Эксперт: аўтапажары з выбухам, як у кіно, малаверагодны. У жыцці аўтамабілі гараць па-іншаму

Аўто задае жару

На гэтым тыдні ў чарзе на беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Цярэспаль» згарэлі дзве машыны. Як бачна на відэа пажару на YouTube, пры пад’ездзе да месца агляду загарэўся Opel. Верагодна, замкнула стартар. Затым палаючая машына пакацілася і ўрэзалася ў Renault, што стаяў наперадзе. Агонь перакінуўся і на яго. Пажар патушылі, аднак да таго часу агонь знішчыў абедзве машыны. Карэспандэнт «Р» пагутарыла з экспертам-пажаратэхнікам і высветліла, чаму гараць аўтамабілі і як дзейнічаць, калі здарыўся аўтапажар?

Пры аўтапажары выбух, як у кіно, малаверагодны — у жыцці аўтамабілі па-іншаму гараць.
Калаж Юлii КОСЦIКАВАЙ

Машына цалкам выгарае хвілін за 15—20, — зыходзячы з вопыту, кажа Аляксандр Васілевіч, старэйшы эксперт упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз упраўлення ГКСЭ па Мінску. — Пры гэтым, каб пашкоджанні аказаліся фатальнымі, дастаткова і пяці хвілін. Не варта думаць, што аўтапажары — гэта праблемы ўладальнікаў старых аўто. Новыя машыны таксама гараць.

У пацвярджэнне гэтых слоў эксперт паказвае відэа з камер назірання на падземнай паркоўцы. На запісе бачым, як у новенькай легкавушцы ў раёне акумулятара нешта пачынае іскрыць. На працягу 3,5 хвіліны агонь ледзь выбіваецца з-пад капота. На гэтым этапе пажар можна патушыць. А ўжо праз 8 хвілін уся машына ахоплена полымем.

— Гарыць даволі павольна, бо пажар узнік на крытай паркоўцы. Калi б такое здарылася на вуліцы, машына выгарэла б хвіліны за тры, — пракаменціраваў відэа Аляксандр Васілевіч. — Што тычыцца салона, то агонь ахопіць яго праз чатыры хвіліны пасля загарання. Дапусцім, вадзіцель курыць падчас руху і забыўся пры гэтым падняць шкло на задніх левых дзвярах. Выкінуты ім «бычок» залятае праз адчыненае акно назад у машыну і падпальвае абшыўку задніх сядзенняў. Бывалі выпадкі, што пажар у салоне ўдавалася патушыць, зачыніўшы ўсе дзверы і вокны і тым самым спыніўшы прыток кіслароду ўнутр.

Усе прычыны аўтапажараў можна падзяліць на тры катэгорыі. Гэта аварыйны рэжым працы электрычнай сеткі, механічнае разбурэнне вузлоў і дэталяў, а таксама занесеная крыніца адкрытага агню, ці папросту падпал. У першым выпадку справа часцей за ўсё ў няправільным мантажы электраабсталявання. З новымі аўтамабілямі такое здараецца з-за няправільнага мантажу, са старымі — з-за зношанай электраправодкі. Дрэнныя кантакты, неадпаведнасць сячэння правадніка нагрузцы, павелічэнне гэтай самай нагрузкі звыш пашпартнай… Усё гэта наступствы самастойнага рамонту ці ўстаноўкi магутнага абсталявання, якое не было прадугледжана вытворцам. Рэдкі вадзіцель не ўстанаўліваў у сябе сабвуферы, парктронік, сігналізацыю ці нават міні-тэлевізар! Пры гэтым нават выкарыстанне гнязда прыкурвацеля ў якасці зарадкі для смартфона можа стаць ракавым.

А яшчэ правады маюць уласцівасць старэць. Раздымы, якія страцілі герметычнасць, кантакты, якія акісліліся, ізаляцыя, якая патрэскалася і рассыпаецца пры дакрананні... Уладальнікам бітых машын тым больш трэба быць асцярожнымі. У канструкцыю і электрычную сетку іх аўтамабіляў адназначна ўносіліся змяненні. Нярэдкія выпадкі, калі машыну аднаўляюць пасля сур’ёзнага ДТЗ альбо збіраюць за мяжой з дзвюх палавін. Перажмеш дзесьці провад — і яго можа закараціць.

Нават паркоўка ў сухой траве можа скончыцца пажарам, калі трава будзе досыць высокай, каб дастаць да сістэмы выхлапу. Небяспека можа зыходзіць не толькі ад разагрэтага металу. Тапаліны пух лёгка забіваецца ў аўтамабільныя фільтры і радыятары. Аб іх стане мы ўспамінаем толькі пасля таго, як кандыцыянер перастане нармальна працаваць ці машына пачне «кіпець». Прэцэдэнты былі. Так, у жніўні ў Мінскім раёне падчас руху загарэўся грузавік з драўняным пілавіннем у прычэпе.

— Пыл — неад’емная частка сельскагаспадарчых работ. Ён лёгка загараецца і хутка распаўсюджвае гарэнне. Калі доўга не чысціць радыятар, то пыл, які туды набіўся, можа загарэцца. Пыл асядае і на выхлапны калектар. А той разаграваецца да такой тэмпературы, што здольны запаліць практычна любыя гаручыя матэрыялы, не кажучы ўжо пра паліва і масла, — разабраў інцыдэнт Аляксандр Васілевіч.

Як любіць паўтараць МНС у сваіх сацыяльных роліках, пажар лягчэй прадухіліць, чым патушыць. І гэта зусім не складана. Трэба толькі сачыць за падкапотнай прасторай, рэгулярна чысціць радыятары і без лішняй патрэбы не перагружаць бартавыя разеткі энергаёмістымі прыстасаваннямі.

А як дзейнічаць, калі пажар усё ж такі здарыўся? Пры разгерметызацыі паліўнай сістэмы агонь распаўсюдзіцца ў момант. Час спыніцца ў вадзіцеля ёсць. Хоць бывалі выпадкі, калі людзі надыхаліся чаднага газу і выратавацца не паспявалі. Такія сцэнарыі часцей звязаны з ДТЗ. Далей, мяркуючы па роліках у сетцы, вадзіцелі дзейнічаюць прыкладна аднолькава — спыняюцца і ўцякаюць, раптам рване!

— Выбух, як у кіно, малаверагодны. У жыцці аўтамабілі па-іншаму гараць, — супакоіў Аляксандр Васілевіч.

Аднойчы эксперт даследаваў аўтамабіль, які загарэўся падчас руху. Вадзіцель ведаў, што непадалёк ёсць пажарная часць. Вырашыў не губляць час і ў лепшых традыцыях галівудскіх фільмаў проста на палаючай машыне заехаў на тэрыторыю пажарнай часці. Там ратавальнікі яе паспяхова патушылі. Тым, хто не гатовы рызыкаваць сабой дзеля машыны, Аляксандр Васілевіч напрыканцы даў некалькі парад:

— Купіце вогнетушыцель, прычым не паўлітровы, які прыдатны толькі для праходжання тэхагляду. Выберыце пяцілітровы вуглекіслотны ці парашковы — у небяспечнай сітуацыі не прыйдзецца шкадаваць аб гэтай пакупцы. У лёгкадаступным месцы пакладзіце шчыльныя баваўняныя ці азбеставыя пальчаткі — яны зберагуць ад апёкаў. Сінтэтыку не бярыце — расплавіцца проста на руках.

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter