«20 год разам з Маладзечна»

Маладзечанскі фестываль-2013 падорыць шмат цікавых падзей

Так называецца сёлета юбілейны, ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі

7—8 чэрвеня прыгожы і малады беларускі горад Маладзечна зноў збярэ самыя яркія творчыя таленты. Напярэдадні народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы прафесар Міхаіл Фінберг даў цэлую прэс-канферэнцыю, дзе расказаў журналістам пра тое, як будзе праходзіць юбілейны фестываль.

Да месца будзе крыху звярнуцца да гісторыі. У 1993 годзе фестываль прыняў сваіх першых удзельнікаў. На той час яго асноўнай задачай было далучэнне творчай інтэлігенцыі да стварэння арыгінальных узораў песеннага жанру, пошук таленавітых выканаўцаў і рэалізацыя іх вакальных магчымасцей. За два дзесяцігоддзі фестываль стаў не проста форумам, які ўслаўляе нацыянальную песню і паэзію. Гэта ўжо сапраўдны культурны брэнд. Адметна, што ў час маладзечанскага свята традыцыйна гучыць толькi беларускае слова i не выкарыстоўваецца фанаграма.

Як падкрэсліў маэстра Фінберг, сёлета гэты маштабны фэст падорыць прыхільнікам творчасці шмат цікавых падзей і добрых эмоцый, сустрэч з сапраўднымі майстрамі, а таксама аматарамі і юнымі талентамі. Цэнтральная ідэя — далучэнне да нацыянальных каштоўнасцей беларускай культуры, папулярызацыя твораў беларускіх аўтараў, адкрыццё новых імёнаў. Гэтую вельмі важную місію фестываль цудоўна выконвае ўжо шмат гадоў, і папулярнасць яго расце. Міхаіл Фінберг упэўнены, што форум i надалей будзе не толькі натхняць новыя таленты, але і накiроўваць iх на прафесiйнае сталенне. Нездарма ж галоўнай падзеяй традыцыйна лічыцца Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні — гэта ён запальвае новыя зоркі. Дарэчы, яго пераможцамі ў розныя гады былі Ірына Дарафеева, Вікторыя Алешка, Дзмітрый Качароўскі, Наталля Тамела і іншыя знакамітыя выканаўцы. А ўладальнік Гран-пры 2009 года Аляксандр Салаўёў, саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, у гэтым годзе будзе прадстаўляць нашу краіну на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2013» у час Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Мерапрыемствы юбілейнага фестывалю пройдуць на розных сцэнічных пляцоўках Маладзечна. А пачнецца і завершыцца ён грандыёзнымі гала-канцэртамі ў амфітэатры. Праграма складзена так, што цікавае для сябе змогуць знайсці людзі розных узростаў і густаў. Яна ўключае вечарыны класікаў беларускай паэзіі і вядомых кампазітараў, канцэрты камернай і джазавай музыкі, выступленні вядучых прафесійных калектываў Беларусі, канцэрты дзіцячых аматарскіх калектываў і выканаўцаў. Ярка і запамінальна мае адбыцца канцэрт «Маладзічок запальвае зоркі» з удзелам лаўрэатаў рэспубліканскага дзіцячага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок». Рыхтуецца і яшчэ адзін адметны канцэрт, які абяцае стаць сапраўднай падзеяй: у зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага прагучаць лепшыя беларускія хіты ХХ стагоддзя.

У час правядзення фестывалю будуць працаваць гандлёвыя кропкі, выставы-кірмашы вырабаў народных майстроў, дзе чакаецца шырокае прадстаўніцтва лепшых узораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. А маленькіх наведвальнікаў чакае канцэртна-гульнёвая праграма «Маладзечна — мой горад дзяцінства».

Юбілейны нацыянальны фестываль адбудзецца пры вельмі шырокім прадстаўніцтве. На свята музыкі і паэзіі запрошаны і замежныя госці, у тым ліку з гарадоў-пабрацімаў Маладзечна, чакаюцца дэлегацыі з Калугі, Чарапаўца, Каломны, Санкт-Пецярбурга, а таксама з Балгарыі, Украіны, Польшчы, Германіі.

Заснавальнiкi форуму — Мiнiстэрства культуры Беларусi, Нацыянальны акадэмiчны канцэртны аркестр Беларусi, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанiя Беларусi, Мiнскi аблвыканкам i Маладзечанскi райвыканкам.

Фота: архіў БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter