Прызначэнне вясной мінулага года Уладзіміра Карачэўскага на пасаду дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі для многіх стала нечаканасцю

Адвечная песня тэатра

Прызначэнне вясной мінулага года Уладзіміра КАРАЧЭЎСКАГА  (на здымку) на пасаду дырэктара Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі для многіх стала нечаканасцю. Уладзімір Міхайлавіч не стамляецца паўтараць, што ў гэтай сферы ён чалавек не выпадковы: калі быў першым намеснікам міністра культуры, курыраваў у тым ліку і тэатры. Але, як бы там ні было, адна справа — прыглядаць за імі зверху, і зусім іншая — быць гаспадаром. Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра мы зазірнулі да Карачэўскага па новым адрасе.

— Уладзімір Міхайлавіч, пасля прызначэння ў тэатр вы прызна-ліся, што папрасілі міністра культуры заключыць з вамі, як і з усімі, кантракт на адзін год. Маўляў, з вашым вопытам гэтага тэрміну да-статкова, каб зразумець, ці сваё месца займаеце. Што цяпер скажаце?

— На пасадзе асвоіўся. За гэты час не было ніякіх узрушэнняў, скаргаў ні з боку акцёраў, ні з боку гледачоў. Галоўнае, чаго баяліся, — прыйдзе чыноўнік, адміністратар і ўсё разбурыць. Гэтага не здарылася. У мяне добрыя, дзелавыя адносіны з трупай, калектыў можа рабіць мне заўвагі, звяртаць увагу на моманты, якіх я не заўважаю. Лічу, што разам мы пражылі нядрэнны год.

Са мной працягваюць кантракт, я гэтаму вельмі рады. За гэты год тэатр стаў мне родным, ёсць вялікія планы і стратэгія яго развіцця. Так, не ўсё проста, але мне цікава і камфортна працаваць. Не шкадую, што прыйшоў сюды.

— Не магу не спытаць пра вашага папярэдніка. Калектыў тэатра пісаў лісты ў падтрымку Ігара Сігова, людзі былі гатовыя сысці разам з ім. Чым скончыўся канфлікт?

— Ніхто з тэатра не сышоў. Ігар Аляксеевіч хоць і лічыцца ў штаце Купалаўскага тэатра, але працуе ва ўсіх спектаклях, дзе ён быў заняты раней. Мы і далей згодны працягваць супрацоўніцтва. Больш за тое, мы аднавілі «Адвечную песню», дзе Сігоў іграе галоўную ролю, прычым нават не шукалі яму дублёра. У нас з Ігарам Аляксеевічам добрыя адносіны, няма ніякага супрацьстаяння.

— Адным са сваіх першых крокаў вы заяўлялі аптымізацыю штата супрацоўнікаў. Як прайшоў гэты працэс?

— Усё зрабілі акуратна, далікатна, не крыўдзячы людзей. Што тычыцца творчай часткі калектыву, то яна, наадварот, павялічылася: улілося сем выпускнікоў Акадэміі мастацтваў. Усе падобныя пытанні мы ўзгадняем з мастацкім кіраўніком, трупай. Былі змены ў адміністрацыйнай частцы, абслуговым персанале. Рэарганізавалі некаторыя службы, напрыклад, замест літаратурнай часткі зараз у нас аддзел рэкламы і па сувязях з грамадскасцю. Рэдактары засталіся, але з’явіліся менеджары, якія займаюцца прасоўваннем тэатра.

— Вы абяцалі знайсці пазабю-джэтныя крыніцы на развіццё тэатра і павелічэнне зарплаты акцёрам...

— Думаю, акцёры ўжо заўважылі змены па сваіх кашальках. З лістапада мінулага года спрабуем павялічыць зарплаты за кошт прэміяльных надбавак і матэрыяльнай дапамогі. Да Дня тэатра таксама падрыхтавалі грашовы падарунак.

«Адвечная песня» вярнулася на сцэну ў тым ліку і з дапамогай спонсараў, якія выдзелілі сем тысяч долараў. Дзякуючы ім умацоўваем матэрыяльна-тэхнічную базу, плануем з’ездзіць на гастролі ў Польшчу. Шчыльна працуем з імі, можа, пакуль не ў тым аб’ёме, у якім нам хацелася б, бо зараз ва ўсіх складаная фінансавая сітуацыя.

— Але ў плане творчасці ў ваш адрас ляцяць і крытычныя стрэлы. Людзі заўважылі, што з’явіліся несур’ёзныя праекты, якія шкодзяць іміджу тэатра.

— Я не згодны. Палітыка тэатра з маім прыходам не змянілася, задача — ставіць беларускую драматургію — засталася ранейшай. У мінулым годзе было некалькі годных прэм’ер: «Мабыць», «Кантракт», «Фінт-Круазэ». Так, у нас бываюць камерцыйныя праекты. Але гэтым цяпер займаюцца ўсе тэатры і канцэртныя арганізацыі. Наша «Каляднае рандэву» не рабілася як высокамастацкі твор, які павінен жыць вечна. Гэта быў маркетынгавы ход: святочнае мерапрыемства з элементамі спектакля для плацежаздольнай публікі, якая, можа, ніколі раней і не даходзіла да гэтага тэатра, у тым ліку і па той прычыне, што ён беларускамоўны. Але гэта не значыць, што цяпер такія мерапрыемствы апануюць нашу афішу. Але раз у год — чаму не?

У студзені я сустрэўся з калектывам, ніхто не адмаўляў, што падобныя мерапрыемствы маюць права на жыццё. Калі казаць адкрыта, гэты праект аказаўся нам фінансава выгадным. Але не хачу, каб людзі падумалі, што мы перайшлі ў забаўляльную плоскасць. Наперадзе таксама сур’ёзныя пастаноўкі. Неўзабаве з’явіцца трагікамедыя па п’есе Вячаслава Паніна «Я так і зрабіў», якую ставіць наш акцёр Дзяніс Паршын. Аляксандр Гарцуеў працуе над спектаклем па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага «Каханне людзей». Плюс эксперыменты, якія мы робім з нашым Цэнтрам беларускай драматургіі, іх лабараторыяй.

— Доўгія гады нашы тэатры скардзяцца на адсутнасць якаснай беларускай драматургіі. Ваш працуе пераважна на айчынным матэрыяле. Не сутыкаецеся з такімі праблемамі?

— Не. Да 2016 года прапануем выпусціць анталогію сучаснай беларускай драматургіі. Мы рыхтуем матэрыял, і адзін том ужо дакладна можна выдаць. Рыхтуемся да сур’ёзнай даты — юбілею Францыска Скарыны. Збіраемся правесці нацыянальны конкурс на стварэнне твора аб жыцці і дзейнасці першадрукара і яго паслядоўнікаў. У нас нямала годных драматургаў, у тым ліку маладых, якім па сілах такія задачы.

— Занятасць у Міністэрстве культуры замінала развіццю вашай музычнай кар’еры, зараз не плануеце вярнуцца на сцэну?

— Прымаў удзел у «Калядным рандэву», прычым рабіў гэта бясплатна, па закліку душы. Я выношваю ідэі, ёсць жаданне выйсці на сцэну. Але калі і буду рэалізоўваць свае творчыя амбіцыі, то не на шкоду асноўнай працы. Гэта тэатр беларускай драматургіі, а не музычны. Я павінен ствараць камфортныя ўмовы для акцёраў, займацца папулярызацыяй тэатра, а не ўласнай творчасцю.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter