Каманда маладосцi нашай: чым запомніцца Міжнародны чэмпіянат па лёгкай атлетыцы для ветэранаў у Гродне

Абганяючы ўзрост на віражы

У мінулыя выхадныя ў Гродна прыехалі былыя лёгкаатлеты і проста прыхільнікі здаровага спосабу жыцця з Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Казахстана і, вядома ж, з усіх куткоў Беларусі. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 200 чалавек ва ўзросце ад 35 да 88 гадоў. 

Юрый КРУПІЦА
Старшыня савета ветэранаў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Юрый Крупіца задаволены:

– У гісторыі нашай краіны гэта трэці падобны чэмпіянат. Другі раз ён праводзіцца пры падтрымцы ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама. Спартсмены, якія праз многія гады вырашылі адчуць дух спаборніцтва і ўзысці на п'едэстал, па-ранейшаму ў страі. Да нас прыбылі госці з сямі краін, каб паказаць, што не толькі маладыя могуць мець добрыя вынікі. Усё роўна, колькі табе гадоў. Напрыклад, да нас прыехаў Іван Пушкін з Украіны, якому хутка споўніцца 88 гадоў. Ён неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы па спартыўнай хадзьбе. Сярод удзельнікаў – Алег Фядорка з Палтавы, які ўстанавіў сусветны рэкорд на мінулых спаборніцтвах сярод ветэранаў. Беларуска Вера Епімашка – чэмпіёнка па штурханню ядра. Гэта мерапрыемства – своеасаблівая папулярызацыя здаровага спосабу жыцця. Людзі проста забываюць, які ўзрост значыцца ў іх пашпарце. У гэтым годзе ў нас на 40 працэнтаў больш удзельнікаў, плюс дзве новыя краіны. 

Іван ПУШКІН
Спаборніцтвы праходзілі на дзвюх пляцоўках: у ЦСК «Нёман» і ў Каложскім парку і практычна нічым не адрозніваліся ад звычайных. Многія з удзельнікаў – майстры спорту міжнароднага класа, спартсмены ў свой час выступалі за нацыянальныя каманды і станавіліся прызёрамі і чэмпіёнамі розных спаборніцтваў. Неаднаразовы чэмпіён свету 88-гадовы палкоўнік у адстаўцы Іван Пушкін расказаў пра свае ўражанні:

– Гродна – вельмі прыгожы горад, а Беларусь – цудоўная дзяржава. Я пачаў займацца спартыўнай хадзьбой ужо на пенсіі. За гэты час у мяне назапасілася мноства медалёў, большасць з якіх – залатыя. Быў нават у Бразіліі. Вельмі прыемна чуць гімн роднай Украіны, калі стаіш на п'едэстале. Хадзьба не мае супрацьпаказанняў. Таму вельмі прыемна бачыць метамарфозы: на першыя заняткі прыходзяць поўныя і хворыя людзі, і праз час яны становяцца стройнымі і маладымі. Самую доўгую для майго ўзросту адлегласць у трыццаць кіламетраў я калісьці пераадолеў за тры гадзіны пяцьдзясят чатыры хвіліны, заваяваўшы званне чэмпіёна Еўропы.

Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах.

Ветэраны-лёгкаатлеты хваляваліся за вынік, але пры гэтым падтрымлівалі адзін аднаго і радаваліся поспехам іншых. А вось удзельніца са Слоніма стометроўку бегла адна. У яе ўзроставай катэгорыі – за 80 гадоў – саперніц не знайшлося. Галіна Сазонкіна ў мінулым годзе ўпершыню прыняла ўдзел у чэмпіянаце для ветэранаў і не збіраецца спыняцца:

– Усё жыццё займалася фізкультурай, асабліва люблю веласпорт. Прафесіяналам так і не стала. Часта пытаюцца: што мяне застаўляе ўсё гэта рабіць? Адказваю ўсім, што хачу жыць. І не проста існаваць, а прыносіць карысць, дарыць настрой сабе і іншым.

Усе сцягі ў госці да нас: урачыстае адкрыццё чэмпіянату.

Спаборніцтвы прайшлі сярод жанчын і мужчын па бегу на розныя дыстанцыі, у спартыўнай хадзьбе на 5000 метраў, скачках у даўжыню, скачках у вышыню, штурханні ядра і іншых. Пераможцаў і прызёраў асабістых спаборніцтваў у кожным відзе і ў кожнай узроставай групе ўзнагародзілі медалямі і дыпломамі. 

kondratsieva@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter