Абсталяванне на суму 842 тысячы еўра

УЧОРА і сёння, 13-га верасня, кіраўнікі місій краін Еўрапейскага Саюза і кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі наведваюць Гомельскую вобласць

Падчас паездкі яны прымаюць удзел у цырымоніі афіцыйнай перадачы беларускай памежнай службе абсталявання, набытага за сродкі ЕС. Яно ўключае два рачных патрульных катары, пяць пазадарожнікаў кампаніі Land Rover і 11 цеплавізараў на агульную суму 842 тысячы еўра. З 2001 года Еўрапейскі Саюз выдаткаваў больш за 75 мільёнаў еўра на праекты дапамогі мытнай і памежнай службам Беларусі. Цырымонія перадачы абсталявання, на якой беларускі бок будуць прадстаўляць Аляксандр Боечка, старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта, Аляксандр Якабсон, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю, і высакапастаўленыя прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, адбудзецца каля Лоева, горада на поўдні Беларусі, на беразе Дняпра, праінфармавалі «БН» у прадстаўніцтве ЕС.

Яны таксама наведаюць ваенную базу, дзе Еўрапейскі Саюз фінансуе знішчэнне ўсяго беларускага арсеналу супрацьпяхотных мін. Падчас свайго знаходжання ў Гомелі кіраўнікі місій сустракаюцца са старшынёй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімірам Дворнікам. Яны наведаюць Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (чарнобыльскую зону адчужэння) і сустрэнуцца з уладамі Хойніцкага раёна.

Ул. iнф.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter