Ахвяра жыцця

Другога лютага ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла адзначаецца свята Ахвяравання Пана

Другога лютага ў літургічным календары Каталіцкага Касцёла адзначаецца свята Ахвяравання Пана

Ксёндз Кірыл Бардонаў

У народзе яно больш вядомае пад назвай “Грамніцы”, або “Маці Божай Грамнічнай”. З гэтым днём звязаныя многія разнастайныя звычаі і абрады. Першае, што ўсплывае ў памяці верніка ў сувязі з гэтым днём — свечка. Свечка з’яўляецца сімвалам святла Хрыстовай веры. У Хрысце адбылося спалучэнне — сустрэча — Божай і чалавечай прыроды. Нездарма ва ўсходняй традыцыі свята Ахвяравання Пана называецца “Стрэчанне”, бо гэта ўспамін дня, калі Дзева Марыя з Юзафам прынеслі маленькага Езуса ў святыню, тады Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, аднымі з першых людзей, якія сустрэлі Пана, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна. Яны пазналі ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста.

На Грамніцы свечка таксама сімвалізуе Марыю, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові. Прынёсшы Дзіцятка ў святыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозлівае прароцтва пра тое, што “меч пройдзе праз Яе душу” (пар. Лк 2, 34). Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжом Хрыста.

У яўрэяў было прынята, што на саракавы дзень пасля нараджэння першанца бацькі прыносілі яго да святыні ў Ерусаліме. Рабілася гэта на ўспамін захавання жыцця першанцаў ізраільскага народа падчас егіпецкай няволі. Таму кожны першародны сын лічыўся Божай уласнасцю, і ў названы дзень адбываўся яго выкуп за сімвалічную плату. Пры гэтым адначасова мела месца цырымонія рытуальнага ачышчэння маці дзіцяці. Усё гэта зрабілі і Юзаф з Марыяй. Да апошняй літургічнай рэформы ў лацінскім абрадзе Каталіцкага Касцёла ўзгаданае свята называлася “Ачышчэнне Найсвяцейшай Дзевы Марыі”.

На нашых тэрыторыях прынята запальваць свечку, якая была асвечана 2 лютага ў касцёле, падчас навальніцы, калі грымяць грымоты, таму гэтую свечку называюць грамнічнай, што паўплывала на назву самога свята. Некаторыя рабілі гэта і робяць і падчас іншых небяспек. Існуе традыцыя даваць грамнічную свечку ў рукі паміраючаму.

У пачатку святой Імшы 2 лютага адбываюцца працэсіі са свечкамі, падчас якіх спяваецца песня Сімяона, якую некаторыя вернікі чытаюць як адну з малітваў напрыканцы дня: “Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Святло на асвятленне паганаў і славу народа Твайго, Ізраіля”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter