
Пра тое, што інфляцыя павінна ўтрымлівацца ў пэўных межах, не раз гаварыў і Прэзідэнт. Літаральна ў снежні на нарадзе з Урадам, калі абмяркоўваліся праекты прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год, ён адзначыў: інфляцыю нам скараціць удалося, але “гэтага відавочна недастаткова”.
— Трэба нам яе зніжаць больш энергічна — выходзіць на адназначныя паказчыкі. Тады і будуць макраэканамічная стабільнасць і ўмовы для памяншэння працэнтных ставак па крэдытах, — абазначыў перспектывы Аляксандр Лукашэнка.
Паводле дадзеных Белстата, летась харчаванне ў нас падаражэла на 11 працэнтаў, нехарчовыя тавары — на 11,5, платныя паслугі насельніцтву — на 15,7 працэнта. У Белстаце, параўноўваючы тэндэнцыі росту цэн у 2015 і 2014 гадах, заўважылі прыемную дынаміку. Індэкс спажывецкіх цэн у самым пачатку мінулага года рос больш хуткімі тэмпамі, але ўжо да красавіка “выдыхся” і да самага канца года інфляцыя паказвала толькі марудны рост. Толькі ў снежні яна вырасла адразу на 1,2 працэнта. Відаць, Урад вырашыў у апошнім месяцы года дазволіць павысіць цэны на некаторыя тавары і паслугі, каб не пераносіць рост у новы год.
Дарэчы, на 2016 год Урад запланаваў даволі сціплы рост цэн на спажывецкім рынку — не большы за 12 працэнтаў. Але адна з галоўных інтрыг заключаецца ў тым, ці не акажа націск на гэты паказчык будучая дэнамінацыя нацыянальнай валюты, якая павінна адбыцца з 1 ліпеня. Начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі цэн Белстата Аляксей Яркавец упэўнены, што “ампутацыя” нулёў пройдзе лёгка:
— Паводле нашай ацэнкі, гэта не павінна паўплываць на ўзровень інфляцыі, таму што мы пераносім коску на два знакі — вось і ўсё. На росце цэн непасрэдна сам працэс дэнамінацыі адбіцца не павінен.
Андрэй Говараў