В РНПЦ эпидемиологии и микробиологии разработали метод, помогающий подобрать пациенту с гепатитом С лекарства для эффективного лечения

Адбілі ўдар па печані

Сёння на ўліку стаяць каля 34 000 беларусаў, у якіх выяўлены хранічны гепатыт С. Вірус асабліва небяспечны тым, што чалавек гадамі можа не падазраваць аб інфекцыі: часам захворванне выяўляецца выпадкова, падчас планавага агляду. Рэвалюцыя ў лячэнні гепатыту С адбылася толькі ў пазамінулым годзе, калі вірус сталі лячыць па безінтэрферонавай схеме — эфектыўнасць узрасла да 95 працэнтаў. З гэтымі зменамі палепшылася якасць жыцця пацыентаў: новыя таблеткі практычна не маюць пабочных эфектаў і не мучаюць арганізм. Але з’явілася новая праблема — рэзістэнтнасць (супраціўляльнасць) да лекаў. Таму спецыялісты РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі распрацавалі метад, які дапамагае гэтую рэзістэнтнасць вызначыць і падабраць чалавеку персаніфікаванае лячэнне. На тэрыторыі СНД такі метад выкарыстоўваюць толькі ў некалькіх буйных гарадах Расіі.

Спецыялісты РНПЦ вывучаюць самыя складаныя выпадкі, узоры паступаюць з усёй краіны.

Выкараніць хваробу

Беларусь адносіцца да краін з сярэднім узроўнем распаў-сюджанасці гепатытаў: кожны год у нас рэгіструецца каля 2500—3000 выпадкаў заражэння вірусам гепатыту С. Змагаюцца з хваробай ва ўсім свеце: нядаўна мы далучыліся да міжнароднай праграмы элімінацыі (выключэння) вірусных гепатытаў — калі ўсё атрымаецца, то да 2030 года ў Беларусі не будзе інфіцыраваных людзей. Апрача таго, зараз распрацоўваецца праграма элімінацыі віруснага гепатыту С у краіне на 2019—2028 гады.



— Бясплатнае лячэнне прамымі прэпаратамі нашы пацыенты сталі атрымліваць толькі з 2018 года — у першую чаргу лячылі людзей з самымі цяжкімі ўзроўнямі фіброзаў печані. Нацыянальны план многае зменіць. Напрыклад, пашырыцца кантынгент тэсціравання — магчыма, правядуць пілотныя даследаванні, каб атрымаць уяўленне аб колькасці інфіцыраваных. Закладзена ў плане і пазіцыя па вызначэнні лекавай устойлівасці, — раскрывае падрабязнасці Алена Гасіч, доктар біялагічных навук, загадчыца лабараторыі дыягностыкі ВІЧ і спадарожных інфекцый РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі.

Што ж маюць на ўвазе навукоўцы пад словам «рэзістэнтнасць»? Гэта значыць, што вірус можа паспяхова развівацца ў прысутнасці лекавага сродку, які не здольны падавіць размнажэнне. Гепатыт С могуць вылечыць прэпараты, якія парушаюць сінтэз важных бялкоў, што выкарыстоўваюцца ў працэсе рэплікацыі віруса. Цікава, што мутацыя, якая ўзнікла падчас прыёму лекаў, можа прывесці ў далейшым да неэфектыўнасці дзеяння іншых прэпаратаў, якія не выкарыстоўваліся для лячэння. Таму ёсць вялікая верагоднасць, што лекар з першага разу не зможа вызначыць, якія лекі прызначаць пацыенту. Як вынік — усё яшчэ «жывы» вірус і марна выдаткаваныя грошы. А калі апынецца бескарысным і другі, і трэці прэпарат?..


Метад даследавання

— Асноўны метад, з якім мы працуем, — секвеніраванне розных участкаў геному віруса, якія адказваюць за з’яўленне лекавай устойлівасці віруса, — Алена Леанідаўна запрашае нас у лабараторыю, якая падзелена на некалькі «блокаў». У кожнай спецыялісты праводзяць сваю частку вялікага і складанага даследавання, якое займае каля чатырох дзён. — Выглядае ўсё так: чалавек здае кроў у РНПЦ альбо яе прывозяць з інфекцыйнай бальніцы, дзе ён лечыцца. Затым мы выдзяляем з яе плазму, пасля — нуклеінавую кіслату, праводзім некалькі этапаў даследавання метадам палімеразнай ланцуговай рэакцыі для павелічэння колькасці копій ДНК, адбіраем станоўчыя ўзоры і затым ставім пробы ў генетычны аналізатар. Але на лабараторыі ўсё не заканчваецца — пасля вопытаў мы праводзім біяінфармацыйны аналіз на спецыяльных камп’ютарных праграмах. На гэтым этапе і высвятляем, якія з прэпаратаў не дапамогуць вылечыць вірус.


Спецыялісты РНПЦ вывучаюць самыя складаныя выпадкі, узоры паступаюць з усёй краіны. Калі чалавек прайшоў курс, але праз 3—5 месяцаў зноў захварэў, значыць, яго кроў у першую чаргу правераць на рэзістэнтнасць. Аналізуюць тут і біяматэрыялы пацыентаў, якія яшчэ не паспелі атрымаць лячэнне. Бывае, вынікі здзіўляюць нават спецыялістаў з вялікім стажам.

— Нядаўна мы сутыкнуліся з вельмі цікавым выпадкам. У лабараторыю паўторна прывезлі кроў пацыента — ён лячыўся ад гепатыту C, але праз год адбыўся, па яго словах, рэцыдыў. Так здарылася, што кроў гэтага чалавека была ў нас яшчэ да таго моманту, калі пачалося лячэнне, таму мы змаглі правесці аналіз для ўстанаўлення генетычнага сваяцтва двух вірусаў. Аказалася, што другі варыянт не падобны на той, на які хварэў пацыент да лячэння. Адсюль робіцца выснова, што курс яму прызначылі эфектыўны, але мужчына заразіўся паўторна.

Алена ГАСІЧ праводзіць біяінфармацыйны аналіз на спецыяльных камп’ютарных праграмах.

Дыягназ: здаровы

Алена Леанідаўна паказвае прыклады даведак, якія спецыялісты выдаюць пасля даследавання. У іх — пералік мутацый і прэпаратаў, якія немэтазгодна прызначаць канкрэтнаму пацыенту. Дзіўна, як шмат людзей рэзістэнтныя да чатырох з пяці лекаў — насупраць кожнага стаіць папераджальны чырвоны квадрат. Усе гэтыя пацыенты ўжо прайшлі курс лячэння, але няўдала, затое зараз ім змогуць рэальна дапамагчы.


— Што было да таго, як мы распрацавалі гэты метад? Фактычна першыя лекі з’явіліся зусім нядаўна, таму страты не такія вялікія. Курс лячэння доўжыцца 12 альбо 24 тыдні, у залежнасці ад стадыі віруса, і каштуе некалькі тысяч долараў. Цяпер лекарам не давядзецца падбіраць лячэнне ўсляпую — без папярэдняга тэсціравання зрабіць гэта эфектыўна практычна немагчыма. Мы ўжо праверылі сістэму на пацыентах з рэцыдывамі —дзякуючы распрацоўцы яны цалкам вылечыліся. А наогул, у краіне паправіліся 2500 чалавек з гепатытам C, зараз праходзяць курс яшчэ 6000. Інфекцыяністы імкнуцца вылечыць усіх, але дапамагчы дзясяткам тысяч людзей адначасова проста немагчыма.

Дарэчы, шанц цалкам пазбавіцца ад гепатыту C ёсць: чалавек праходзіць курс лячэння, а затым яго перыядычна правяраюць на вірусную нагрузку. Калі яна не вызначаецца, медыкі канстатуюць: хвароба адступіла. Таму новая распрацоўка настолькі важная і для лекараў, і для хворых на «жаўтуху» — ў дзясяткі разоў павышае шанц на здаровае жыццё.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter