Тэатральны падарунак ветэранам

Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага да юбілею Вялікай Перамогі падрыхтавалі арыгінальную канцэртную праграму “Поле памяці”
Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага драмтэатра імя Максіма Горкага да юбілею Вялікай Перамогі падрыхтавалі арыгінальную канцэртную праграму “Поле памяці”.

У Рускім тэатры з павагай ставяцца да ваеннай тэматыкі, рэалізуюць да юбілеяў Перамогі адметныя праекты. Напрыклад, спектакль “Знак бяды” паводле аповесці Васіля Быкава ў 1985-м паставіў Валерый Маслюк. “Вяршыняй творчасці Вольгі Клебановіч стала роля Сцепаніды,” — сцвярджаюць тэатразнаўцы. Артыстка, як і яе партнёр па спектаклі Аляксандр Ткачонак (ён выконваў ролю Петрака), стала ў 1986-м лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР. А напярэдадні 70-й гадавіны Перамогі рэжысёр-пастаноўшчык Валянціна Еранькова і музычны кіраўнік, кампазітар Аляксей Еранькоў паставілі тэматычную канцэртную праграму. У яе ўвайшлі ўрыўкі са спектакляў пра вайну, адпаведныя музычныя кампазіцыі з рэпертуару Уладзіміра Мулявіна, вершы і песні. У праграме ўдзельнічалі пераважна маладыя артысты тэатра.

Стваральнікі праграмы казалі: гэта падарунак ветэранам, даніна памяці і павагі ўсім, хто змагаўся за Перамогу. У фае можна было паглядзець фотаздымкі ваенных гадоў, лісты і тэлеграмы салдат. У двары тэатра гасцей частавалі кашай, прыгатаванай на палявой кухні.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter