«Ах, якія словы: «Калі ласка..!»

СВЯТА заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА (1999 год). Прыйшло да нас на мяжы тысячагоддзяў. Адзначаецца з 2000-га з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.

Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага

СВЯТА заснавана рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЭСКА (1999 год). Прыйшло да нас на мяжы тысячагоддзяў. Адзначаецца з 2000-га з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці.

Калі заглянуць у гісторыю, то дата святкавання — 21 лютага — абрана таму, што ў гэты дзень у 1952-м загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у Пакістане, усходняя частка якога пазней стала дзяржавай Бангладэш.

Між іншым, паводле ацэнак ЮНЭСКА палова з 6 тысячаў (!) моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення, могуць у бліжэйшы час страціць апошніх носьбітаў.

Прыхільнікі роднага, беларускага, слова адзначаюць і ў нашай краіне Міжнародны дзень матчынай мовы. “У любiмай мове, роднай, наскай,// Ах, якiя словы: «Калi ласка!..»// Як звiняць яны сардэчнаю струною,// Праз усё жыццё iдуць са мною”, — пісаў яшчэ Пятрусь Броўка.

Пахвальны прыклад любові да роднага слова паказвае Белдзяржуніверсітэт. Тут пройдзе не дзень, а аж цэлы Тыдзень беларускай мовы! Пачнецца ён 21 лютага на філалагічным факультэце БДУ. Адкрыецца літаратурна-музычнай кампазіцыяй «І наша мова — з-пад крыла душы…». Гасцямі студэнтаў і выкладчыкаў стануць рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка, старшыня Міжнароднага камітэта славістаў, прафесар, член-карэспандэнт Аляксандр Лукашанец, паэт Леанід Дранько-Майсюк і ансамбль цымбалістаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Наступны дзень Тыдня правядзе экскурсавод, мастак-аматар Ян Мяльніцкі. Ён пазнаёміць моладзь са сваімі графічнымі ілюстрацыямі да аповесці Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» і мастацкімі картамі, якія адлюстроўваюць этнічную гісторыю Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а таксама Еўропы ў XIV—XVIII стагоддзях. А завершыцца Тыдзень «Днём беларускага перакладу».

У навучальных установах, а таксама бібліятэках і клубах вёсак, вялікіх і малых гарадоў не забылі пра Міжнародны дзень роднай мовы. Хочацца, каб ні дзеці, ні дарослыя не цураліся роднага слова. І 21 лютага праходзіла пад знакам яго шанавання!

Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter