
«Не люблю, калi мяне шкадуюць»
Гледзячы на тое, як невысокi мужчына ў паласатай шапачцы марудна рухаецца па вулiцы райцэнтра, кульгаючы i характэрна выварочваючы нагу, хто-нiхто ўздыхне спачувальна, а iншы i абурыцца: маўляў, няўжо няма добрых людзей, каб падвезцi iнвалiда? Аднак для Сяргея Удоўкiна такая самастойнасць — i ўласны выбар, i жыццёвая неабходнасць.— Я павiнен кожны дзень як мага больш рухацца! — гаворыць ён. — Пакуль магу сам, дапамагаць мне не трэба.

Пяць разоў на тыдзень да Сяргея наведваецца сацыяльны работнiк, дапамагае прыбрацца, прынесцi вады. За прадуктамi гаспадар ходзiць сам, хаця з-за нескардынаваных рухаў, абумоўленых хваробай, гэта няпроста. Ад некаторых паслуг катэгарычна адмаўляецца. Прывезлi паколатыя дровы на зiму, прапанавалi арганiзаваць валанцёраў, каб злажыць iх у дрывотню, — адмовiўся: «Сам здольны!» Больш за ўсё мужчына не любiць, калi яго шкадуюць.
У цэнтры сацабслугоўвання пра Сяргея адзываюцца як пра аднаго з самых добрасумленных i добразычлiвых наведвальнiкаў дзённага аддзялення для iнвалiдаў — тут ён займаецца ў працоўнай майстэрнi, наведвае гурткi.
— Бывае, напячэ дома блiноў i прыносiць усiх наведвальнiкаў гуртка пачаставаць, — расказваюць супрацоўнiкi цэнтра. — Нярэдка пытаецца ў нас, цi не трэба што дапамагчы, сабраць, напрыклад, смецце на тэрыторыi.
Трэба рухацца наперад
Любiмы гурток Сяргея — бiсерапляценне. Для хворага на ДЦП гэта не проста хобi, а рэабiлiтацыя. Работа з маленькiмi дэталямi вымушае мозг канцэнтравацца, развiвае дробную маторыку рук, а ад гэтага ў сваю чаргу могуць паляпшацца працэсы мыслення i руху.— Дзякуючы таму, што Сяргей пастаянна займаецца, нам удалося дасягнуць значных поспехаў, — адзначае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання iнвалiдаў цэнтра Валянцiна Самусёва. — Рукi яго слухаюцца ўжо значна лепш. Як вынiк — стварыў шмат цiкавых вырабаў, здольных упрыгожыць кватэру цi службовае памяшканне.

Спецыялiсты цэнтра адзначаюць, што Сяргей з тых падапечных, каму асаблiва прыемна дапамагаць.
— У яго жыццёвай сiтуацыi iншы б прылажыўся да чаркi, упаў у адчай, а Сяргей не п’е, не курыць i ўвогуле такi пазiтыўны i жыццярадасны чалавек, якi ўмее быць удзячным, — гаворыць дырэктар ТЦСАН Таццяна Салаўёва.
Апошнiм часам у Сяргея Удоўкiна з’явiлася невялiкая праблема — знасiўся абутак. Наш «Аддзел добрых спраў» набыў актывiсту мяккiя скураныя боцікі. Падарунак i практычны, i сiмвалiчны: каб мужчына i ў халоднае надвор’е працягваў наведваць цэнтр, падарожнiчаць пешшу, развiваць такiм чынам рухальныя навыкi.
Пасылка з Мiнска, якая прыйшла ў аддзяленне дзённага знаходжання для iнвалiдаў, стала для Сяргея прыемнай нечаканасцю. У суправаджальным лiсце адрасату прачыталi словы знакамiтага iтальянскага акцёра Адрыяна Чэлентана: «Важна iсцi, не важна, павольна цi хутка, дастаткова проста iсцi. Калi iдзеш — ты рухаешся наперад».
На наступны дзень актывiст Удоўкiн прыйшоў у цэнтр у новым абутку i, усмiхаючыся, падняў уверх вялiкi палец правай рукi.
kozlovskaya@sb.by
Фота Таццяны САЛАЎЁВАЙ.