Прафілакторыі краіны распрацоўваюць пяцідзённыя туры для замежнікаў

Адпачнi на пяць

Прафсаюзныя санаторыі распрацавалі праграмы 5-дзённага знаходжання гасцей з-за мяжы.

З 12 лютага грамадзяне 80 краін свету будуць мець магчымасць 5 дзён правесці ў нашай краіне без афармлення візы. Для іх і прызначаны новыя прапановы па адпачынку і лячэнні.

Многія здраўніцы прапануюць спа-працэдуры.
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Санаторна-курортнае лячэнне дае доўгачасовы станоўчы эфект, калі працягваецца не менш за 10—12 дзён. Але ёсць і вартыя ўвагі прапановы, разлічаныя на пяць дзён: можна прайсці дыягностыку або курс спа-працэдур. Юрый Чарнуха, генеральны дырэктар «Белпрафсаюзкурорта», лічыць, што гэтага часу дастаткова таксама для таго, каб апрабаваць тую ці іншую праграму лячэння і зразумець, ці падыходзіць яна чалавеку. А ўжо потым прыехаць зноў і прайсці поўны курс.

У рамках пяцідзённай праграмы знаходжання санаторыі гатовы прапанаваць гасцям кароткатэрміновыя аздараўляльныя туры.

У санаторыі «Крыніца» лёгка дыхаецца.
Фота Артура ПРУПАСА

— Можна прайсці абследаванне, фізіятэрапію па рэкамендацыях урача, спа-працэдуры, рэлаксіруючы, антыстрэсавы масаж, ды нават проста выспацца на свежым паветры, згадзіцеся, гэта таксама вельмі важна, — сцвярджае Марыя Шут, начальнік аддзела маркетынгу санаторыя «Крыніца». — У нас ёсць выдатная стаматалогія, дыягнастычнае абсталяванне, уласная лабараторыя, якая праводзіць да 40 відаў аналізаў. У наяўнасці вельмі добрыя апараты ўльтрагукавога даследавання, якія абслугоўваюць выдатныя спецыялісты. Асабліва ганарымся апаратам УГД для вен.

Замежныя госці складаюць каля 70 працэнтаў наведвальнікаў санаторыя. Тут адпачываюць грамадзяне Японіі, Германіі, Ізраіля, краін Прыбалтыкі і нават Аўстраліі. На думку Марыі Мікалаеўны, іх вабяць унікальныя мінеральныя крыніцы. 

Дзеці на адпачынку таксама не засумуюць.
Фота БЕЛТА

У санаторыі «Чонкі» пад Гомелем замежнікаў крыху менш, у асноўным гэта суседзі-расіяне, але ёсць і госці з Ізраіля, Германіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Адметнасцямі здраўніцы Таццяна Сушчонак, адміністратар па медыцынскіх паслугах, лічыць кошт, якасць паслуг і харчаванне. Да таго ж у санаторыі маецца ўнікальны апарат ультрагукавога даследавання, які выяўляе колькасць кальцыю ў арганізме і здольны дыягнаставаць астэапароз. Акрамя таго, тут робяць інвазіўнае (бяскроўнае) даследаванне крыві. За пяць дзён можна таксама прайсці курс лячэння ў касметалагічным кабінеце, лімфадрэнажу, антыцэлюлітнага масажу, расслабіцца ў спа-капсуле або ў гразевых ваннах. 

Такім чынам, ёсці надзеі, што нашы здраўніцы маюць рацыю, калі не толькі спадзяюцца на прыток турыстаў, але і прадпрымаюць дадатковыя захады, каб зацікавіць замежнага госця.

nevmer@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter