Ад вясковай крыніцы да Монпарнаса

У лёсах Каруся Каганца і ягонага блізкага родзіча Гіёма Апалінэра шмат цікавых супадзенняўЗ Койданаўшчынай-Дзяржыншчынай звязаны важны перыяд жыцця і творчасці пісьменніка, драматурга, мастака і скульптара Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага). І таму ў Дзяржынску ў чытальнай зале райбібліятэкі ладзяцца Койданаўскія чытанні ў гонар земляка. Супрацоўнікі бібліятэкі, журналісты райгазеты “Узвышша” арганізавалі імпрэзу, зала была перапоўненая: бібліятэкары раёна, настаўнікі і вучні, сябры мясцовага літаб’яднання “Выток”... Былі госці з Мінска: пісьменнікі Юлія Зарэцкая, Ірына Чарняўская, Уладзімір Ягоўдзік, Анатоль Валахановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіслаў Цыдзік. Мы праслухалі амаль 20 выступленняў: пра Каганцову спадчыну, яго жыццёвы і творчы шлях. Паэты чыталі вершы, прысвечаныя земляку. Цікавыя звесткі прыводзіліся і пра знакамітага паэта Гіёма Апалінэра, які, як вядома, быў блізкім родзічам, стрыечным плямяннікам Каруся Каганца. Ёсць шэраг падабенстваў і ў іх лёсах.
У лёсах Каруся Каганца і ягонага блізкага родзіча Гіёма Апалінэра шмат цікавых супадзенняў

]Койданаўскія чытанні збіраюць шмат зацікаўленых гісторыяй Бацькаўшчыны людзейЗ Койданаўшчынай-Дзяржыншчынай звязаны важны перыяд жыцця і творчасці пісьменніка, драматурга, мастака і скульптара Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага). І таму ў Дзяржынску ў чытальнай зале райбібліятэкі ладзяцца Койданаўскія чытанні ў гонар земляка. Супрацоўнікі бібліятэкі, журналісты райгазеты “Узвышша” арганізавалі імпрэзу, зала была перапоўненая: бібліятэкары раёна, настаўнікі і вучні, сябры мясцовага літаб’яднання “Выток”... Былі госці з Мінска: пісьменнікі Юлія Зарэцкая, Ірына Чарняўская, Уладзімір Ягоўдзік, Анатоль Валахановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіслаў Цыдзік. Мы праслухалі амаль 20 выступленняў: пра Каганцову спадчыну, яго жыццёвы і творчы шлях. Паэты чыталі вершы, прысвечаныя земляку. Цікавыя звесткі прыводзіліся і пра знакамітага паэта Гіёма Апалінэра, які, як вядома, быў блізкім родзічам, стрыечным плямяннікам Каруся Каганца. Ёсць шэраг падабенстваў і ў іх лёсах.
Згадаем старонкі Каганцовага жыцця з аглядкай на факты з жыцця Апалінэра. Казімір Кастравіцкі нарадзіўся ў лютым 1868-га ўдалечыні ад Бацькаўшчыны, у сібірскім Табольску: туды ягоны бацька Карл Кастравіцкі быў сасланы за актыўны ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Маёмасць ссыльнага канфіскавалі, акрамя невялікага фальварка Навасёлкі, за сем кіламетраў ад Койданава, цяпер Дзяржынска.
Паўстанцам быў і брат Карла, Міхал Апалінары Кастравіцкі, якому ўдалося з’ехаць у Італію. Там у 1880 годзе ў яго дачкі Анжалікі нарадзіўся сын Вільгельм, у будучыні паэт Гіём Апалінэр — таксама ўдалечыні ад зямлі продкаў. Дарэчы, поўнае імя класіка французкай літаратуры: Вільгельм Альберт Уладзімір Аляксандр Апалінэр Кастравіцкі. Ён нашчадак шляхецкага роду герба Вонж, як і ягоны родзіч Карусь Каганец.
Кастравіцкія пасля Сібіры атабарыліся на Стаўпеччыне, спачатку ў вёсцы Засулле. Неўзабаве бацька Казіміра памёр, і маці з дзяцьмі пераехалі ў Прымагілле, цяпер Юцкі. Як літаратар Казімір пачаў спрабаваць сілы з 1893 года. Ён апрацоўваў легенды і казкі “Вітаўка”, “Прылукі”, “Машэка”. А першыя вершы былі: ”Наш покліч”, “Згадка пра Галубка”. У той час ён і ўзяў псеўданім Карусь Каганец. Цяпер не часта ўжывальнае слова каганец — гэта простая свяцільня, у пераносным сэнсе: светач, той, хто нясе асвету.
Сучаснікі Каганца згадвалі: з усімі, нават з панамі й падпанкамі, ён размаўляў толькі па-беларуску. У 30 гадоў ажаніўся з Ганнай Пракаповіч з вёскі Навасады, і жыў з сям’ёй — двое сыноў і дзве дачкі — ва ўрочышчы Лісія Норы, паблізу Прымагілля-Юцкоў. У 1904-м Каганец распрацаваў праект газеты для сялян “Палессе”, але дазволу на выданне не атрымаў. Тым часам у Парыжы Гіём Апалінэр хацеў стварыць уласны часопіс, і яму тое не ўдалося. У 1906-м у выдавецтве “Загляне сонца і ў наша ваконца” выйшла кніга Каруся Каганца “Беларускі лемантар” — там яго 19 малюнкаў, і ў кніжцы Якуба Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”, што выйшла ў 1909-м, яго малюнкі на вокладцы. І Гіём Апалінэр захапляецца мастацтвам: у яго шмат сяброў у знакамітых парыжскіх кварталах Манмартр і Монпарнас, яго сябрамі былі, у прыватнасці, мастакі Пабла Пікаса і Марк Шагал, ён піша пра жывапіс, праторвае сцежку сюррэалізму, ды і сам тэрмін гэты належыць яму, нашаму суродзічу.
Працуючы ў Вільні, Карусь Каганец стварае бытавую камедыю “Модны шляхцюк”. Пастаноўка паводле яе нязменна была ў рэпертуары вандроўнага тэатра Ігната Буйніцкага. Не ўдалося абодвум Кастравіцкім абысці на жыццёвых шляхах і турму. Па судовай справе 1905 года, калі Карусь Каганец арганізаваў у Койданаве антыцарскі мітынг, ён у 1910-м трапляе ў турму. Там і пазнаёміўся, пасябраваў з Якубам Коласам. У той самы час і Апалінэр трапляе ў парыжскую турму: падазраюць у крадзяжы… “Джаконды” Леанарда да Вінчы. Пасля вызвалення Каганец напісаў апавяданне-абразок “Што кажух, то не вата”, Апалінэр падрыхтаваў тым часам выпуск свайго першага зборніка “Алкаголі”, куды ўвайшлі вершы розных гадоў. Здароў’е Каганца пасля турмы пагоршылася, 20 мая 1918 года ён памірае. Пахаваны на могілках у вёсцы Вялікія Навасады. А праз паўгода ад ран, атрыманых у часы Першай сусветнай вайны, памірае і Гіём Апалінэр, ён пахаваны на парыжскіх могілках Пэр-Лашэз. Так і не давялося нашаму слыннаму суродзічу наведаць радзіму продкаў.
Факты згадваліся пад час чытанняў. І была паездка да магілы Каганца ў Вялікія Навасёлкі, ускладанне кветак. Мясцовая паэтэса Ядвіга Доўнар чытала свой прысвечаны земляку верш. У музеі школы краязнаўца Вячаслаў Кавалеўскі правёў экскурсію, знаёміў гасцей з экспазіцыяй, прысвечанай Каганцу і Апалінэру. Там ёсць, дарэчы, і радаводнае дрэва Кастравіцкіх. А Навасады, адкуль родам Каганцова жонка, сустрэлі гасцей золатам ліп і клёнаў, пахам антонавак. Гэта родная вёска пісьменніцы Алены Стэльмах, якая цікава расказвала гасцям пра свой родны кут і яго жыхароў. Паказвала хату, якой каля 300 гадоў, прыхіляліся мы да магутнага дуба, узрост якога не меншы. І дуб, і хата памятаюць, пэўна, Каганца: там ён хадзіў часта. Падарожнікі папілі вады з Навасадскай ці Юцкоўскай крынічкі: да яе прыходзіў Каганец, і ў легендзе згадваў. Далей былі Юцкі-Прымагілле, дзе створаны адзін з лепшых у краіне школьны этнаграфічны музей.
Удзельнікі чытанняў, вандроўкі шчыра дзякавалі тым, хто іх ладзіў, найперш дырэктару райбібліятэкі Валянціне Клімовіч, рэдактару “раёнкі” Алене Стэльмах. Спрыяла добрай справе і Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, якое ўзначальвае Алесь Карлюкевіч.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск

На здымку:
Койданаўскія чытанні збіраюць шмат зацікаўленых гісторыяй Бацькаўшчыны людзей
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter