75 год з лiтаратурай

Iнстытут лiтаратуры iмя Янкi Купалы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi адзначыў днямi сваё 75-годдзе

— Для iнстытута гэта не ўзрост, — жартуюць супрацоўнiкi. — Аднак на самай справе за сем з паловай дзесяцiгоддзяў дзейнасцi Iнстытут лiтаратуры стаў буйнейшай установай у галiне лiтаратуразнаўчых даследаванняў у Беларусi. Выдадзены сотнi тамоў фундаментальных, абагульняючых, даследчых прац. Сярод iх — “Гiсторыя беларускай лiтаратуры ХХ стагоддзя” у чатырох тамах, 2-томная “Гiсторыя старажытнай лiтаратуры”, навукова-каментаваныя зборы твораў нашых класiкаў — Купалы, Коласа, Багдановiча, Бядулi, Гарэцкага, Чорнага, Крапiвы, Лынькова, Мележа i iншых.
— Iнстытут узнiк у свой час як клопат дзяржавы аб лiтаратуры, — гаворыць галоўны навуковы супрацоўнiк Iнстытута лiтаратуры, доктар фiлалагiчных навук, прафесар, акадэмiк Уладзiмiр Гнiламёдаў. — Што мы, беларусы, як нацыя без поўнага збору твораў, напрыклад, Янкi Купалы? Цi Якуба Коласа? Кожная дзяржава павiнна мець свае энцыклапедыi, сваю класiчную лiтаратуру, свае фундаментальныя даследаваннi ў лiтаратуры. Немагчыма ўявiць сабе нацыю, народ без гэтых атрыбутаў. Здаецца, што тут складанага — сабраць ды выдаць збор твораў якога-небудзь класiка? А гэтая работа далёка не механiчная, ад укладальнiкаў патрабуе i глыбокiх ведаў, i густу, i вопыту фiлалагiчнай дзейнасцi.
У Iнстытуце лiтаратуры гэта ўсё ёсць. Зараз тут 55 навуковых супрацоўнiкаў, сярод якiх 9 дактароў навук, 26 кандыдатаў, акадэмiк i два члены-карэспандэнты НАН Беларусi. Як навуковы цэнтр iнстытут ведаюць далёка за межамi нашай рэспублiкi — у Расii, Украiне, Польшчы, Швецыi, Балгарыi i iншых краiнах, з вучонымi якiх iнстытут актыўна супрацоўнiчае.
Але не толькi фундаментальныя даследаваннi ўваходзяць у кампетэнцыю Iнстытута лiтаратуры. Яго супрацоўнiкi выступаюць у часопiсах i перыёдыцы як аўтары рэцэнзiй, навуковых публiкацый, праводзячы аналiз сучаснага лiтаратурнага працэсу, мастацкага ўзроўню лiтаратуры.
Свае 75-годдзе Iнстытут лiтаратуры плануе адзначыць выпускам брашуры, што распавядзе аб яго дзейнасцi, бiблiяграфiчнага даведнiка “Працы Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы НАН Беларусi (1981—2005 гг.)”, а таксама рэспублiканскай навукова-практычнай канферэнцыяй “Сучасны лiтаратурны працэс: пiсьменнiк i жыццё”, якая адбудзецца 11 мая ў Мiнску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter