І ў цябе на гэта пяць прычын

Чаму варта ўбачыць «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі»

Чаму варта не пашкадаваць часу і наведаць Нацыянальны мастацкі музей

Маштабная выстаўка «Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі», падрыхтоўка якой ішла на працягу амаль года, пачынае работу ў Нацыянальным мастацкім музеі. У экспазіцыі прадстаўлены выдатныя ўзоры айчыннага мастацтва ад часоў Візантыі да сучаснасці — каля 500 унікальных экспанатаў. Ніколі раней такая вялікая калекцыя не збіралася ў адным месцы. Дэманстрацыйная прастора раскінулася на два паверхі галоўнага корпуса музея. Удзел у выставе прымаюць практычна ўсе музеі краіны, а таксама прыватныя калекцыянеры і карпаратыўныя зборы. Многія экспанаты будуць паказаны шырокай публіцы ўпершыню.

Што ж можна ўбачыць на выстаўцы?

Толькі сёння, у дзень адкрыцця арт-праекта, наведвальнікам будзе прадстаўлена поўнапамерная копія Крыжа Еўфрасінні Полацкай. Галоўная духоўная праваслаўная святыня Беларусі, створаная полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе, загадкава знікла ў першыя дні Вялікай Айчыннай, і дасюль яе далейшы лёс дакладна не вядомы. Рэканструкцыю страчанай святыні ў 1997 годзе зрабіў брэсцкі ювелір-эмальер Мікалай Кузьміч. Нядаўна ён дадаў у копію дэталі, якія яшчэ больш наблізілі яе да арыгінала. У абноўленым выглядзе беларускую святыню прадстаўляюць упершыню.

У экспазіцыі — знакаміты Вішчынскі скарб XII—XIII стагоддзяў, знойдзены ў час археалагічных раскопак у 1979 годзе пад Рагачовам. У ім і сярэбраныя зліткі-грыўны — разліковыя сродкі XIІ стагоддзя, і жаночыя ўпрыгажэнні: сярэбраныя каралі, падвескі, завушніцы, бранзалет і многае іншае. Ва Усходняй Еўропе вядома толькі два-тры падобныя скарбы.

Саламяныя Царскія вароты — унікальная з’ява. Аналагаў гэтаму помніку народнага мастацтва ў свеце няма. Зараз вядома ўсяго тры экзэмпляры варотаў. Усе яны знаходзяцца ў беларускіх музеях. Прадстаўлены на выстаўцы рэдкі экспанат быў створаны ў канцы ХVIII — пачатку XIX стагоддзя. Традыцыйна Царскія вароты выраблялі з дрэва і ўпрыгожвалі каштоўнымі камянямі, але ў XVII стагоддзі беларускія сяляне пачалі замяняць разьблёную пазалоту варот карункавым пляценнем з саломкі, а для імітацыі ўставак з каштоўных камянёў выкарыстоўваць невялікія кавалачкі тканіны.

На выставе ўпершыню пакажуць набытую на аўкцыёне «Сотбіс» карціну Хаіма Суціна «Ева», напісаную майстрам у 1928 годзе. Гэта самы дарагі экспанат выстаўкі, яго кошт — амаль 2 мільёны долараў. Нагадаем, што ў Беларусі, на гістарычнай радзіме Суціна, да нядаўняга часу не было ні адной карціны славутага мастака. Першай ластаўкай у 2012 годзе стала яго работа «Вялікія лугі ў Шартры», набытая Белгазпрамбанкам. І вось цяпер — ім жа выкупленая «Ева».

Відавочна, цікавасць выкліча Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года. На тэрыторыі нашай краіны гэта адзіны арыгінальны экзэмпляр старажытнага выдання. Менавіта на яго набыццё ў 2012 годзе грошы збіралі, як кажуць, усім светам.

Але вышэйпералічанае — гэта толькі пяць прычын, каб не пашкадаваць часу і зазірнуць у Нацыянальны мастацкі музей. Цікавага ў экспазіцыі значна больш.

Выстаўка працягнецца да 10 ліпеня.

Арганізатарамі маштабнага праекта выступаюць Белгазпрамбанк сумесна з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», Міністэрствам культуры і Нацыянальным мастацкім музеем.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter