Адкуль бяруцца грошы

Карэспандэнт “НГ” “пранік” у сховішчы Нацыянальнага банка і выведаў таямніцы стварэння беларускіх манетУ нашых кашальках і кішэнях няма ні капейкі — мы не разлічваемся металічнымі грашыма ў крамах з савецкіх часоў, уся драбяза — папяровая. Але свае “жалезныя” рублі Беларусь усё ж мае. Гэта памятныя манеты Нацыянальнага банка. Чаканяць іх невялікім накладам. А некаторыя каштуюць дужа вялікіх грошай.

Справа нявыгадная, але прэстыжная
Людзі, якія “робяць грошы”, не надта гаваркія. Многае з таго, што яны ведаюць, складае дзяржаўную тайну. Але тое-сёе ўдалося ў іх выпытаць. У тым ліку я знайшоў адказ на пытанне, якое, мабыць, турбуе кожнага беларуса дый замежнага турыста: чаму ў нашай краіне манеты не выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым абарачэнні? Тым часам Цэнтрабанк саюзнай Расіі на пачатку красавіка аб’явіў, што неўзабаве заменіць дзесяцірублёвыя купюры на манеты аналагічнай вартасці. А што ж мы? Беларускія дзесяць рублёў даўно не адпавядаюць рэчаіснасці: і памер купюры меншы за ўсе іншыя, і выява неактуальная — стары будынак Нацыянальнай бібліятэкі...
— Пакуль што ўвядзення ў абарачэнне манет не прадбачыцца, — адказаў Уладзімір Сокал, начальнік Галоўнага ўпраўлення эмісійна-касавых аперацый Нацыянальнага банка. — Даволі дорага цяпер вырабляць металічныя грошы, асабліва дробных наміналаў.
Эканамічны разлік зразумелы. А як жа традыцыя — кінуць манетку на шчасце?
— Прэстыж і традыцыя сапраўды абавязваюць, — згадзіўся Уладзімір Мікалаевіч. — Таму ў 1996 годзе наша краіна і пачала чаканіць уласныя манеты. Але толькі памятныя. За трынаццаць год мы маем іх ужо 126. Аднак ствараць свой манетны двор немэтазгодна. Каб сабраць усё неабходнае абсталяванне для чаканкі грошай, патрэбны вялікія выдаткі. Нам прасцей выконваць заказы за мяжой. Зрэшты, уласныя манетныя двары маюць далёка не ўсе дзяржавы.
Манетныя двары суседніх краін выжываюць толькі дзякучы экспарту паслуг суседзяў. Беларусь — акурат такі сусед. Мы робім заказы на выраб манет у Літве, Польшчы, Расіі, Германіі і нават у Казахстане. Першая беларуская манета, выдадзеная ў канцы 1996 года з нагоды 50-годдзя Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, была адчаканена ў Вялікабрытаніі.
15 мільёнаў за тысячарублёўку
Штогод амерыканскае выдавецтва “Краўзэ паблікейшнз” праводзіць міжнародны конкурс “Манета года”. Гэтае спаборніцтва лічыцца найбольш прэстыжным у свеце нумізматаў і банкаўскіх работнікаў. Сёлета перамагла мангольская манета. Беларусь атрымала дзве з адзінаццаці іншых узнагарод. “Найлепшай каралеўскай манетай” былі прызнаны “20 рублёў”, прысвечаныя Масленіцы, а “Найбольш натхняльнай манетай” журы назвала “1000 рублёў” з выявай Крыжа Еўфрасінні Полацкай.
Беларусь разам з Ізраілем — адзіныя краіны, ад якіх у журы конкурсу “Краўзэ паблікейшнз” уваходзяць прадстаўнікі нацыянальных банкаў.
— У першы ж год удзелу нашай дзяржавы ў спаборніцтве (2005-ы) Беларусь узяла першае месца, — ганарыцца і сваім укладам у перамогу Уладзімір Сокал, член журы. — Тытул “Манета года” атрымала сярэбраная сторублёўка “Беларускі балет”. Попыт на нашы манеты ў свеце тады ўзрос у некалькі разоў. Нацыянальны банк у 2006 годзе перавыдаў “Беларускі балет” наміналамі 10, 200, 1000 рублёў у золаце. Тысячарублёўка цяпер — самая дарагая памятная манета, у сувенірным футарале яна каштуе 15 мільёнаў рублёў.
Намінал і рэальны кошт не супадаюць па зразумелых прычынах — на “нацэнку” ўплывае дарагоўля каштоўнага металу. Звычайна беларускія манеты вырабляюцца з меднанікелевага сплаву, серабра, золата.
З паперы на метал
Манету “Беларускі балет” стварыла Святлана Заскевіч. Разам са Святланай Някрасавай і Аксанай Навасёлавай яны лічацца “штатнымі” мастачкамі Нацыянальнага банка. Дзяўчаты — выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Як трапілі ў банк? У чымсьці пашанцавала. Бо калі банк звярнуўся ў акадэмію дзеля пошуку мастакоў, былі прапанаваны розныя кандыдатуры, а засталіся тры красуні.
І ўсё ж, нягледзячы на прыгажосць паненак, чаму не паклікалі на работу ўжо вядомых майстроў, а прынялі яшчэ “зялёных” учарашніх студэнтак? — пытаюся ў спадара Сокала.
— Мы так свядома зрабілі, — тлумачыць Уладзімір Мікалаевіч. — Дзяўчаты мысляць арыгінальна, нешаблонна, па-сучаснаму і адначасова спакойна прыслухоўваюцца да парадаў. Творча і якасна робяць работу. На жаль, з мэтрамі цяжэй — у іх сфарміраваўся ўжо пэўны канон, і адступаць ад яго яны не будуць. Банку ж патрэбен цалкам арыгінальны стыль. Нашы супрацоўніцы здолелі яго стварыць. Мабыць, таму беларускія манеты — найбольш папулярныя ў свеце калекцыянераў.
Тэмы манет зацвярджае Савет дырэктараў Нацыянальнага банка. Паколькі металічныя грошы адюстроўваюць сюжэты з гісторыі, спорту, прыроды Беларусі, то свае прапановы ўносяць навукоўцы з акадэміі навук, прадстаўнікі міністэрстваў.
Мастачкі нараджаюць ідэі будучых кампазіцый у сваіх фантазіях, малююць экскізы манет на паперы, а цяпер найчасцей на камп’ютэры. Затым формы будучых грошай лепяцца з пластыліну, адліваюцца ў гіпсе або воску. І, нарэшце, выява пераносіцца на так званы эталонны інструмент. З яго малюнак штампуецца на манетным двары.
Знаёмы почырк
Зблытаць беларускія манеты з нейкімі іншымі немагчыма не толькі таму, што кожную з іх вянчае дзяржаўны герб і надпісы выкананы на нашай мове. Нашы манеты — штучны тавар на нумізматычным рынку. Бо дзяўчаты-дызайнеры робяць сапраўдныя “штукі”, як калісьці называлі шэдэўры мастацтва.
Кожная манета мае сваю гісторыю, якую не ведае ніхто, апрача яе стваральнікаў. Святлана Заскевіч стварыла некалькі манет з выявамі першых беларускіх князёў. Але паколькі фатаграфій і нават малюнкаў Глеба Менскага (гл. фота ўверсе) або Давыда Гарадзенскага не існуе, давялося разам з вучонымі ўзнаўляць абліччы славутых дзеячаў літаральна па міліметры — ад шлемаў да разрэзу вачэй. Дызайнер стала на нейкі час і гісторыкам, і антраполагам, і... археолагам.
На некаторых манетах можна разгледзець рысы і саміх “аўтарак” грошай.
У лютым наступнага года на нумізматычнай выставе ў Берліне будуць уручацца ўзнагароды за лепшыя манеты года. Беларусы таксама паедуць па свае лаўровыя вянкі. У эпоху фінансавых катаклізмаў прызнанне якасці нашых манет надае аптымізму.

Кілаграмовая рэліквія

Еўфрасінні Полацкай ужо тройчы прысвячаліся манеты. Першая выйшла ў 2001 годзе, у 900-годдзе з дня нараджэння Прападобнай. Для стварэння манеты Святлана Заскевіч пайшла... у манастыр. Нейкі час давялося пажыць сярод паслушніц, каб перадаць у метале вобраз святой. Эскіз, дарэчы, пасля асабіста асвячаў мітрапаліт Філарэт.
Другая манета выйшла ў 2007 годзе — “Крыж Еўфрасінні Полацкай” (на здымку). Паводле наміналу, яна каштуе 1000 рублёў, але фактычная цана — 4 мільёны 146 тысяч 950 рублёў. Гэта найцяжэйшы грашовы знак — важыць роўна адзін кілаграм. Чаканілі манету ў Маскве, а залаты крыж на рэверсе рабілі ўручную майстры-ювеліры. Тыраж манеты складае ўсяго дзве тысячы экземпляраў, і пакуль што не ўвесь наклад адчаканены, хаця год выхаду — 2007-ы.
Трэцяя манета з’явілася ў 2008 годзе. Адчаканена ў серыі “Праваслаўныя святыя” з серабра і золата, наміналамі 10 і 50 рублёў, фактычны кошт — 650 тысяч рублёў.

Парада для ашчадных Рабіце ўклады ў валюце. “Жалезнай”!

Не ведаеце, у якой валюце захоўваць зберажэнні? А спрабавалі ў рублях? Не, не ў папяровых, чый курс не стаіць на месцы, прычым не толькі расце, але і падае. Паспрабуйце ўкласці грошы ў “жалезныя”. Яны прадаюцца ў спецыялізаваным упраўленні Нацыянальнага банка ў Мінску, у галоўных упраўленнях у сталіцы і ўсіх абласных гарадах, а таксама ў аддзяленнях галоўных упраўленняў у Бабруйску, Баранавічах, Барысаве, Драгічыне, Жлобіне, Лідзе, Маладзечне, Мазыры, Оршы, Пінску, Полацку. Нагадваем: калекцыйныя манеты на рынку чым больш рэдкія, тым больш каштуюць. І з часам цана іх толькі расце.

 

Нябесныя знакі

Сёлета Нацыянальны банк запланаваў да выдання пад трыццаць найменняў памятных манет. А спачатку ж у год чаканіліся толькі тры-чатыры новыя назвы. Найбольш прыкметная з сёлетніх серый — “Знакі задыяка”. Манеты парадуюць не толькі калекцыянераў, але стануць выдатным падарункам на дні нараджэння блізкім. Эскізы ўжо гатовы. Адметнасць гэтых манет — устаўкі з каменьчыкаў. Найбольш цікавая манета — “Блізняты”: у ложку спяць два хлапчукі, у аднаго вочы заплюшчаны, а ў другога — гараць блакітам уманціраваных каменьчыкаў (гл. на фота малюнак перад Святланай Заскевіч).
v.korbut@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter