«Адсюль твой пачатак, і тут твой працяг...»

ЁСЦЬ такія куткі на зямлі, дзе міжволі адчуваеш душэўны ўздым, нейкае своеасаблівае яднанне з прыродай і жаданне абавязкова ўвасобіць гэтыя яскравыя эмоцыі на паперы ці палатне, нават калі дагэтуль прагі да творчасці за сабой не заўважаў. Такія мясціны не толькі вабяць да сябе паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў і музыкантаў, якія ў сваіх творах апяваюць іх прыгажосць, але і самі нараджаюць шмат талентаў. Адзін з такіх куткоў Беларусі — Глыбоччына, чароўны, непараўнальны ні з чым край. На тэрыторыі раёна 106 азёр, кожнае з якіх мае адметную гісторыю і свае таямніцы. Нават у самім Глыбокім іх пяць: Вялікае, Падлазнае, Бяглец, Кагальнае, Мушкат. За гэта горад нават празвалі беларускай Венецыяй. Самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае, — амаль 54 метры глыбінёй, таксама знаходзіцца на Глыбоччыне. Яно, як і возера Белае, аб’яўлена заказнікам.

1. Загадкі і тайны беларускай Венецыі

ЁСЦЬ такія куткі на зямлі, дзе міжволі адчуваеш душэўны ўздым, нейкае своеасаблівае яднанне з прыродай і жаданне абавязкова ўвасобіць гэтыя яскравыя эмоцыі на паперы ці палатне, нават калі дагэтуль прагі да творчасці за сабой не заўважаў. Такія мясціны не толькі вабяць да сябе паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў і музыкантаў, якія ў сваіх творах апяваюць іх прыгажосць, але і самі нараджаюць шмат талентаў. Адзін з такіх куткоў Беларусі — Глыбоччына, чароўны, непараўнальны ні з чым край. На тэрыторыі раёна 106 азёр, кожнае з якіх мае адметную гісторыю і свае таямніцы. Нават у самім Глыбокім іх пяць: Вялікае, Падлазнае, Бяглец, Кагальнае, Мушкат. За гэта горад нават празвалі беларускай Венецыяй. Самае глыбокае возера Беларусі — Доўгае, — амаль 54 метры глыбінёй, таксама знаходзіцца на Глыбоччыне. Яно, як і возера Белае, аб’яўлена заказнікам.

А возера Гінькова славутае сваімі ўнікальнымі для Беларусі прыроднымі пячорамі. А яшчэ таямнічым скарбам. Кажуць, у гэтых мясцінах калісьці жылі дзве сястры. Іх мужы служылі пры двары караля ў Варшаве і не шкадавалі грошай на шыкоўныя падарункі для жонак: залатыя ўпрыгожанні, пярсцёнкі, жэмчуг і каштоўныя камяні. Падчас аднаго з падзелаў Рэчы Паспалітай мужоў арыштавалі. Жонкі, баючыся рэпрэсій, вырашылі схаваць каштоўнасці ў адной з пячор на возеры. Але спачатку яны звярнуліся да мясцовага ведзьмака, і ён зачараваў скарб. Хуткім часам абедзьве сястры памерлі, а іх каштоўнасцей так ніхто і не бачыў. Лічыцца, што гэты скарб пакажацца толькі тым, хто ведае словы замовы, якую наклаў на яго вядзьмак.

Непаўторная прыгажосць, адметныя жывёльны і раслінны свет, старажытныя тайны і легенды — ці не гэта патрэбна творцам для натхнення? Мабыць, менавіта таму Глыбоччына з даўніх часоў станавілася прытулкам для таленавітых людзей. Тут у розныя часы жылі і працавалі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік, гісторык і літаратуразнавец Вацлаў Ластоўскі; акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч Ігнат Буйніцкі; мастак, скульптар, этнограф і археолаг Язэп Драздовіч; польскі пісьменнік, журналіст і сцэнарыст Тадэвуш Даленга-Мастовіч, па творах якога знята любімая многімі мастацкая стужка «Знахар»; прататып усім вядомай Паўлінкі, актрыса, педагог, мемуарыстка Паўліна Мядзёлка; савецкі авіяканструктар Павел Сухі; вядомы беларускі аграном і публіцыст Янка Пачопка і многія іншыя, хто ўнёс значны ўклад у культуру, навуку, літаратуру і мастацтва Беларусі.

Не магло свята беларускага пісьменства абмінуць зямлю, што падарыла Беларусі столькі талентаў, і вось сёлета Глыбокае прымае Дзень беларускага пісьменства і друку. Яшчэ два-тры дні — і з’едуцца сюды шматлікія госці, загучыць родная мова, распачнуцца ўрачыстасці. Акрамя непасрэдна святочных мерапрыемстваў, госці горада наведаюць і славутасці Глыбоччыны. А іх тут досыць: архітэктурныя, гістарычныя, прыродныя.

Цікавы факт, што праз Глыбокае на працягу не аднаго стагоддзя праходзіла мяжа двух ваяводстваў Рэчы Паспалітай, і дзве часткі гэтага мястэчка належалі розным гаспадарам: паўднёва-заходняя, якая ўваходзіла ў Віленскае ваяводства, — Зяновічам, а пасля перайшла да Радзівілаў, паўночна-ўсходняя (Полацкае ваяводства) — Корсакам.

Дарэчы, дзякуючы магнату Язэпу Корсаку, які жыў у канцы XVI — сярэдзіне XVII стагоддзяў, былі пабудаваныя тры самыя прыгожыя храмы на тэрыторыі раёна. Яны лічацца яскравымі ўзорамі віленскага барока. На жаль, найлепшы з іх, храм Беразвечскага базіліянскага манастыра, да нашых часоў не захаваўся. Затое два іншых дзейнічаюць і сёння. Абодва яны стаяць адзін насупраць аднаго на цэнтральнай плошчы Глыбокага. Гэта парафіяльны касцёл Святой Тройцы і былы касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, а сёння — Кафедральны сабор Ражства Найсвяцейшай Багародзіцы. Касцёл ператварыўся ў праваслаўную царкву таму, што за ўдзел у паўстанні супраць царызму кармелітаў, якім пасля смерці Язэпа Корсака быў перададзены храм, ён напрыканцы XIX стагоддзя быў канфіскаваны на карысць праваслаўнага духавенства. У царкве захоўваюцца тры асабліва шануемыя праваслаўнымі вернікамі іконы, падараваныя інакамі з Афонскага манастыра. Гэта іконы Казанскай Божай Маці, Святога Панцеляймона і «Годна ёсць».

У сценах манастыра, пры якім і быў пабудаваны храм (тады яшчэ касцёл), кватараваў Напалеон Банапарт, калі французскія войскі стаялі ў Глыбокім. Ад’язджаючы, французскі імператар нават шкадаваў, што не можа забраць храм з сабой у Парыж — бо ён такі прыгожы, што яму не сорамна было б стаяць побач з Саборам Парыжскай Божай Маці.

Калі плошчу, якая належала Корсакам, упрыгожвалі два велічныя храмы, частка мястэчка Зяновічаў, а пасля Радзівілаў магла ганарыцца ўласным замкам. На жаль, рэшткі яго да нашых дзён не захаваліся. Але па звестках, гэта быў вялізны каменны будынак.

Багатая гісторыя раёна захоўвае мноства тайн і загадак. Амаль кожны будынак ці нават камень — сведка падзей сівой даўніны, і, калі б мог, расказаў бы многае. Узяць хаця б Кафедральны сабор, дакладней, падзямелле пад ім. Калісьці там хавалі памерлых манахаў, пасля — трымалі зняволеных, а ў савецкія часы выкарыстоўвалі як склад. Кажуць нават, што падзямелле сабора спалучаецца тайным падземным ходам з яшчэ адной славутасцю Глыбокага — капліцай XVII стагоддзя, пабудаванай на Копцеўскіх могілках. У адным з дакументаў польскага перыяду, прыкладна 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя, нібыта ёсць успамін, што падземныя хады выкарыстоўваліся для трэніроўкі мясцовай пажарнай часткі. Але дзе ўваход у гэты падземны ход — невядома.

Некалькі легенд ходзіць і пра пабудаваную на могілках калону. Раней лічылася, што яе ўсталявалі французскія войскі ў гонар таго, што занялі мястэчка Глыбокае. Некаторыя мясцовыя жыхары ўзгадвалі легенду пра тое, што на гэтым самым месцы ў старажытныя часы два браты  біліся на дуэлі з-за дзяўчыны. Але на самай справе антычная калона была ўсталявана напрыканцы XVII стагоддзя ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года — асноўнага закона Рэчы Паспалітай. Многіх збянтэжвае тое, што калона размешчана на могілках. Але гэта не зусім так.

— Калі паглядзець на даты на надмагіллях, становіцца зразумела, што раней могілак тут не было, — тлумачыць навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Уладзімір Мірончык. — Калону пабудавалі проста на высокім узгорку побач з мястэчкам. Але з цягам часу могілкі сталі паступова пашырацца і нарэшце дасягнулі калоны.

Зараз яна стаіць пасярод могілак, а на яе вяршыні звілі гняздо буслы.

Але, бадай, самая таямнічая славутасць Копцеўскіх могілак — гэта магіла… барона Мюнхгаўзена. Недалёка ад капліцы стаіць металічны крыж з надпісам па-нямецку: «Фердынанд Вільгельмін фон Мюнхгаўзен». І з адваротнага боку: «памерлы 31 сакавіка 1878 года». На жаль, сенсацыі не атрымаецца: гэта не той самы Мюнхгаўзен.

Справа ў тым, што прататып вядомага ўсім літаратурнага персанажа Іеранім Карл Фрыдрых фон Мюнхгаўзен памёр амаль за сто гадоў да гэтага, у 1797 годзе ў Германіі. Але хто ж тады «глыбоцкі» Мюнхгаўзен? Прозвішча такога сярод мясцовых жыхароў ніколі не сустракалася. А паколькі на крыжы стаіць толькі дата смерці без даты нараджэння, можна выказаць здагадку, што чалавека, які памёр у Глыбокім у сакавіку 1878 года, мясцовыя жыхары не ведалі. Хутчэй за ўсё гэта быў заезджы падарожнік. Але верагодна, што ён усё ж мае дачыненне да славутага літаратурнага барона. Бо, калі верыць біёграфам, род Мюнхгаўзенаў пайшоў усяго ад аднаго чалавека, былога манаха, які вярнуўся ў свет, а значыць, усе Мюнхгаўзены ў той ці іншай ступені родзічы.

Не толькі Глыбокае можа ганарыцца сваімі славутасцямі. На тэрыторыі раёна таксама ёсць шмат цікавых і прыгожых мясцін. За дваццаць кіламетраў ад райцэнтра знаходзіцца невялічкая вёска Мосар, вядомая, бадай, кожнаму жыхару Беларусі дзякуючы мясцоваму ксяндзу Юозасу Бульку, які, на жаль, два гады таму пайшоў з жыцця. Пры касцёле Святой Ганны ксёндз стварыў унікальны ландшафтны парк з экзатычнымі раслінамі, прыгожымі фантанамі, шматлікімі скульптурамі, сярод якіх ёсць дакладныя копіі самых вядомых сусветных твораў.

Сам касцёл Святой Ганны з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. Ён пабудаваны ў неакласічным стылі ў 1792 годзе на грошы ўладальнікаў вёскі Мосар Роберта і Ганны Бжастоўскіх. Шматлікія паломнікі заўсёды імкнуцца прыкласціся да мошчаў Святога Юсцініяна, якія захоўваюцца ў касцёле з 1838 года. Мошчы лічацца гаючымі, акрамя таго, у іх можна папрасіць міру і спакою для сябе і сваіх родных.

У вёсцы Пліса знаходзіцца прадмет культу хрысціянскай рэлігіі — старадаўні крыж, высечаны з гранітнага валуна. Спецыялісты адносяць яго да позняга сярэднявечча (XV—XVIII стагоддзі). Дарэчы, падобныя сімвалы веры захаваліся і ў іншых населеных пунктах Глыбоччыны — вёсках Бабруйшчына, Кішы, Івесь. А менавіта гэты грыж быў усталяваны побач са старым Альгердавым трактам, які праходзіў праз мястэчка Пліса і аб’ядноўваў Вільню, Глыбокае, Полацк, Віцебск і Смаленск. У 2007 годзе ў гонар 500-годдзя вёскі крыж быў урачыста перанесены і ўсталяваны насупраць царквы Святой Параскевы Пятніцы.

Вядома ж, гэта далёка не ўсе славутасці, якія можна сустрэць на Глыбоччыне. Гэта зямля багатая на іх як у прамым, так і ў пераносным сэнсе. Толькі ў апошнія месяцы будаўнікі, якія рыхтавалі горад да свята, адкапалі вялізны звон, выраблены ў 1882 годзе. Акрамя таго, каля будынка гасцініцы былі знойдзены рэшткі цаглянай кладкі, якая, магчыма, з’яўляецца фрагментам сцяны былой сінагогі, што стаяла тут літаральна да трыццатых гадоў мінулага стагоддзя.

Цікава, якія таямніцы яшчэ хавае ад нас Глыбоччына?..

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота аўтара і з архіва Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея

(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter