Кэрэспандэнт «Р» прыняў удзел у разчыстцы снега на дамах

Ахi i дахi

«Эй, гражданина, ты туда не ходи, ты сюда ходи. А то снег башка попадёт, совсем мёртвый будешь», – хто не памятае тырады «джэнтльмена поспеху» Васіля Алiбабаевiча з легендарнай камедыі. Але гомельскім камунальнікам пакуль не да жартаў. Наступствы снегападаў iм прыходзіцца разграбаць у прамым і ў пераносным сэнсе. Зараз надышла чарга дахаў. Просты на першы погляд працэс мае свае асаблівасці, у якія ўнікаў карэспандэнт «Рэспублікі». 

Каб працаваць на вышыні, здароўе трэба — як у касманаўта.

Пакуль вадзіцель аўтавышкі ўстанаўлівае аўтамабiль, яго калега агароджвае рабочую зону чырвона-белай стужкай. Праход забаронены — бяспека вышэй за ўсё. Ёсць абмежаванні і па эксплуатацыі саміх пад’ёмнікаў. Яны не выкарыстоўваюцца пры моцным ветры — гэта рызыка для людзей, якія знаходзяцца ў люльцы. А халады ад -15° С могуць пашкодзіць гідраўлічныя сістэмы. 

Галоўная праблема, з якой даводзіцца сутыкацца часцей за ўсё, — складанасці пад’езду. Для правільнай устаноўкі тэхнікі неабходна прастора, якой часам не хапае з-за аб’ектаў, размешчаных побач з будынкам. 

У дні снегападу даводзілася чысцiць круглыя суткі.

Намеснік дырэктара па рамонце і эксплуатацыі жыллёвага фонду КЖРЭУП «Цэнтральны» Віталь Цімашкоў паказвае яшчэ на адну праблему ў суседнім доме: 

— Бачыце прыбудаваную веранду кафэ? З-за гэтага чысціць дах будзе складана. Да таго ж на вадасцёку намерзла глыба. Пачнём секчы — можа зваліцца, пашкодзіць навес. Прыйдзецца чакаць, калі пачне раставаць — пастараемся акуратна ўвесь гэты лёд прыбраць. 

Чысціня дахаў — бяспека пешаходаў.

Гэта зіма для камунальнікаў не з простых, хоць і надзвычай суровай яе не лічаць. Нічога катастрафічнага не было. Хоць у дні бесперапыннага снегападу і людзі, і тэхніка працавалi круглыя суткi. Зараз вядзецца планавая праца. Ачыстка дахаў прадыктавана перш за ўсё мерамі засцярогі. Цвёрды снег з рыхлага ператвараецца ў прамерзлы. Ён можа спаўзаць да краю і падаць уніз — на галовы пешаходаў, якія апынуліся ў непатрэбны час у непатрэбным месцы. Другі фактар — нагрузка на сам дах. Па нарматывах уборка пачынаецца, калі вышыня снежнага покрыва дасягае 10 сантыметраў. Інакш кроквы могуць не вытрымаць ціску. Ды і жылфонд у гістарычным цэнтры мае вельмі салідны ўзрост. У першую чаргу чысцяць тыя дахi, якія пры раставанні снегу могуць пачаць працякаць. 

— Дамы ў цэнтры, якія лічацца на нашым балансе, прайшлі ўсе, — кажа Віталь Цімашкоў. — Самі бачыце — ні снежных шапак, ні велізарных ледзяшоў няма. Гэта значыць, нейкія экстранныя сітуацыі мы прадухілілі. Вядзецца планавая работа па прадухіленні зацякання. Бо на суботу ўжо абяцаюць плюсавую тэмпературу... 


Зараз у Цэнтральным раёне Гомеля гэтай працай займаецца некалькі брыгад. Спецыяльных навучальных курсаў па ўборцы снегу няма: няхітрая методыка вядомая з дзедаўскіх часоў. Не змяніўся і арсенал — рыдлёўкі, венікі і скрабкі. Часам у ход ідуць сякеры і лом. 

А вось трапіць у люльку пад’ёмніка зможа не кожны. Хлопцы жартуюць: каб атрымаць допуск да працы на вышыні, здароўе трэба мець як у касманаўта. Або як мінімум — байца спецназа. Па сутнасці, яны і ёсць «снегаўборачны спецназ», які змагаецца за чысціню і бяспеку дахаў.

proleskovskiy77@mail.ru

Фота Iвана КУЗМЯНКОВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter