Адной любовi мала...

Сёння — Мiжнародны дзень роднай мовы У далёкай трапiчнай краiне, назва якой — Бангладэш, роўна пяцьдзесят пяць год назад здарылася падзея, якая для жорсткага, але ўсё ж як-нiяк цывiлiзаванага дваццатага стагоддзя выглядае зусiм нецывiлiзавана i нават жудасна. Там пяцярых маладых людзей — а яны сапраўды былi маладыя, бо былi студэнтамi — забiлi толькi за тое, што яны хацелi вучыцца на сваёй роднай мове i выйшлi адстойваць свае правы на вулiцу. Зрэшты, любы больш-менш дасведчаны ў найноўшай сусветнай гiсторыi чалавек можа сказаць, што нiчога жудаснага ў тым няма: у краiнах, якiя стагоддзямi былi калонiямi магутных еўрапейскiх дзяржаў, а пасля раптам атрымалi ад "гаспадароў" незалежнасць, чаго толькi ў першыя самастойныя гады не рабiлася.

Што ж датычыцца здарэння ў далёкай Бангладэш, можна без залiшняй патэтыкi сказаць, што ахвяра тых маладых патрыётаў была недарэмнай. Мова бангла, за якую яны загiнулi, цяпер у краiне носiць статус дзяржаўнай. Штогод на галоўнай плошчы iхняй сталiцы ў гэты дзень збiраецца некалькi тысяч чалавек. Яны прыходзяць на плошчу басанож — у знак жалобы, памяцi i павагi да тых, хто дзеля iдэi не пашкадаваў свайго жыцця. А ў 2000 годзе па прапанове iх краiны ЮНЕСКА абвясцiла 21 лютага Мiжнародным днём роднай мовы. Зроблена гэта для таго, каб звярнуць увагу грамадскасцi найперш на мовы, якiя знаходзяцца пад пагрозай знiкнення (а iх у свеце налiчваецца каля трох тысяч). Крытэрый, паводле якога мова трапляе ў такi жалобны спiс, надзiва просты i, па сутнасцi, аб’ектыўны: калi ў той цi iншай супольнасцi яе перастаюць вывучаць больш як трыццаць працэнтаў дзяцей...
Атрымлiваецца, беларусам за сваю мову нават у гэты дзень хвалявацца i з трывогай думаць пра яе няма чаго. Мова дзяржаўная, вывучаецца ў кожнай школе... Лепш, калi ўжо згадалi, што ёсць такi дзень, пагаварыць пра алеуцкую, на якой у суседняй Расii сёння размаўляе не больш за дзесяць чалавек, цi пра далёкую Афрыку — там на мяжы знiкнення апынулiся больш за дзвесце пяцьдзесят моў...
I ўсё ж давайце сёння пра сваю родную, пра беларускую. Балазе, нагода ёсць — свята ў яе, як-нiяк. А яна, беларуская, сапраўды родная для большасцi грамадзян нашай краiны — прынамсi, як паказаў апошнi перапiс 1999 года, такой яе лiчаць 74 працэнты апытаных. Праўда, мовай штодзённага ўжытку беларуская ўжо, паводле таго ж перапiсу, з’яўляецца толькi для 30 з невялiкiм працэнтаў... Парадокс, якi ў нашым двухмоўным грамадстве тлумачыцца вельмi проста. “Я жыву ў Беларусi, лiчу сябе беларусам, калiсьцi бабуля калыханку спявала па-беларуску, значыць, родная мова беларуская, я яе павiнен любiць i разумець. А размаўляць буду на той, на якой зручней, да якой прывык, якую зразумеюць у любой кампанii, у краме, на вулiцы, i не будуць здзiўляцца i паказваць пальцам”... Прызнайцеся самi сабе: многiя ж так думалi, калi адказвалi на пытаннi перапiсчыкаў. Цi варта ж здзiўляцца, па логiцы, дзiўнаму несупадзенню: роднай мовай лiчаць беларускую тры чвэрцi грамадства, а гаворыць на ёй толькi трэць.
У прынцыпе гаварыць можна на якой заўгодна мове — у дэмакратычным грамадстве гэта адна з галоўных свабод, i гэта вельмi добра, што мы яе маем. Але любiць i лiчыць родным некага цi нешта — гэта не проста канстатацыя факта, гэта яшчэ i адказнасць, i клопат,
i жаданне, каб аб’екту любовi i роднасцi было добра. Толькi тады словы i лiчбы ператворацца ў нешта рэальнае. А пакуль прызнаемся самi сабе: нашы дзецi (асаблiва ў гарадах) нярэдка па-англiйску гавораць i разумеюць лепш, чым па-беларуску. Тра-пiўшы ў беларускамоўны тэатр, яны шумяць не з-за нявыхаванасцi, як мы лiчым, — яны проста не разумеюць рэплiкi акцёраў, сказаныя на роднай, але незразумелай iм мове, i перапытваюць адзiн у аднаго. Перад экзаменам па лiтаратуры яны чытаюць творы беларускiх пiсьмен-нiкаў у рускiм перакладзе, бо iм так лягчэй здаваць... I, што самае дзiўнае, — калi праз два гады да iх, ужо дарослых, прый-дзе перапiсчык i запытае пра тое, якую мову яны лiчаць роднай, большасць з iх, не задумваючыся нi на хвiлiну, адкажа: канешне, беларускую. I мы зноў атрымаем вельмi заспакаяльную для беларускай мовы статыстыку, з палёгкай будзем гаварыць пра тое, што становiшча адной з дзяржаўных моў у нашым грамадстве не выклiкае нiякай трывогi — лiчбы пра тое сведчаць.
Можна прымаць колькi заўгодна законаў аб абароне мовы (а яна ў нас абаронена Канстытуцыяй), можна выдаваць колькi заўгодна цiкавых кнiжак на ёй, круцiць на ёй па тэлебачаннi шмат займальных перадач, але пакуль кожны з нас не зразумее, што мове, якую лiчыш роднай, патрэбна яшчэ i рэальная, асабiстая, ад кожнага з нас, падтрымка, усё будзе так, як ёсць сёння. Статыстыка будзе сведчыць адно, а насамрэч, у жыццi, усё будзе выглядаць, мякка кажучы, зусiм iнакш.
Нiчога страшнага? Магчыма. Толькi аднойчы можа здарыцца так, што перакласцi рэплiку, пачутую на роднай незразумелай мове ў тэатры, нiхто не здолее...

 У тэму Мiжнародны дзень роднай мовы адзначыць 21 лютага творчым вечарам “Радасць слова” Дзяржаўны лiтаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, паведамляе БЕЛТА. Вечар прадоўжыць цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння беларускiх класiкаў Янкi Купалы i Якуба Коласа.
На сустрэчу ў музеi запрошаны вучоныя, даследчыкi, паэты, пiсьменнiкi, журналiсты. Госцi змогуць стаць удзельнiкамi прэзентацыi зборнiка доктара фiлалагiчных навук, прафесара Арнольда Мiхневiча “Колас дапамагае, радзiць, смяецца”. Вучоны шмат вывучаў творчасць песняра, мову твораў Якуба Коласа. У манаграфii сабраны выслоўi, крылатыя фразы, аўтарскiя прыказкi з розных тэкстаў песняра. Вершы на роднай мове прачытаюць Навум Гальпяровiч i прадстаўнiк сучаснай гарадской паэзii Вiктар Жыбуль. У выкананнi мастацкага калектыву “Жыцень” сталiчнай гiмназii № 23 прагучаць каларытныя беларускiя музычныя творы.
У Дзяржаўным лiтаратурна-мемарыяльным музеi Якуба Коласа падрыхтавана выстаўка рарытэтных выданняў 1920-х гадоў па розных напрамках развiцця беларускай мовы. З фондаў музея будуць прадстаўлены даведнiкi, слоўнiкi, метадычная лiтаратура, выдадзеная ў пачатку мiнулага стагоддзя на аснове матэрыялаў Iнстытута беларускай культуры — папярэднiка Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. На выстаўцы можна будзе ўбачыць у тым лiку i працы Якуба Коласа i Янкi Купалы — паэты ў свой час працавалi ў Iнбелкульце.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter