Ад старога да новага

Анатолій Калінін наведаў з паездкай Мінскі абласны тэхнапарк

У Мінскім абласным тэхнапарку ствараюцца ўзоры сучасных высокатэхналагічных вытворчасцей

У краіне распрацавана і рэалізуецца Дзяржаўная праграма збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны. У бягучым годзе запланавана асвоіць на яе рэалізацыю 15 млн. долараў. У Гродне, Салігорску, Светлагорску, Барысаве і іншых гарадах будзе пабудаваны шэраг заводаў па сарціроўцы і перапрацоўцы камунальных адходаў. Пра гэта паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатолій Калінін у час рабочай паездкі ў Мінскі абласны тэхнапарк.

Намеснік кіраўніка ўрада азнаёміўся з сістэмай работы і перспектывамі развіцця тэхнапарка. Ён адзначыў, што гэта адна з першых у краіне пляцовак, дзе засяроджаны новыя высокатэхналагічныя вытворчасці, якія забяспечваюць высокую дабаўленую вартасць. Анатолію Калініну прадставілі інавацыйны праект перапрацоўкі зношаных аўтамабільных шын. Вытворчая лінія запушчана нядаўна і зараз працуе ў тэставым рэжыме. Інвестыцыі склалі каля 4,5 млн. еўра, створана больш за 30 новых працоўных месцаў. Магутнасці здольны забяспечыць перапрацоўку чатырох тон шын у гадзіну, што дазволіць атрымаць не менш як 40 млрд. рублёў у год. Сама вытворчасць амаль цалкам працуе ў аўтаматычным рэжыме, мае павышаны статус бяспекі як для работнікаў, так і для навакольнага асяроддзя. Яна дазволіць забяспечыць выпрацоўку на аднаго занятага ў памеры больш за 100 тыс. долараў у год. Акрамя гэтага, тэхнапарк займаецца зборам і захоўваннем зношаных шын, сабрана ўжо каля трох тысяч тон.

«Шыны перапрацоўваюцца на высакаякасную гумавую дробку трох фракцый — 0,1 мм, 2,4 мм і 3,5 мм. Далей яна можа выкарыстоўвацца для вытворчасці розных гумаватэхнічных вырабаў, абуладкавання дзіцячых пляцовак, бегавых дарожак і іншых спартыўных збудаванняў. Шырока выкарыстоўваецца і ў дарожным будаўніцтве. Акрамя гэтага, з шын вымаюцца металакорд, які здаецца на адпаведныя перапрацоўчыя прадпрыемствы, і тэкстыль, які знаходзіць сваё далейшае прымяненне ў лёгкай прамысловасці», — растлумачыў генеральны дырэктар Мінскага абласнога тэхнапарка Вадзім Ганчар. Вытворчасць першачаргова нацэлена на задавальненне патрэб айчыннага рынку. Разам з тым мае сур’ёзны экспартны намер, плануецца, што каля 70 % дробкі будзе пастаўляцца ў Расію. Ужо зараз заключана 6 дагавораў. Разам з тым прапрацавана пытанне аб арганізацыі вытворчасці тавараў з гэтай дробкі непасрэдна на тэрыторыі тэхнапарка.

Плануецца, што сёлета пачне працаваць і першы ў краіне завод па глыбокай перапрацоўцы складанай бытавой тэхнікі. Намеснік прэм’ер-міністра адзначыў, што неабходна павялічваць глыбіню перапрацоўкі адходаў: «Другасныя рэсурсы павінны максімальна вымацца, перапрацоўвацца і накіроўвацца ў эканоміку. Неабходна, каб да прыкладу Мінскай вобласці падключыліся і іншыя рэгіёны».

Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура перакананы, што выніковасць работы па мадэрнізацыі, якая набыла масавыя маштабы, у многім залежыць ад стварэння вось такіх невялікіх высокатэхналагічных прадпрыемстваў з выпрацоўкай на аднаго занятага не менш за 60 тыс. долараў у год. «У тэхнапарку мы імкнёмся зрабіць узор таго, якімі павінны быць сучасныя эфектыўныя вытворчасці. Праект перапрацоўкі зношаных шын — прыклад практычнага падыходу да патрабаванняў беражлівасці і мадэрнізацыі», — адзначыў ён.

У планах бягучага года — адкрыццё ў тэхнапарку яшчэ некалькіх высокатэхналагічных вытворчасцей. У прыватнасці, адзін з яго рэзідэнтаў — прадпрыемства «Артызан» — распачаў праект па прамысловай загартоўцы фасаднага шкла. Аналагаў у нашай краіне таксама пакуль няма. «Інвестыцыі ў абсталяванне ўжо зроблены. Чакаецца, што яно прыбудзе ў сярэдзіне мая. Плануем, што першая прадукцыя выйдзе ўжо ў лістападзе. Аб’ёмы — 100 м кв. гатовай прадукцыі ў дзень», — паведаміў тэхнічны кансультант праекта Вадзім Мілюцін. Агульны аб’ём інвестыцый складзе не менш за 1 млн. долараў, будзе створана 30 новых працоўных месцаў. Прадпрыемства асвоіць выпуск гнутага, мультыфункцыянальнага, энергазберагаючага, куленепрабівальнага, шматслойнага і іншага шкла. Яно будзе выкарыстоўвацца ў будаўніцтве, медыцыне, сельскай гаспадарцы, прамысловасці і аўтамабілебудаванні. Упор, як абяцана, будзе зроблены на бяспечнае шкло.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter