Яе вялікасць опера

Два прозвішчы, якія часцей за іншыя ў гэтыя дні ўзгадваюцца ў нашым Вялікім тэатры, — Ілья Сільчукоў і Алена Абразцова
Два прозвішчы, якія часцей за іншыя ў гэтыя дні ўзгадваюцца ў нашым Вялікім тэатры, — Ілья Сільчукоў і Алена Абразцова. Першы прымусіў пра сябе загаварыць, трапіўшы ў фінал тэлевізійнага праекта «Вялікая опера», а народная артыстка СССР пагадзілася стаць удзельніцай Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, які хутка адбудзецца ў нашай сталіцы. 

Сёлета яго адкрые доўгачаканая прэм’ера «Паяцаў» у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ. 13 снежня партыю Каніа выканае народны артыст Грузіі Тэймураз Гугушвілі, які ўжо даўно стаў любімцам беларускай публікі і апошнія тры гады з задавальненнем удзельнічае ў нашым форуме.

Алена Абразцова заззяе на ім упершыню. Яна выканае партыю Графіні ў «Пікавай даме». Разам з ёй на сцэну выйдуць нашы вядучыя салісты — Уладзімір Пятроў, Аксана Волкава, Эдуард Мартынюк, Анастасія Масквіна і іншыя. Яшчэ адна цікавая падзея ў рамках гэтага мерапрыемства — «Рыгалета», дзе будзе саліраваць заслужаны артыст Украіны Уладзіслаў Гарай. Па традыцыі ў апошні дзень — 18 снежня — гала-канцэрт зорак сусветнай оперы, у якім апрача сапраўдных майстроў выступяць і пераможцы Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў.

Яго з’яўленне ў рамках форуму — сапраўдная падзея не толькі для Беларусі, але і для іншых краін. Нездарма ж на конкурс пададзена 280 заявак. Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка з гонарам адзначае, што мала які конкурс можа пахваліцца такой колькасцю ўдзельнікаў. Амаль палова з іх — расіяне, шмат беларусаў (у тым ліку і Ілья Сільчукоў) і ўкраінцаў. Усяго ж прадстаўнікі 21 краіны. 

Арганізатары запрасілі прадстаўнічае журы, паказацца перад ім — гэта амаль стапрацэнтна атрымаць кантракт з якім-небудзь тэатрам. Але ў фінал трапяць толькі дзесяць салістаў. 

Дарэчы, на «Вялікай оперы» на тэлеканале «Расія—Культура» таксама было дзесяць удзельнікаў з розных краін. Пасля сямі выпускаў іх засталося толькі пяць, сярод іх і беларус Сільчукоў. У бліжэйшую суботу — наступны этап. Фінал — 29 лістапада ў прамым эфіры з Вялікай залы Маскоўскай кансерваторыі.

Наталля СЦЯПУРА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter