103 для камп’ютара

Часам, у свеце сучасных тэхналогій, якія яшчэ і бясконца ўдасканальваюцца, нават можна за-блудзіцца
Часам, як і ў цёмным лесе, у свеце сучасных тэхналогій, якія яшчэ і бясконца ўдасканальваюцца, нават можна за-блудзіцца. А вось дзе знайсці адказы на пытанні, як адрадзіць сумна згаслы экран камп’ютара ці прынтэр, які раптам заціх, ведаюць мала якія людзі. Хіба што спецыялісты. Або тыя, хто хоць аднойчы звяртаўся па дапамогу да студэнтаў з сэр-віснага IT-атрада БДУІР, які па праве можна назваць хуткай камп’ютарнай дапамогай.

Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА
Фота Юрыя МАЗАЛЕЎСКАГА

Зусім нядаўна колькасць байцоў атрада вырасла ўдвая, і сёння дапамогу насельніцтву аказваюць 40 добраахвотнікаў. У асноўным гэта студэнты 1—3 курсаў розных факультэтаў ВНУ. Прыярытэт у дапамозе аддаецца ветэранам і пенсіянерам, якія сёння таксама актыўна асвойваюць камп’ютарную тэхніку і інтэрнэт-прастору. Хоць, у прынцыпе, сюды можа звярнуцца кожны, у тым ліку і брат-студэнт.

За плячыма хлопцаў — вялікае мноства добрых спраў. Гэта і правядзенне камп’ютарных сетак у інтэрнатах, і стварэнне электроннай базы даных архіўных матэрыялаў для Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і ўстаноўка праграмнага забеспячэння для самых розных арганізацый Мінска. У іх ліку — дзіцячыя садкі, дзетдамы. Вось і нядаўна паступіў заказ ад дзіцячага дома № 7 Мінска. Чацвёртакурснік Сяргей Ёрш выканаў заданне прафесійна: пачысціў кам-п’ютар, усталяваў Windows, наладзіў прынтар.

«У асноўным нас просяць паказаць, як карыстацца антывірусам, тэкставымі рэдактарамі, ствараць прэзентацыі, — распавядае студэнт 3-га курса БДУІР Яўген Купрэвіч. — Бывае, людзі хочуць навучыцца працаваць у састарэлых праграмах, напрыклад, па бухгалтарскім уліку 2000 года. Мы прапануем больш сучасны варыянт і нават дапамагаем яго асвоіць».

Першыя атрады пачалі працаваць яшчэ ў 2006-м на базе факультэта радыёэлектронікі. Галоўнае, кажуць у ВНУ, што ў студэнтаў з’явілася цудоўная магчымасць скарыстаць веды на практыцы, атрымаўшы бясцэнны вопыт. За восем гадоў у атрадзе папрацавала не адно пакаленне студэнтаў. Сёння яны — паспяховыя ў сваёй прафесіі людзі.

«Хлопцы выязджаюць на вызавы і рамантуюць бясплатна, — гаворыць начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУІР Дзмітрый Кузняцоў. — Устанаўліваюць праграмы, прычым толькі ліцэнзійныя. Вядома, са свайго боку ВНУ прапануе ім пэўныя бонусы, у прыватнасці магчымасць атрымання месца ў інтэрнаце, прэміі».

Але ж, безумоўна, сутнасць тут не толькі ў бонусах. Мабыць, выпадковы чалавек у атрадзе надоўга б не затрымаўся. Бо з тым жа пажылым чалавекам трэба пагаварыць, растлумачыць яму незразумелыя моманты, а на гэта патрабуюцца час і цярпенне. Трэба шчыра дапамагаць людзям — гэта было і застаецца для байцоў атрада асноўнай матывацыяй. Пра гэта кажа камандзір IT-атрада студэнт 3-га курса факультэта камп’ютарнага праектавання Ян Гаеўскі, які працуе на карысць грамадзян ужо тры гады і збіраецца пакінуць атрад толькі па заканчэнні ВНУ.

Вядома, за гады існавання «хуткай камп’ютарнай дапамогі» шмат што змянілася, як змяніліся і праблемы, з якімі сёння звяртаюцца да студэнтаў. Тэматыка заказаў, распавёў Ян Гаеўскі, бывае самай рознай. Таму, прымаючы званок, малады чалавек, ведаючы здольнасці байцоў атрада, размяркоўвае яго таму, каму справіцца з задачай па сілах. Тады студэнт тэлефануе кліенту і дамаўляецца пра час рамонту. У ліку плюсаў такой працы, акрамя вялікага прафесійнага вопыту, які заўсёды спатрэбіцца ў жыцці, малады чалавек называе камунікацыйныя навыкі. «Да гэтага часу студэнты мелі зносіны з аднакурснікамi і з камп’ютарам, — разважае ён, — а цяпер умеюць кантактаваць з заказчыкамі — прымаць выклікі і дамаўляцца».

Пры гэтым вучоба застаецца для студэнтаў задачай нумар адзін: працуюць яны ў пазавучэбны час і ў выхадныя дні. Хоць гэта не азначае, што ў байцоў атрада ўсе суботы распісаны, але, у прынцыпе, яны заўсёды гатовыя прыняць тэрміновы заказ. А то і, калі выпадак сур’ёзны, даводзіцца браць працу дадому.

За гады работы атрада ў хлопцаў з,явіліся  свае назіранні: летам звычайна зацішша, а вось восень і зіма, наадварот, актыўныя сезоны. Зрэшты, выклікі, якія прымае сэрвісны атрад, бываюць і экстраннымі. Як, напрыклад, здарылася на днях, калі Ян выязджаў у Цэнтральны камітэт БРСМ, дзе былі непаладкі з прынтарам. Паўтары гадзіны рамонту, і агрэгат быў настроены.

На дасягнутым атрад спыняцца не збіраецца. Студэнты плануюць не толькі працягваць ажыццяўляць камп’ютарную дапамогу, але і весці ўрокі для тых, хто жадае стаць упэўненымі карыстальнікамі. Самі ж яны, маючы такія навыкі, стануць выдатнымі спецыялістамі.

Вера Артэага

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter