“Клубнічка” з Любаншчыны. Унікальны беларускі эратычны фальклор беражліва захоўваюць у гэтым куточку Беларусі.

Аўтэнтычнаму гурту “Глыбокія крыніцы” з вёскі Закальное Любанскага раёна пад сілу разварушыць і састарэлых даследчыкаў, і занудных офіс-менеджэраў, болей таго, нічога не каштуе прымусіць іх пачырванець. Адзіныя ў нашай краіне захавальніцы ўнікальнай спадчыны — беларускага эратычнага фальклору — свае фрывольныя песенкі ўключаюць у неафіцыйную праграму. Ансамблю нададзены высокі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму на святах, пасольскіх прыёмах і музычных фестывалях галасістыя бабулькі часцей выконваюць менш шокавыя, але самабытныя творы народнага мастацтва.

Аўтэнтычнаму гурту “Глыбокія крыніцы” з вёскі Закальное Любанскага раёна пад сілу разварушыць і састарэлых даследчыкаў, і занудных офіс-менеджэраў, болей таго, нічога не каштуе прымусіць іх пачырванець. Адзіныя ў нашай краіне захавальніцы ўнікальнай спадчыны — беларускага эратычнага фальклору — свае фрывольныя песенкі ўключаюць у неафіцыйную праграму. Ансамблю нададзены высокі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, таму на святах, пасольскіх прыёмах і музычных фестывалях галасістыя бабулькі часцей выконваюць менш шокавыя, але самабытныя творы народнага мастацтва.

Атэлы і Эсмеральды

Нягледзячы на гуллівасць тэкстаў эратычных вершаў, песен, баек і частушак, пахабнымі гэтыя вынаходніцтвы вуснага народнага мастацтва ніколі не лічыліся. Іх распявалі на вяселлях, заручынах, дзявочніках, ды і проста, калі хацелася прыцягнуць да сябе ўвагу ці кагосьці падражніць. Тэма сексу і кахання была моцна звязана ў свядомасці нашых продкаў, ніякага табу на яе не накладвалася. І калі ў Сярэднявеччы ці ў СССР бяседы ніжэй пояса вяліся выключна шэптам, то ў нашым краі блакітных азёр і густых лясоў усё інтымнае разглядалася як справа радасная і прыемная для абодвух бакоў.

— Наш рэпертуар склаўся не адразу, — распавядае мастацкі кіраўнік “Глыбокіх крыніц” Надзея Мірэйчык. — Ішоў 1991 год, я толькі інстытут культуры скончыла. Час адраджэння. Даведалася, што ў савецкі час тут склаўся дзіўны закальнецкі хор, які потым распаўся. Пайшла я па вёсцы бабулек ізноў збіраць. Як успомню гэтыя гвалты! Кагосьці муж не пушчаў: што за гаспадыня, маўляў, якая на гастролі ездзіць?! Агарод, скаціна на кім застануцца? Адзін мужык сваю жонку лупцаваў за тое, што яна спяваць да мяне хадзіла. Яна і перастала. Сказала мне: калі памрэ — тады завітаю. Рэўнасць — гэта страшна. Бывала, і чарку мужыкам паабяцаю, каб рэпетыцыю зладзіць...

Музыка іх звязала

На шчасце, такія праблемы былі не ва ўсіх. Яўгенія Антонаўна Сячэня пражыла са сваім мужам Рыгорам шэсцьдзесят гадоў. Пазнаёміліся яны адразу пасля вайны. З фронту хлопец вярнуўся не толькі з медалём, але і з новымі песнямі. Пасяліўся па суседству. У сям’і бабы Жэні быў гармонік — дык на глебе творчасці і сышліся.
— Мой Рыгор любіў спяваць, — узгадвае Яўгенія Антонаўна. — Спачатку з намі на рэпетыцыі хадзіў, а пасля часу не стала. Трэба было дзетак падымаць, у калгасе рабіць. Ён цялят даглядаў. Але ўсё роўна музыку не пакідаў, мы заўсёды спявалі дома. Шмат песень, якія мы зараз выконваем, я ведаю ад мужа. Года не прайшло, як ён памёр. Вельмі сумна мне стала. Як заспяваю, дык увесь час яго ўспамінаю.
Кансерваторый у “Кры-ніцах” ніхто не канчаў, песні ніадкуль не перапісваў. Усе словы і музыку яны чулі ад сваіх матуль і бабуль.

Эх, чобаты, чобаты вы мае!
Павесіла чобаты на ізбе,
Сама сябе ўдарыла па...
Папе здзелалі бацінкі!
Не бацінкі — паўбацінкі!
Мама ходзіць па ізбе,
Б’юць бацінкі па...
Папе здзелалі бацінкі...

Па асобнай праграме

Бабулькі задаволеныя: усё часцей іх запрашаюць на прыватныя святы і карпаратывы. Выйсці на абласную ці раённую пляцоўку з некаторымі песнямі не дазволяць: кожнаму твору сваё месца. Бізнесменам, напрыклад, даспадобы “клубнічка”, асабліва ў такім незвычайным выкананні.

А ў нашага зу... Эх, Зуя!
Цячэ вада з ху... Эх, з хутара да ў наша сяло!
А ў нашага дзя... Эх, дзядзі!
Да ўсе дзеўкі бля... Эх, бляхаю таргуюць яны!

Не ўсе творы з сексуальным падтэкстам вершаваныя. Ёсць і байкі.
Убачыла дзіця на прыпечку сушыцца льняное сем’я і кажа: “На прыпечку сем’я — ...блісь!
Хто сапраўды з’яўляецца стваральнікам гэтых слоў і музыкі, нам ужо не даведацца. Хутчэй за ўсё гэта ўзор праяўлення масавай народнай творчасці. Тым не менш факт застаецца фактам. Нідзе, акрамя Любаншчыны, такіх песень і нават падобных на Беларусі не выконваюць. Час заявіць аб аўтарскіх правах! Тым больш што з касетамі, на якіх запісаны бабульчыны галасы, здарылася сапраўдная дэтэктыўная гісторыя: іх таемным вобразам укралі. Таму на камеру цяпер бабулі спяваць адмаўляюцца, каб не раскідацца эксклюзівам. Так што сачыце за афішамі. Час ад часу “Глыбокія крыніцы” прыязджаюць ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтв, дзе іх канцэрты праходзяць пры аншлагу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter