Международный фестиваль искусств собирает выдающихся исполнителей из 12 стран

Акорды восені музычнай

«Беларуская музычная восень» пачалася ў Мінску. Найстарэйшы — сёлета 44-ы па ліку — Міжнародны фестываль мастацтваў працягнецца да 28 лістапада, збярэ ў Белдзяржфілармоніі гасцей з 12 краін і будзе надзвычай разнастайным жанрава — ад сімфанічных праграм да джаза і папулярнай музыкі. Што чакае меламанаў на працягу месяца? Арганізатары расказалі пра некалькі яркіх праектаў фестывалю.
Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. ШЫРМЫ.
philharmonic.by

Сола для хору

Падзея сённяшняга вечара — канцэрт «Харавыя легенды». Свайго роду харавое веча — больш за 300 спевакоў выйдуць на сцэну. Разам з музыкантамі-прафесіяналамі — Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам і Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлай імя Р. Шырмы — студэнцкія хары некалькіх ВНУ, музычных каледжаў і школ.

Кульмінацыяй праграмы стане выкананне Libera me з «Рэквіема» Дж. Вердзі пры ўдзеле вядучай салісткі Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя П. Чайкоўскага Ірыны Крыкуновай.

Знакавы праект для капэлы — сольны канцэрт калектыву 25 лістапада.

Вольга Янум, галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы:

— Праз доўгі тэрмін — 10 гадоў — мы пакажам цалкам новую праграму, 90 працэнтаў твораў прагучаць на нашай філарманічнай сцэне ўпершыню. Прадставім капэлу ў зусім новым ракурсе. Наогул, мая мэта — ініцыіраваць нашых кампазітараў больш пісаць для хору, апошнім часам іх цікавасць у гэтых адносінах згасла, выконваем у асноўным даўно напісанае. А паказваць наша харавое мастацтва свету хочацца менавіта з беларускімі кампазіцыямі, створанымі на ўзроўні лепшых традыцый і сучасных тэндэнцый.
Дырыжор Міхаіл КАЗІНЕЦ.

У праграме — сапраўды скрозь прэм'еры. Сярод іх упершыню прагучыць вялікі фрагмент аднаго з апошніх опусаў Георгія Свірыдава «Песнапенні і малітвы». З разраду навінак — выкананне твораў Арва Пярта і Эрыка Эшэнвалдса, эстонскага і латышскага кампазітараў, адных з самых запатрабаваных сёння аўтараў у свеце, якія працуюць у жанры харавой музыкі.

На старце

— З нецярпеннем чакаю рэпетыцый, хвалююся, — не ўтойвае народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча.

Хваляванні зразумелыя: маэстра пачынае свой юбілейны музычны марафон — адразу тры канцэрты. Першы — 9 лістапада, прычым дырыжыраваць ён будзе не народным аркестрам, які ўзначальвае больш за 40 гадоў, а сімфанічным. Праграма сур'ёзная — Бетховен, Брамс, Чайкоўскі. У салістах — скрыпач-віртуоз Арцём Шышкоў.

Наступны праект на сцэне — 18 лістапада — сусветная прэм'ера новага сачынення Ларысы Сімаковіч «Скарына. Вяртанне» для вялікага сімфанічнага аркестра, хору і саліста, у гэты раз ім стаў рок-спявак Ян Жанчак. Музычнае палатно маштабнае, велічнае, у сямі частках — сем сцэн з жыцця знакамітага першадрукара.

Завершыцца юбілейная эпапея грандыёзным шоу 23 лістапада. Па запрашэнні маэстра ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра выступяць зоркі оперы, вядомыя эстрадныя выканаўцы і музыканты-інструменталісты. 

Міхаіл Антонавіч падкрэслівае важную дэталь:

— Ва ўсіх трох канцэртах — многа салістаў, і ўсе яны былыя студэнты Акадэміі музыкі, той пары, калі я працаваў там рэктарам. Спецыяльна так задумаў: захацелася вярнуць выдатны час, які праводзіў некалі ў асяроддзі тады маладых таленавітых людзей, а сёння ўжо вядомых спевакоў і музыкантаў.

Пад знакам якасці

Папулярная музыка на акадэмічнай сцэне? Эстрадныя мелодыі пад цымбалы і баян? Танцы і ВІА ў фае філармоніі пасля канцэрта? Незвычайна. Нязвыкла. Але магчыма. І публіка ў захапленні. У мінулым сезоне праграма «Назад у СССР» мела такі вялікі поспех, што па шматлікіх просьбах працоўных, як гаварылі ў тыя часы, яе вырашана працягнуць новым канцэртам — «Пад знакам якасці».

Спявак Ігар ЗАДАРОЖНЫ ў праграме «Назад у СССР».

Галоўная дзеючая асоба незвычайнага вечара — вядомы спявак, уладальнік прыгожага барытона Ігар Задарожны. Разам з ім 6 лістапада песенныя рэтрахіты савецкай эпохі часоў Мусліма Магамаева, Эдуарда Хіля, Валерыя Абадзінскага, Ганны Герман, Сафіі Ратару ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра выканаюць Надзея Бронска, Анастасія Рачыцкая, Андрэй Коласаў і Марына Васілеўская.

Атмасферу савецкага часу і пачуццё настальгіі гледачам канцэрта-вечарынкі гарантуюць. Дыскатэку — таксама.

З чым музыканты адзначаць Дзень піяніста? На што здольны акардэон у руках віртуозаў? Як загучаць джазавыя хіты і імправізацыі з вялікім сімфанічным аркестрам? Ці можна на чатырох віяланчэлях сыграць музыку «Бітлз»? Па адказы паспяшайцеся ў Белдзяржфілармонію. У праграме «Беларускай музычнай восені» — 21 канцэрт. Цікавыя ўсе.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter