І стужка ў валасах

Ці праўда, што вясельныя галаўныя ўборы маглі рабіць з простага сіта, а белыя вяночкі надзявалі толькі нявесты-сіроты?

Ці праўда, што вясельныя галаўныя ўборы маглі рабіць з простага сіта, а белыя вяночкі надзявалі толькі нявесты-сіроты?

Адным з самых галоўных і радасных момантаў жыцця ва ўсе часы лічылася вяселле. Асабліва для дзяўчат, якія рыхтуюцца да гэтай падзеі з усёй адказнасцю. Сёння, вядома, недахопу ні ў сукенках, ні ў вэлюмах няма — шаўковых, атласных, карункавых і іншых вясельных строяў хапае і ў салонах, і ў інтэрнэце. Безумоўна, сто-дзвесце гадоў таму ні пра якія онлайн-магазіны, вясельныя салоны і парады дызайнераў будучыя нявесты і падумаць не маглі. І калі сукенку нашы бабулі і прабабулі маглі яшчэ замовіць у суседкі-швачкі, то вясельныя галаўныя ўборы, як правіла, майстравалі самі са звычайных падручных матэрыялаў і з дапамогай сябровак-дружак. Ці існавала мода на вясельныя галаўныя ўборы, якія кветкі ўпляталі ў вянкі, чым адрозніваўся чапец ад каптура і навошта вэлюм абкручвалі вакол шыі высветліла карэспандэнт “НГ”.

Каб не сурочылі

— Доўгі час асноўным галаўным уборам нявесты былі вяночкі, — расказвае выкладчык кафедры касцюма і тэкстылю БДАМ Вераніка Багачова. — У канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя традыцыя крыху мяняецца. Пачынаюць з’яўляцца ўборы з вэлюмам. Спачатку вэлюм проста чаплялі да вяночкаў, пасля стварылі ўбор з брылямі.

З шырока распаўсюджаных галаўных убораў у маладых гэтага перыяду Вераніка Юр’еўна вылучае тры віды вянкоў — віты вянок з жывых кветак, вянок-абручык (на дроціку або каркасіку) і вянок на цвёрдай аснове — з лубу, бяросты ці кардону.

— Маглі выкарыстаць простае сіта, яго абгортвалі з благога боку звычайным палатном, а з добрага — дарагой тканінай, да прыкладу, аксамітам, шоўкам, і аздаблялі рознымі кветкамі, — тлумачыць Вераніка Багачова.

Існавалі і палатняныя галаўныя ўборы. Гэта маглі быць перавязкі і скіндачкі — складзеныя ручнікі, завязаныя ззаду, з вышыўкай на лобнай частцы і канцах. На вяселле дзяўчына магла надзець і звычайную хустку, якую часта завязвалі проста пад падбароддзем, а таксама павівайлу.

— Гэта яшчэ адзін распаўсюджаны вясельны галаўны ўбор — вялікі кавалак тканіны проста пакрываў твар нявесты. Дарэчы, гэта даўняя традыцыя — хаваць нявесту ад чужых вачэй. Раней, да прыкладу, па дарозе да царквы яе ўвогуле накрывалі некалькімі посцілкамі і коўдрамі, — расказвае Вераніка Юр’еўна. — Магчыма, каб не сурочылі ці каб жаніх загадзя не ўбачыў нявесту.

На галаве... гірлянда

Акрамя шырока распаўсюджаных відаў вясельных галаўных убораў маладой на тэрыторыі Беларусі вядомы цэлы шэраг іх лакальных відаў.

— Па сваёй канструкцыі, тэхналогіі і мастацкім вырашэнні яны з’яўляюцца ўнікальнымі, але былі ва ўжытку толькі на невялікай тэрыторыі, у асноўным у Заходнім Палессі. Гэта гірлянда з некалькіх рознакаляровых стужачак, да сёння невядома, як яна чаплялася. Вянок-шапачка — каркас з дроту ці галінак дрэў — укладвалі птушыным пер’ем, пафарбаваным у зялёны колер, колер цнатлівасці. Дзе-нідзе выходзілі замуж у падвічцы, калі вакол галавы павязвалася палатно і ў ім мацаваўся цэлы букет жывых кветак (уяўляеце, букет не ў руках, а на галаве!). І, бадай, самым яркім і знакамітым вясельным галаўным уборам з’яўляецца стаўбуновы вянок. Ён складаўся з трох частак і багата аздабляўся. Давялося патрымаць гэты вянок у руках. Ён нібы жывы, рухаецца і трымціць, як букет жывых кветак.

Як правіла, галаўныя ўборы, як і ўвесь вясельны касцюм беларусаў, былі каляровыя. Толькі нявесты-сіроты не апраналіся ў каляровае. Іх вянок рабілі манахромным, часцей белым ці проста светлым. Цалкам белым вясельны строй стаў толькі ў першай палове ХХ стагоддзя. Але і ён доўгі час аздабляўся зелянінай.

— Як правіла, гэта былі рута, аспарагус, мята, барвенак, часам папараць, — пералічвае Вераніка Юр’еўна.

— Зеляніна лічылася сімвалам дзявоцтва, і ёю ўпрыгожвалі, як правіла, толькі цнатлівых дзяўчат.

“Карона” ў пазыку

Галаўны ўбор нявесты рабілі з жывых і штучных кветак, карункаў, пацерак, ватных камячкоў — вату накручвалі на дроцік і апускалі ў воск, атрымліваліся “кроплі”. Ён не быў даўгавечны, таму рабілі, як правіла, напярэдадні вяселля ў суборную суботу, звычайна нявеста са сваімі сяброўкамі. Калі жаніх быў заможны, то вясельны галаўны ўбор замаўляў ён. Гэта магла быць, да прыкладу, багата аздобленая карона. І калі  звычайны вянок пасля вяселля, як правіла, спальвалі, зашывалі ў падушку, клалі за абразок або разбіралі і раздорвалі сяброўкам, то такі галаўны ўбор захоўвалі і перадавалі адзін аднаму ў вёсцы.

— У другой палове вяселля галаўны ўбор маладой змяняўся на галаўны ўбор маладухі, што сімвалізавала набыццё дзяўчынай іншага, замужняга статусу, — расказвае Вераніка Багачова. — Галоўная розніца паміж дзявочымі і жаночымі ўборамі была ў тым, што дзявочы не закрываў макаўку — гэта лічылася сімвалам дзявоцтва і незамужняга жыцця. Такі ўбор мянялі на намітку, хустку, чапец або каптур (чапец з вушкамі).

— Мода мянялася, і часта новае адзенне было вельмі адкрытым, асабліва ў вобласці шыі і дэкальтэ, — расказвае Вераніка Багачова. — Аголеныя месцы стараліся схаваць з дапамогай вэлюму. Нявесту імкнуліся захаваць чыстай нават ад чужога погляду — дзеля адзінага чалавека.

Павучыцца б і нам у сваіх бабуль і прабабуль такой “разумнай” модзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter