Диктофон, смартфон или автомобильный регистратор: как при необходимости записать качественный звук

Я вас пішу

Муж назваў дрэнным словам, суседка пагражае атруціць ката, былая жонка не дае бачыцца з дзіцём... А можа вам проста лянота пісаць лекцыю ад рукі? Падставы схапіць гуказапісвальную прыладу і націснуць кнопку REC могуць быць самыя розныя. Карэспандэнт «Р» даведалася, як якасна зрабіць аўдыёзапіс?

Для атрымання якаснага аўдыёзапісу трэба пазбавіцца ўсіх крыніц шуму — ад уключанага тэлевізара да пастуквання пальцамі па стале.
Фото tehnikaportal.ru

Гаварыце, я слухаю

У суседнім пакоі пыласосіць бабуля, ці побач кот шамаціць пакетам, міма праносяцца аўтамабілі, ці гучна працуе радыё... Усё гэта староннія шумы, якія пагаршаюць якасць аудыясігналу, які вы пішаце.

Самы распаўсюджаны шум на запісе, зробленым непрафесіяналам, — гэта шум камп’ютарнага вентылятара. Таму пераканайцеся, што ваш мікрафон знаходзіцца на дастатковай адлегласці ад сістэмнага блока камп’ютара, — пачынае размову начальнік аддзела электраакустыкі ўпраўлення фанаскапічных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксей Кожан. — Пажадана зачыніць вокны ў памяшканні. Усіх магчымых крыніц шуму — ад гукаў тэлевізара да пастуквання пальцамі па стале — таксама варта пазбавіцца.

Калі староннія шумы ўсё ж трапілі на аўдыёзапіс, то з дапамогай спецыяльных камп’ютарных праграм можна правесці яго шумаачыстку. Аднак часам цалкам прыбраць шумы, не нашкодзіўшы пры гэтым запісанаму моўнаму сігналу, не ўдаецца. Пасля апрацоўкі голас гучыць ненатуральна, нібыта з вуснаў робата.

Аляксей Кожан:

— Гэта асабліва актуальна для аналагавага запісу. Пры лічбавым варыянце якасць гуку будзе вышэйшай, бо ў многіх сучасных лічбавых гуказапісвальных прыладах ужо маюцца ўбудаваныя сістэмы шумапрыглушэння. Нават калі вы пішаце не на прафесійны дыктафон, а на дыктафон у смартфоне, то атрымаецца добра.

Дапусцiм, вы студэнтка і хочаце зафіксаваць лекцыю, — падключаецца да размовы судовы эксперт аддзела электраакустыкі Таццяна Кушкавая. — Лепш сядайце на першы рад, гуказапісвальную прыладу не хавайце, а кладзіце прама на стол. Падчас запісу старайцеся не шумець. Маю на ўвазе, не стукайце па стале алоўкам, не шамаціце адзеннем, не перамаўляйцеся з суседкай па парце нават паўшэптам. Чаму? Аўдыторыя вялікая — лектар адносна далёка, а гукі вашых шумоў — блізка. Аўтаматычная сістэма кіравання ўзроўнем запісу зрэагуе на іх, і яны заглушаць голас лектара.

А калі важная размова адбывалася на ажыўленай вуліцы, дзе немагчыма паўплываць на парывы ​​ветру і шум транспарту, якія заглушалі гаворку? У гэтым выпадку прыйдзецца звяртацца да спецыялістаў. І калі вы не спецыяліст і не ўмееце працаваць з праграмамі, якія рэдагуюць гук, то не спрабуйце самастойна вырашыць праблему. Зробіце толькі горш.

Таццяна Кушкавая:

— Да нас перыядычна звяртаюцца з просьбай ачысціць гуказапіс ад шуму ці высветліць даслоўнае ўтрыманне зафіксаванай размовы. Эксперт выраўняе гук, прыбярэ рэха, узмоцніць узровень гучнасці запісаных галасоў, падвысіўшы тым самым іх выразнасць... Аднак, калі якасць з самага пачатку вельмі дрэнная, цудаў чакаць не варта — яе можна толькі трохі палепшыць.

— А калі хачу запісаць так, каб суразмоўца не заўважыў гэтага? Напрыклад, чалавек мне пагражае... — цікаўлюся.

Гуказапісвальную прыладу глыбока ў кішэні не хавайце, — зазначае распаўсюджаную памылку Аляксей Кожан. — Аптымальны варыянт — пакласці яе ў нагрудную кішэню пінжака. Ёсць скрытыя пятлічныя мікрафоны. Іх можна незаўважна замацаваць на гальштук ці пад каўнер кашулі. Што да мікрафонаў у смартфонах, то яны асабліва адчувальныя да парываў ветру. Улічыце гэта, робячы запіс на вуліцы.

Алё, вы на гучнай

З запісам тэлефонных размоў справа больш складаная. Для гэтага прыйдзецца ўстанавіць спецыяльны мабільны дадатак. Ён якасна зафіксуе размову прама з тэлефоннай лініі. Аднак некаторыя вытворцы смартфонаў прытрымліваюцца палітыкі прыватнасці і гуказапісвальныя дадаткі пры тэлефоннай размове папросту не запускаюцца. Выйсці два: патэлефанаваць з гаджата іншай маркі ці купіць спецыяльную апаратуру, якая здымае размову прама з лініі.

Часцей людзі паступаюць так: уключаюць гучную сувязь на смартфоне і запісваюць размову на дыктафон. Якасць такога запісу залежыць ад якасці мікрафона і дынамікаў. Калі яна дрэнная, то голас сказіцца, — Аляксей Кожан стараецца растлумачыць без складаных тэхнічных тэрмінаў. — Да таго ж два радыёпрыборы, блізка паднесеныя адзін да аднаго, могуць стварыць рэзананс дынамікаў. Ён праявіцца ў выглядзе моцнага трэску на запісе. Узгадайце, што адбываецца з сігналам радыёпрыёмніка, калі вы падносіце да яго актыўны тэлефон…

На якасць сігналу, які запісваецца, уплывае акустыка памяшкання. Пераконваемся ў гэтым, зрабіўшы на адзін дыктафон два запісы: адзін у пустым калідоры, другі — у працоўным кабінеце. На першым запісе эфект такі, нібы дыктар знаходзіцца ў пустым ванным пакоі з кафлянай пліткай. Голас гучыць глуха, месцамі нават неразборліва з-за рэха. Для правільнай акустыкі ў памяшканні павінна быць шмат драўлянай і мяккай мэблі. Яна разбівае гукавыя хвалі, перашкаджаючы з’яўленню скажэнняў. Па гэтай жа прычыне ў кінатэатрах выкарыстоўваюць заслоны.

Цішэй за ваду

Часта важныя размовы людзі запісваюць на відэарэгістратары аўтамабіля. Перашкодзіць запісу такой гутаркі можа ўключаная магнітола. Пераконваемся ў гэтым, праслухаўшы некалькі запісаных падобным чынам аўдыёфайлаў. На першым плане чуваць гук радыё, і толькі на заднім фоне ледзь распазнаваныя галасы. Таму для запісу важнай размовы ў салоне аўтамабіля лепш з’ехаць з ажыўленага праспекта ў завулак, заглушыць рухавік, выключыць радыё, зачыніць вокны, каб гукі транспарту вам не перашкодзілі...

Аматарам падстрахавацца з дапамогай гука­запісу эксперты параілі не выка­рыстоўваць рэжым актывацыі голасам VАS. І вось чаму. Пры яго актывацыі запіс спыняецца кожны раз, калі ў размове наступае паўза. Вам будзе складаней даказаць, што такі запіс не падвяргаўся мантажу. Па гэтай жа прычыне не рэкамендуецца ставіць запіс на паўзу.

Таццяна Кушкавая:

— Вытворцы многіх партатыўных гуказапісвальных прылад для якаснага запісу размовы рэкамендуюць рэжым high quality. Аднак у некаторых выпадках ён можа саслужыць мядзведжую паслугу: дыктафон зловіць занадта шмат старонніх шумоў. Выйсце — рэжым запісу standart quality. Выбраць аптымальны рэжым для канкрэтнай сітуацыі дапамогуць загадзя зробленыя тэставыя гуказапісы.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter