Аб нямецкіх трафеях і страце цёплых крэслаў

Днямі наведаў малую радзіму. Убачыўся з роднымі і землякамі. Цікава, але з кожнай сустрэчай адкрываеш іх па-новаму.
Днямі наведаў малую радзіму. Убачыўся з роднымі і землякамі. Цікава, але з кожнай сустрэчай адкрываеш іх па-новаму. 

Мой малодшы брат у свае сорак два многае паспеў: найперш, выгадаваў разам з жонкай выдатных дзяцей. Дачка Алена працуе медсястрой і вучыцца завочна ў інстытуце, сын Арцём — школьнік. Кола дзён кожнага ў сям’і  круціцца ў жыццёвых клопатах, працы і адкрыццях. А нядаўна Аляксандр з Аксанай пабудавалі ў абласным цэнтры новую кватэру і цудоўна, вельмі ўтульна, абуладкавалі ў жывапісных мясцінах пад Магілёвам летнік сваёй мары. Усё наўкол зроблена ўласнымі рукамі, па-гаспадарску. Гэта і сакавітыя зялёныя градкі, і некалі дзівосных для нашых шырот сартоў вінаграду, і альпійскія горкі з роўненькімі газончыкамі, на якіх ганарліва цягнуцца ўверх елкі і туйкі. Канешне, ёсць тут і сапраўдная вясковая лазня, майстэрня, вяндлярня ды стацыянарны мангал, з густам аформлены вялікімі і дробнымі валунамі. Прыгледзеўшыся, я бачу на гэтых каменнях нізку металічных рэчаў. Сярод іх — два старыя прасы, якія раней гаспадынькі грэлі на вуголлях, і... нямецкія каскі з процівагазным бачком часоў Вялікай Айчыннай. На іржавых вайсковых касках па некалькі кулявых дзірак і асколачных разрываў. Відаць, яе ранейшым гаспадарам — салдатам вермахта — добра хапіла на легендарнай магілёўскай зямлі.  

— Адкуль трафеі? — пытаюся ў гаспадара.

— Выпадкова знайшоў у лесе, колькі падобнага металалому ляжыць у зямлі,  — гаворыць Аляксандр. — Хачу, каб мае дзеці ведалі, якой цаной   атрымана Перамога і колькі намі было перажыта.

А мне падумалася: дзякуй богу, ужо семдзесят гадоў мы жывём мірна. За апошняе стагоддзе Германія  двойчы распальвала полымя сусветнай вайны.

Апошнія дні ў свеце выдаліся трывожнымі... Зноў сваю крывавую сутнасць паказалі баевікі групоўкі “Ісламская дзяржава”: яны забілі каля 500 езідаў — прадстаўнікоў этнічнай і рэлігійнай меншасці Ірака. 

У выніку абмежаванняў, уведзеных Масквой на імпарт прадуктаў харчавання ў адказ на санкцыі Захаду, страты ЗША могуць скласці каля 715 мільёнаў долараў, а Еўрасаюза — 12 мільярдаў еўра. І гэта мінімум.

Наша рэспубліка ў пытанні транзіту тавараў з Захаду на расійскую тэрыторыю прытрымліваецца дамоўленасцей з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, паведаміў Прэзідэнт Беларусі. 

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што ў краіне яшчэ ўдвая трэба  скараціць дзяржаўны апарат, каб значна падняць заработную плату дзяржслужачым, павысіць іх статус і выканальніцкую дысцыпліну. У адпаведным рэчышчы ідзе і праект закона “Аб барацьбе с карупцыяй”, які  вынесены на грамадскае абмеркаванне. Карэкціроўка заканадаўства дазволіць  назаўсёды вырашыць пытанне аб забароне перасаджвання чыноўнікаў з аднаго цёплага крэсла ў другое. 

Такія вось навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter