Адзенне пад сімвалам сонца

Як бы выглядалі беларускія нявесты ў нацыянальных вясельных строях

Як бы выглядалі беларускія нявесты ў нацыянальных вясельных строях

Сучасныя беларускія нявесты апранаюцца падобна — у асноўным у белую пышную доўгую сукенку. Магчыма, канешне, пабачыць маладую і ў экстравагантным адзенні. Аднак, як бы ні выглядала дзяўчына, вы ўсё роўна не скажаце дакладна: “Гэта нявеста з Веткі або Пінска”. Толькі калі будзеце ведаць, дзе яна нарадзілася насамрэч... Зусім іншая справа, калі б маладая ішла да шлюбу ў беларускім нацыянальным строі: у кожным рэгіёне вясельнае адзенне мела свае асаблівасці, па якіх адразу лёгка было адрозніць прадстаўніцу аднаго раёна ад другога. Пабачыць традыцыйныя вясельныя строі, якія насілі на Беларусі нашы прабабулі, карэспандэнту “НГ” пашчасціла ў Доме рамёстваў Лепеля, дзе ёсць музей нацыянальнага касцюма.
Кожны з вясельных строяў не падобны на іншы. Напрыклад, традыцыйнае адзенне лепельскай нявесты шылася з белага лёну, прычым кофтачка абавязкова была з валанам і мярэжкай. Калі зараз маладой звычайна ўплятаюць у прычоску кветкі, то ў канцы ХІХ — сярэдзіне ХХ стагоддзя на Лепельшчыне ў нявесты быў вянок з васковымі бусінамі. Ён надзяваўся на галаву, быццам абруч, а вэлюм, што цікава, не вісеў, як прынята зараз, а ахінаў шыю, быццам шалік.
— Проста белы вянок надзяваўся сіраце, а з чырвонымі кветкамі — дзяўчыне з поўнай сям’і, — прасвятляе дырэктар Дома рамёстваў  Алена  Бара-дзейка. — На вяселлі заможных маладых вянок мог быць двух’ярусным.
Ад лепельскага кардынальна адрозніваецца веткаўскі строй — яркі, з багатай вышыўкай, чырвоным банцікам на гарлавіне і прыгожым поясам. Гэты вясельны касцюм мне нагадаў украінскі. Ён складаецца з саматканай спадніцы-панёвы і галаўнога ўбору — кубка з рознакаляровымі стужкамі.
Пінска-івацэвіцкі вясельны строй (спадніца, фартушок і кашуля) таксама мае разнастайную каляровую гаму, а вылучаецца сярод іншых сваёй вышыўкай — раслінным арнаментам і галаўным уборам, які называўся куст і быў падобны да яго. Што адметна: сучасных маладых у час рэгістрацыі ў загсе ставяць на ручнік (гэта сімвал пераходу з аднаго стану ў іншы), які звычайна нясе сведка, а вось пінская нявеста абавязкова сама трымала ручнік, павязаны поясам, у правай руцэ. У час шлюбнага абраду маладых злучалі гэтым ручніком, і ніхто не меў права прайсці паміж імі.
Традыцыйны вясельны строй Расоншчыны падобны да рускага: мясцовая нявеста апраналася ў сіні сарафан з чырвонай устаўкай. На галаву дзяўчыны надзявалася шапка-сарока, упрыгожаная бісерам і пампонамі.
Цікава, што зараз свякроў здымае сваёй нявестцы вэлюм і завязвае ёй хустку, раней надзявала чапец. У лепельскім музеі маецца некалькі такіх убораў. Напрыклад, для вілейскага чапца характэрны доўгія вушкі — каля 60 сантыметраў. Ваўкавыска-камянецкі чапец глыбокі, каб схаваць не только валасы (паказваць іх лічылася саромнай справай для жанчыны), але і лоб. Такі ўбор мог насіцца асобна, з хусткай ці наміткай (галаўны ўбор рушніковага тыпу даўжынёй каля 8 метраў, які стваралі з кужэльнага лёну самай высокай якасці).
На фоне разнастайных шлюбных строяў нявест адзенне жаніхоў выглядае проста: у асноўным гэта саламяны капялюш, расшытая кашуля, даматканыя штаны-нагавіцы і, безумоўна, пояс. Ад паўсядзённай вопраткі мужчынскі вясельны касцюм адрозніваўся багатай вышыўкай.
У калекцыі таксама можна знайсці строй і яшчэ аднаго галоўнага персанажа на вяселлі — свацці (у Доме рамёстваў знаходзіцца брэсцкі варыянт вопраткі).
— Свацця традыцыйна лічыцца хуткай, гаварлівай жанчынай, таму ў яе і касцюм адпаведны, — расказвае Алена Барадзейка. — Строй шыўся з таго, што засталося ў працэсе работы — гэта рэшткі тканіны, кавалачкі стужак, таму спадніца, фартушок і кашуля свацці атрымліваліся яркімі і стракатымі. Свацця абавязкова надзявала на галаву намітку, а ўпрыгожваўся гэты ўбор пер’ем пеўня.

Модныя тэндэнцыі на поўдні і поўначы

Лепельская калекцыя ўнікальная ў сваім родзе. Тут знаходзіцца каля 50 нацыянальных строяў беларусаў з самых розных мясцін. Гэта веткаўскі, кобрынскі, лепельскі, расонскі, давыд-гарадоцкі, камянецкі і іншыя касцюмы. Сярод экспанатаў ёсць паўсядзённая і святочная вопратка, летняя і зімовая. Тут таксама прадстаўлены і традыцыйныя галаўныя ўборы беларусаў.
— Перад тым як пашыць новы строй, нашы майстры збіраюць патрэбны метадычны матэрыял: вывучаюць асаблівасці касцюма ў пэўным рэгіёне Беларусі — крой, колеравую гаму, вышыўку, — расказвае дырэктар Дома рамёстваў. — Стварыць нацыянальны касцюм нам дапамагаюць апісанні мясцовых жыхароў, фрагменты адзення, якія мы знаходзім у экспедыцыях, старыя фотаздымкі. Таксама мы супрацоўнічаем з краязнаўчым музеем Лепеля, з музеем ткацтва ў Полацку, карыстаемся даследаваннямі этнографа Міхася Раманюка.  
Паўсядзённае мужчынскае адзенне беларусаў у асноўным складалася з кашулі і штаноў-нагавіц, жаночае — сарочкі, спадніцы і фартушка. Матэрыял быў натуральны — лён ці шэрсць. Аб’ядноўвала традыцыйныя мужчынскія і жаночыя касцюмы беларусаў наяўнасць пояса — своеасаблівага абярэга чалавека. Цікава, што на поўначы нашай краіны паясы былі вузкія, а бліжэй да поўдня — шырэйшыя і мелі больш багатае ўпрыгожванне, у прыватнасці кутасікі (гэта — павеў Украіны). Звычайна на паясах былі ўзоры, якія сімвалізавалі дабрабыт, ураджайнасць і г.д. На Беларусі, дарэчы, існавала болей за 50 тэхнік пляцення паясоў. Лепельскія майстрыхі ўжо авалодалі пяццю з іх.
Можна заўважыць і яшчэ адну тэндэнцыю: чым бліжэй да поўдня нашай краіны, тым вопратка больш багатая на колеры і вышыўку. Праўда, ёсць выключэнні з правіл і ў рамках аднаго рэгіёна. Так, асноўны колер строяў Віцебшчыны — сіні, бо гэта — азёрны край, але традыцыйны лепельскі касцюм — лаканічна белы, бо Лепель з’явіўся на месцы мястэчка Белага.
— Упрыгожваліся строі нашага рэгіёна вельмі сціпла, бо тут пралягаў шлях “з варагаў у грэкі”, таму ў нас дастаткова рана даведаліся пра гарадскую моду. Дзякуючы гэтаму з’явіліся пакупныя тканіны і не было ўжо неабходнасці губляць час на саматканыя строі, — тлумачыць метадыст-майстар Таццяна Аношка.
Цікава, што ў раёнах, бліжэйшых да Літвы, звычайна вышывалі белымі ніткамі нават па белай тканіне, а вось на поўдні Беларусі чамусьці традыцыйнымі былі чорныя ўзоры. Чаму так павялося, і спрабуюць разгадаць супрацоўнікі Лепельскага Дома рамёстваў падчас розных семінараў і экспедыцый.
— У асноўным на вопратцы беларусаў вышываўся чырвоны ромбападобны арнамент, бо ромб — гэта сімвал сонца, — распавядае Таццяна Аношка. — калі ж ромбаў было некалькі, то гэта азначала пажаданне дабрыні, шчасця, росквіту. Вышыўкай упрыгожваліся рабочыя зоны, пры гэтым ачэрчваўся своеасаблівы круг, каб абараніць чалавека ад сурокаў, негатыўных момантаў у жыцці.
І хоць звычайна пры вышыўцы выкарыстоўваўся ромб, на фартушках у вёсцы Губіна чамусьці красуюцца павы. Адкуль тут даведаліся пра гэту дзіўную птушку, выявілася ў час экспедыцыі па Лепельшчыне. Мясцовая бабуля расказала, што пабачыла неяк паўлінаў у пана. Вось ёй і захацелася вышыць гэтых дзіўных птушак на сваім фартушку. З таго часу так і павялося.
У Доме рамёстваў Лепеля давялося пабачыць і паўсядзённы мяшчанскі касцюм, які насілі на Беларусі (ён шыўся з пакупной тканіны). У розных мясцінах камплектнасць мяшчанскага адзення была рознай. Напрыклад, на Лепельшчыне да спадніцы і сарочкі дабаўлялася парчовая камізэлька са шнуроўкай. Яна шылася адзін раз і насілася на працягу ўсяго жыцця. З гадамі жанчына мянялася ў памерах, і тады выручала менавіта шнуроўка. Цікава, што галаўным уборам у гэтым строі служыла карона вышынёй каля 20 сантыметраў. Звычайна яе насілі маладыя жанчыны ў першы год пасля шлюбу.

Ацэнена “Песнярамі”

У звычайным музеі да экспанатаў нельга дакранацца, а ў лепельскай скарбніцы касцюмаў дазволяць нават апрануць беларускі строй і сфатаграфавацца ў ім. Не так даўно вянок лепельскай нявесты з ахвотай прымерала госця з Кітая, а яе сябра нават набыў для сябе галаўны ўбор жаніха — настолькі той спадабаўся. Кніга водгукаў тут перапоўнена падзякамі ад турыстаў з самых розных краін за тое, што лепельскія ўмельцы захоўваюць народныя традыцыі.
Некалькі гадоў таму сюды зазірнуў кіраўнік славутых “Песняроў” Вячаслаў Шарапаў і быў настолькі ўражаны калекцыяй мясцовых майстроў, што заказаў ім пашыць саматканыя касцюмы для салістаў ансамбля. З 2007 года работнікі Дома рамёстваў стварылі для “Песняроў” ужо 13 эксклюзіўных жакетаў і камізэлек. На стварэнне аднаго з іх спатрэбілася каля двух месяцаў, каб наткаць шэсць метраў палатна і пашыць адзенне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter