пашыраюцца межы аграгарадка, дзе створаны цудоўныя ўмовы для жыцця. Больш за 800 жыхароў цяпер тут.

Ветэран працы Тамара СІТКЕВІЧ.
Тамара Мікалаеўна памятае пасляваенную Александрыю. Тут яна заканчвала сямігодку. Падлеткам пайшла працаваць. У шаснаццаць гадоў самастойна даіла 12 кароў. Цягала бітоны з малаком на жывёлагадоўчай ферме. Лягчэй стала, як усталявалі малакаправод. Выйшла замуж за калгаснага механізатара Міхаіла Сіткевіча. Трох дачок выхавалі. Пасля выхаду на пенсію Тамара Мікалаеўна яшчэ пяць гадоў даіла кароў на малочна-таварным комплексе «Падкняжанне». Ад кожнай за год атрымлівала звыш 5 тысяч кілаграмаў малака. За працоўныя поспехі двойчы ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Векавыя ліпы быццам слухалі нашу размову. З густых шатаў даносілася птушынае шматгалоссе. Кінуўшы позірк на стромкае, як свечка, высокае дрэва з навіслай над дахам кронаю, Тамара Мікалаеўна расказала, што альпіністы абцярэблівалі галлё. Кожную вясну яна вяртаецца на сваю сядзібу з віцебскай кватэры дачкі Галіны. Магнітам цягне да роднай хаты. Дочкі Ларыса і Таццяна, якія жывуць побач з Манькавам, пастаянна адведваюць маці.

Старшыня сельвыканкама Мікалай СТАЯКОЎ.
ПРАЗ жытнёвае поле паміж вёскай Капысіца і аграгарадком цурчаць крыштальнай вадзіцай крынічкі. Адну з іх называюць Трафімавай, і мае яна сваю гісторыю. На пачатку мінулага стагоддзя ў нізіне, каля рачулкі Ульянкі, сяляне жылі па хутарах. Гаспадар аднаго з іх Трафім, які слыў у наваколлі здольным цесляром, абуладзіў выток, зрабіў да яго з дошак кладку.

Узгадала пра Трафімаву крыніцу і загадчыца Цэнтра культуры і вольнага часу Алена Падкапаева. Уладзімір Шпакаў расказваў ёй, што ў дзяцінстве, калі іх сям’я жыла ў вёсцы Капысіца, аднойчы з бацькам яны пайшлі да рачной нізіны нарыхтоўваць алешнік на дровы. Дзень выдаўся спякотны. Бацька і сын ведалі пра мясцовыя крынічкі. Падлетак пайшоў шукаць выток, каб наталіць смагу, і натрапіў на крынічку. Над ёй вісеў палатняны рушнік, і побач стаяла кружка. У крыштальна чыстай вадзе зіхацелі манеты. Гэта была тая самая Трафімава крыніца. Некалькі гадоў таму каля яе пасадзілі ў выглядзе літар «т» і «к» чырвоныя дубы і сібірскія кедры, каб нашчадкам захавалася назва — Трафімава крыніца. Старэйшыя мясцовыя жыхары памятаюць, як у ваенны час жанчыны прыходзілі да вытоку са сваімі бацькамі, мужамі, сынамі, братамі і апырсквалі іх вадзіцай, маліліся, каб яны вярнуліся з вайны жывымі.

Рабочы Магілёўскага аблдарбуда Леанід ФРАЛОЎ і прараб Ілья СТАЛЯРОЎ.
Па ладна вымашчаным памосце крочым да крыніцы. У летнюю спякоту тут адразу адчуваеш прахалоду. Над вытокам — драўляная павець, побач ладная альтанка, купель, лаўкі. Арку вянчае дошка з выразаным надпісам — Трафімава крыніца.

На гістарычнай даведцы ўказана, што выток быў «поўнасцю адноўлены па даручэнні Прэзідэнта ў жніўні 2013 года». Аляксандр Лукашэнка любіць наведваць крынічку. Яна — частка сямейнай гiсторыi: гаючую ваду адшукаў у лясной чашчобе і ўладкаваў дзед Аляксандра Рыгоравiча — Трафiм. Вада ў ёй надзвычай мяккая і празрыстая, чыстая, як сляза. Яе ацаніў і кіраўнік расійскага ўрада Дзмітрый Мядзведзеў у час нефармальнага наведвання малой радзімы кіраўніка Беларусі. На гэтай прыдняпроўскай зямлі жылі і працавалі продкі Аляксандра Лукашэнкі. У перыяд калектывізацыі яго дзеда, як і іншых мясцовых хутаран, перасялілі ў вёску. Побач са старажытнай Александрыяй узнік пасёлак, які мясцовы люд стаў называць Александрыя-2. Цяпер гэта Крынічная вуліца аграгарадка. Тут адноўлены бацькоўскі дом Аляксандра Лукашэнкі. Непадалёку ад яго спартыўная пляцоўка для гульні ў баскетбол, валейбол, вялікі тэніс, міні-футбол. Каля магазіна «Крынічка» — дзіцячая пляцоўка з арэлямі.

Абуладжвае падворак рабочы ААТ «Александрыйскае» Юрый РУБАН.
Пра Трафімаву крыніцу ведаюць не толькі ў Александрыі. Назапасіцца гаючай вадзіцай едуць здалёк. Побач з вытокам пабудавана аўтастаянка. Матэрыял пра прыдняпроўскія вытокі на працягу некалькіх гадоў збірае разам з вучнямі настаўніца Вольга Муштакова.

У СЯРЭДНЯЙ школе, якую летась узначаліў Аляксандр Бобрыкаў, звыш дзвюх соцень навучэнцаў. Тут атрымліваў атэстат сталасці Аляксандр Лукашэнка. Экскурсанты пастаянна наведваюць клас, дзе ён вучыўся. Ходзіць легенда: трэба сесці за яго парту, каб удалым выдаўся лёс. У школьным класе ўсё засталося так, як было некалі, — дошка, кніжная шафа, на сцяне карта. Побач з ёю фотаздымкі сустрэчы Прэзідэнта з яго настаўнікамі.

Удзельніца дзіцячага гуртка «Усмешка» Ганна ПАДКАПАЕВА.
Сёлета школу скончылі 11 выпускнікоў. А ўвосень калектыў навучэнцаў папоўніцца двума першымі класамі. Сярод старшакласнікаў адноўлена прафарыентацыя. Настаўніца біялогіі Любоў Рыбакова вядзе заняткі па ўводзінах у аграрную спецыяльнасць, а Кацярына Шафранская выкладае ўводзіны ў педагогіку. Дырэктар школы заклапочаны, каб з навучальнага года наладзіць падрыхтоўку трактарыстаў-машыністаў. Рыхтуецца дакументацыя на атрыманне ліцэнзіі. Дамовіліся з кіраўніцтвам ААТ «Александрыйскае», што ў жніво два атрады старшакласнікаў выйдуць на збожжатакі ў вытворчых падраздзяленнях Вялікі Межнік і Стараселле.

СЕЛЬГАСПРАДПРЫЕМСТВА, як і тэрыторыя сельсавета, — самыя буйныя ў раёне. Старшыня райвыканкама Аляксандр Ціток, з якім сустрэліся ў аграгарадку, адзначыў, што палова валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна вырабляецца ў «Александрыйскім». Гаспадарка шматпрофільная. Раней на 33 вытворчых падраздзяленнях было занята 2100 чалавек.

Дырэктар ААТ «Александрыйскае» Андрэй КУЗЬМЕНКА і старшыня Шклоўскага райвыканкама Аляксандр ЦІТОК.
Два гады таму калектыў узначаліў выпускнік Белдзяржветакадэміі Андрэй Кузьменка. Раней ён кіраваў жыткавіцкім ААТ «Тураўшчына». Андрэй Уладзіміравіч пачаў з дасканалага аналізу дзейнасці кожнай структуры сельгаспрадпрыемства. На 600 чалавек зменшылася працуючых. У асноўным гэта сярэдні персанал. Прытым кіраўнік гаспадаркі адзначыў, што заўважны рост валавой прадукцыі.

Мінулым засушлівым годам з кожнага з 5000 гектараў збожжавых намалацілі звыш 50 цэнтнераў зерня. І сёлета чакаецца багаты ўраджай.

Дырэктар Цэнтра культуры і вольнага часу Алена ПАДКАПАЕВА.
Са старшынёй сельвыканкама праехалі па александрыйскіх палях. Густою сцяною стаіць пшаніца. Як кажуць у народзе, кінь шапку — і не ўпадзе долу.

Ля зарэчнай вёскі Старыя Стайкі на кукурузнай плантацыі механізатары Ігар Валодзькін і Аляксандр Федасенка падкормлівалі пасевы мінеральнымі ўгнаеннямі. Удваіх спраўляюцца апрацаваць шырокае поле. У жніво Ігар Валодзькін на магутным трактары ўбiрае салому. Тры гады запар ён першынстваваў у гаспадарцы на перавозцы саломы. Прыехаў у «Александрыйскае» з аршанскіх Бабініч. Атрымаў дом у аграгарадку Стараселле. Яго сям’я шматдзетная. Непадалёку ад Шклова на выдзеленым участку Валодзькіны будуюць свой катэдж.

Прадавец магазіна «Александрыя» Надзея ВІТКО.
Прасторныя палі ААТ «Александрыйскае» перамяжоўваюцца з лугамі і сенажацямі. У гаспадарцы 14,5 тысячы сельгасугоддзяў. На жывёлагадоўчых комплексах звыш 16 000 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх трэцяя частка — дойны статак. Менавіта вытворчасць малака дае найбольшы прыбытак. Летась атрымалі ад кожнай каровы па 7500 кілаграмаў малака. Што-дзённа амаль 100 тон яго толькі гатункам экстра пастаўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці. Рэнтабельнасць вытворчасці амаль 50 працэнтаў. Поспехі александрыйцаў радуюць першага намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Васілія Акуліча. Вопыт іх вывучаецца і распаўсюджваецца ў вобласці.

ДЫРЭКТАР Андрэй Кузьменка бачыць далейшую перспектыву развіцця гаспадаркі ў больш актыўнай мадэрнізацыі. Гэта дае магчымасць эканоміць энергетычныя рэсурсы. За мінулы год заўважна значная эканомія электраэнергіі. Зэканомленыя сро-дкі накіроўваюцца на павышэнне заробкаў, развіццё сацыяльна-бытавой сферы, будаўніцтва жылля.

Гаспадары Алена і Аляксандр БЕШАНКОВЫ.
У населеных пунктах сельгаспрадпрыемства амаль 400 кватэр. І самі працаўнікі гаспадаркі будуюць жыллё. Аператар на газавай устаноўцы Андрэй Саўкін узводзіць мураваны катэдж. Многія прыватызуюць дамы і кватэры, атрыманыя ад гаспадаркі. Прасторны дом у цэнтры Александрыі атрымаў і прыватызаваў рабочы Юрый Рубан. Засталі мы яго ля бетонамяшалкі. Гаспадар заліваў бетонам выезд з гаража на вуліцу. На мурожнай траве ў палісадніку гулялі яго дзеці.

Тыпавымі катэджамі забудоў-ваюцца новыя вуліцы Александрыі. Толькі за мінулыя тры гады сельгаспрадпрыемства на будаўніцтва жылля выдзеліла 2 300 000 рублёў з асабістых сродкаў.

Бармен гасцініцы «Александрыя» Ірына ЛУПЯКОВА.
Кожны куточак аграгарадка непаўторны. На дагледжаных падворках чысціня і парадак. Ад старэйшых жыхароў пачулі, што няблага было б мець свой праваслаўны храм. Год таму драўляная Праабражэнская царква адкрылася ў суседняй Копысі. Шлях да яе недалёкі — праз дняпроўскі бетонны мост.

На футбольным полі, што побач са спартыўным комплексам, падлеткі ганялі мяч. Ёсць у Александрыі і прафесійная футбольная каманда, у якую адабраны таленавітыя спартсмены з іншых рэгіёнаў рэспублікі. У двухпавярховым будынку — два басейны, трэнажорная зала, саўна, джакузі, більярд.

Механізатар ААТ «Александрыйскае» Ігар ВАЛОДЗЬКІН.
Аматары спеваў і музыкі, як дадому, ходзяць у Цэнтр культуры і вольнага часу. Школьнікі займаюцца ў самадзейным калектыве «Усмешка», а дарослых спевакоў аб’яднала спеўная «Крынічанька». Дзейнічаюць тут шэсць аматарскіх аб’яднанняў па інтарэсах. Народныя ўмельцы падрыхтавалі свае сувеніры да купальскага свята, якое сёння сабрала ў Александрыі дзясяткі тысяч гасцей.

Як толькі заззяюць першыя зоры ў небе, на беразе Дняпра ўспыхне купальскае вогнішча. Спевамі напоўніцца гэты цудоўны куточак, які стаў сапраўдным брэндам Беларусі.

Шклоўскі раён

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter