Ачышчальная сіла агню

Вогнішча -- рытуальнае дзеянне шматлікіх каляндарных, сямейна-родавых, гаспадарчых і лячэбных абрадаў, было здаўна вядома ўсходнім славянам. Вогнішчам першым чынам надавалася ачышчальная функцыя: "Каб старое пайшло, а новае прыйшло". А яшчэ вогнішча надзялялі функцыяй адраджэння, святла і цяплыні.

Часцей за ўсё распальванне рытуальных вогнішчаў адбывалася вясной і летам, радзей іх палілі напярэдадні Новага года і Калядаў. Рытуальныя вогнішчы палілі разам -- усёй суполкай, і толькі моцная непагадзь магла “адмяніць” усеагульнае свята з непасрэдным "удзелам" агню.
Асабліва папулярнымі на працягу года былі масленічныя і купальскія вогнішчы, а таксама на вялікія гадавыя святы -- Грамніцы, Дабравешчанне, Юр’я, Сёмуху, Пятроў дзень. У заходніх славян, а таксама ў жыхароў заходняй часткі Беларусі распаўсюджаны звычай паліць вогнішчы ў Велікодную ноч.
Напярэдадні Вербніцы на прыпечку таксама "разводзілі" рытуальнае вогнішча, у якім спальвалі галінкі вярбы, якія захоўваліся на працягу года, -- заўтра ў хату прынясуць "новую" вярбу.
Права запаліць рытуальнае вогнішча аддавалі або самаму старэйшаму ў вёсцы, або таму, хто адшукаў папараць-кветку ў купальскую ноч.
На вогнішчы спальвалі пудзіла, якое сімвалізавала тое, што трэба было знішчыць. Напрыклад, пудзіла Масленіцы сімвалізавала зіму, холад, мароз, якія павінны саступіць цеплыні, што наступіць з прыходам вясны.
Вогнішчы маглі разводзіць прама на зямлі, часам прыпадымалі на жэрдках або так званых “казлах”. Вогнішчы маглі замяніць падпаленымі паходнямі, коламі, якія пускалі з гары да вады.
Распальвалі вогнішчы драўнінай, галлём, радзей саломай, кастрыцай. Адна з умоў рытуальнага вогнішча -- спальванне старых, якія ўжо “адпрацавалі”, прадметаў: гаспадарчыя (венікі) і асабістыя рэчы (лапці, салома з пасцеляў), хатняе начынне (хлебная дзяжа), сродкі перамяшчэння (зламаныя санкі, калёсы, колы) і да т.п.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter