Как живет школьник Тимур Смык, потерявший кисть руки из-за травмы

Адной левай

Ад жыцця інваліда здаровага чалавека часам аддзяляе ўсяго адно імгненне. Менавіта так здарылася з гомельскім хлопчыкам Цімурам. Два гады таму небяспечная гульня пазбавіла яго кісці. Цімуру тады было дзевяць. Старэйшыя дзеці далі сябру петарду, а тая раптам узарвалася ў яго руцэ…

Ракавая выпадковасць

З таго часу сям’я Смык прайшла вельмі доўгі шлях. Бальніца, аперацыя, раэбілітацыя, пратэзы. Дарэчы, на пратэзы грошы збіралі ўсім светам. Але іх прыходзілася раз за разам мяняць. У выніку Цімур прызвычаіўся абыходзіцца і ўвогуле без штучных прыстасаванняў. Мы адправіліся ў госці да Смыкаў, каб даведацца, як зараз жыве сям’я, аб трагедыі якой некалі даведалася ўся Беларусь.

…Вуліца, на якой жыве Цімур і яго сям’я, напэўна, адна з самых вузкіх у Гомелі. Двум аўтамабілям дакладна не раз’ехацца. Утульная звілістая дарожка прыватнага сектара вядзе да вялікага, засыпанага пушыстым снегам дома. З ланцуга рвецца сабака, злуючыся на незнаёмцаў. Затое гаспадары гасцінна расчыняюць перад намі дзверы. Бабуля пры нашым з’яўленні адводзіць малодшых унукаў у другі пакой, каб не шумелі. Смыкі, дарэчы, сям’я ў Гомелі дастаткова вядомая. У Вольгі і Ігара — пяцёра сыноў. Цімур — сярэдні. Старэйшаму Фадзею ўжо дзевятнаццаць, малодшаму Серафіму споўнілася чатыры. Два гады таму Вольга атрымала ордэн Маці. Такая важная і радасная падзея супала з сямейнай трагедыяй — якраз у тыя дні з Цімурам здарыўся няшчасны выпадак. Гэты жах бацькі перажывалі стойка, мужна, імкнучыся не паказваць сыну, як ім страшна і незразумела, — што з Цімурам бу­дзе далей, тады ніхто не ведаў. Але дзякуючы прафесіяналізму медыкаў і неабыякавасці людзей атрымалася літаральна за пару месяцаў прыйсці да прыняцця новых умоў жыцця. Наперадзе быў яшчэ адзін выклік: як Цімура прымуць у школе.

— І гэты этап быў паспяхова пераадолены, — расказвае Вольга. — Але аказалася, што з пратэзам увесь дзень хадзіць цяжка. А без яго Цімур у школе камплексаваў, таму апранаў такія рэчы, каб нельга было адразу заўважыць, што няма кісці. І дарма, бо аднакласнікі з самага пачатку ведалі пра здарэнне. Яны прыхо­дзілі да яго ў бальніцу, падтрымлівалі, спачувалі. У свой клас вяртацца не было страшна. Але ж у школе розныя дзеці — маглі б абзываць яго. На шчасце, ніхто Цімура не абражаў, ніхто пальцам не тыкаў. Наадварот, многім было цікава паглядзець, як ён кіруе біянічным пратэзам — гэта ж як у кіно. Нават зайздросцілі. Але ж не дай бог такое!..

— Яшчэ мы вельмі перажывалі, што ў Цімура будуць праблемы са слыхам, — далучаецца да размовы бацька. — Падчас выбуху разарвалася барабанная перапонка. Думалі, трэба рабіць складаную аперацыю, але хаця б тут нам пашанцавала, калі можна так сказаць. Перапонка зарасла самастойна.

Нечаканыя перашкоды

Пакуль мы гутарым з бацькамі, на кухню забягае Цімур:

— Можна, я зраблю сабе яечню?

Вольга спяшаецца дапамагчы сыну, але хлопчык упэўнена кажа, што зробіць усё сам. І вось праз некалькі імгненняў на патэльні апетытна сквір­чыць яечня. Маці з гонарам гля­дзіць на Цімура:

— Ён вельмі хутка асвоіўся ў жыцці з адной рукой. Ёсць, зразумела, справы, якія выканаць без пратэза нельга. Але ж большасць яму па сілах і так. Цімур сам робіць сабе бутэрброды, вось, як бачыце, яечню можа прыгатаваць. У побыце нам дапамагае, пыласосіць. А пісаць левай рукой ён навучыўся літаральна праз месяц пасля здарэння.

— Тата, я пакажу сваю бегавую дарожку! — Цімур працягвае бацьку адзін са сваіх пратэзаў, каб той дапамог моцна прыкруціць яго.

Без гэтага займацца на трэнажорах нязручна. Затое самба и боксам можна. На барацьбу Цімур запісаўся яшчэ да траўмы.

— І зараз нічога не змянілася. Наадварот, жаданне прысвяціць жыццё спорту стала яшчэ мацнейшым, — кажа Ігар Смык. — Цімур хо­дзіць на трэніроўкі шэсць разоў на тыдзень. Вяртаецца са школы, закідвае сумку за плечы — і ўперад. Туды паўтара кіламетра і назад. І ўсё, здавалася б, добра. Але ж мы сутыкнуліся з вялікай праблемай. Інваліднасць сына закрыла яму дзверы да спартыўнай будучыні. Мы не можам прайсці медкамісію для ўдзелу ў любых спаборніцтвах. Кажуць, гэта небяспечна. Прапаноўваюць плаванне альбо тэніс. Але Цімур хоча займацца барацьбой.


Ігар паказвае нам у тэлефоне шматлікія ролікі з сусветных спаборніцтваў, дзе ў спартсменаў таксама адстунічае адна канечнасць ці нават дзве.

— Бачыце? Якая тут небяспека? Людзі без рук і ног спаборнічаюць са здаровымі і нават перамагаюць. Для іх гэта такая вялікая і, можа, адзіная матывацыя рухацца наперад. А Цімуру забаранілі. Але ж мы не стаім на месцы, стукаем у розныя дзверы. Можа, і атрымаецца даказаць, што наш сын мае права на будучыню?

— Мару стаць трэнерам па боксе! Я вельмі шмат трэніруюся, раблю ўсё, што мне кажуць, у мяне добрыя вынікі. Але ж без спаборніцтваў нічога не атрымаецца, — засмучана апускае галаву Цімур. — А ва Украіне, я бачыў на спартыўным канале, ёсць трэнер без рукі. І я хачу, як ён.


Дарэчы, пасля траўмы з Цімура перасталі браць плату за спартыўныя заняткі. Трэнер аказаўся вельмі чалавечным. Палічыў, што хлопцу і так у жыцці дасталася. А яшчэ ён адаптаваў заняткі для Цімура такім чынам, каб яму ва ўсім было зручна. Такі індывідуальны падыход патрабуе часу, але, прыемна адзна­чыць, перавагу трэнер аддаў не яго эканоміі, а годнай і добрай справе. І сям’я Смык за гэта вельмі ўдзячная.

У некаторых суседніх краінах, дарэчы, развіваецца адаптыўны бокс. Такім відам спорту займаюцца нават на інвалідных калясках.

— У нашага старэйшага сына Фадзея — таксама інваліднасць. Яму выдалілі адну нырку, — дзеліцца сямейнымі праблемамі Вольга. — Ён хацеў стаць прафесійным футбалістам. Але мы разумелі, што такі спорт сапраўды для яго небяспечны. Што да Цімура, то для яго заняткі боксам ці самба і ўдзел у адпаведных спаборніцтвах не маюць ніякай рызыкі. Мы так лічым. Максімум — прайграе. І што з гэтага? Затое будзе ведаць, да чаго далей імкнуцца. У Цімура здольнасці да заняткаў барацьбой. Ён вынослівы, цярплівы. Спорт — яго шанс на паўнавартаснае, самастойнае і незалежнае жыццё. Мы ж не будзем жыць вечна. І зноў жа — Цімур падчас трэніровак часта перамагае сваіх здаровых аднагодак. А чым, па сутнасці, спаборніцтвы адрозніваюцца ад звычайнай трэніроўкі?

Жаданне марыць і жыць

На жаль, часта так здараецца, што пасля сур’ёзнай траўмы чалавек нібыта перастае існаваць. Яго свет скарачаецца да кватэры і самых блізкіх людзей. І так можа цягнуцца ўсё далейшае жыццё. Вярнуць такім дзецям і дарослым жаданне жыць, марыць, даць падтрымку і ўпэўненасць у сваёй запатрабаванасці — абавязак дзяржавы.

У Беларусі для інклюзіі лю­дзей з інваліднасцю робіцца ўсё больш. Гэта вялікая колькасць сацыяльных праграм і праектаў, развіццё паралімпійскіх відаў спорту, уладкаванне безбар’ернага асяроддзя. Хочацца верыць, што і перад Цімурам раскрыюцца тыя дзверы, якія прывядуць яго да мары. Магчыма, праз дзясятак гадоў сярод спартыўнага трэнерскага саставу з’явіцца і яго імя.

НАША ДАВЕДКА

Асноўная задача адаптыўнага спорту — фарміраванне спартыўнай культуры інваліда, далучэнне яго да грамадска-гістарычнага вопыту ў гэтай сферы, асваенне мабілізацыйных, тэхналагічных, інтэлектуальных і іншых каштоўнасцей. Адаптыўны спорт накіраваны на фарміраванне ў інвалідаў высокага спартыўнага майстэрства і дасягнення імі найвышэйшых вынікаў у разнастайных дысцыплінах падчас спаборніцтваў з людзьмі, якія маюць аналагічныя праблемы са здароўем.

Арына Янава,

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter