Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Пабрацімскія сувязі паміж беларускімі ды расійскімі гарадамі наладжвае Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Братэрства”

Стала Цвер па-сяброўску бліжэй

Гарады-пабрацімы Слуцк і Ржэў, Талачын і Канакова, Полацк і Западная Дзвіна… Дзякуючы намаганням актывістаў Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Братэрства” па Цвярской вобласці існуе ўжо больш за пятнаццаць такіх “сяброўскіх звязак” паміж беларускімі ды расійскімі гарадамі, раёнамі. Сёлета пасябравалі горад Бяроза, што ў Брэсцкай вобласці Беларусі, ды Селіжараўскі раён Цвярской вобласці Расіі. Хутка гарадамі-пабрацімамі стануць Магілёў і Цвер. Пра каштоўны кірунак дзейнасці суполкі расказваў мне яе старшыня Сяргей Жагуноў. Гутарылі з ім у Музеі архітэктуры й побыту, што ў вёсцы Азярцо пад Мінскам. Там праходзілі заняткі па традыцыйных вясенніх абрадах ды звычаях беларусаў для ўдзельнікаў творчай стажыроўкі кіраўнікоў аматарскіх калектываў беларускіх суполак замежжа (гл.: “Вясновы фармат сустрэч” — ГР, 17.05.2018).

Сяргей Жагуноў (у цэнтры) сярод удзельнікаў творчай стажыроўкі беларусаў замежжа

Сяргей Жагуноў быў сярод сёлетніх “курсантаў”. У стажыроўцы ён удзельнічаў упершыню. Быў вельмі ўдзячны арганізатарам, Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур: “Гэта — і глыток роднага паветра, і настальгія, і магчымасць даведацца шмат новага. Галоўнае ж: дзякуючы такім сустрэчам этнічныя беларусы адчуваюць, што патрэбныя тут, не забытыя Бацькаўшчынай”. Сяргей нарадзіўся ў вёсцы Дуброўка Ржэўскага раёна Цвярской вобласці, а продкі яго — з беларускага Віцебска.

Пабрацімскія сувязі, упэўнены спадар Сяргей, спрыяюць развіццю культурных стасункаў. Так, часта ў Таржку ды Ржэве, Ліхаслаўлі ды Бежацку — у любым горадзе Цвярской вобласці ў час фэстаў ды святаў можна сустрэць гурты з Беларусі. Госці з Расіі таксама прыязджаюць у Беларусь. “Памятаю, два гады таму пераможцай Міжнароднага фестывалю-конкурсу нацыянальных культур “Исток дружбы” ў Цвяры стала салістка Шклоўскага раённага Дома культуры Кацярына Ганчарова”, — згадвае Сяргей.

Вялікі патэнцыял маюць сяброўскія ўзаемасувязі й для развіцця беларуска-расійскіх стасункаў у сферы эканомікі. Напрыклад, у Канакове асфальтабетонны завод узводзяць беларускія спецыялісты з талачынскай дарожна-будаўнічай арганізацыі. А ў адну са здраўніц, што ў тым расійскім раёне, джэмы, сокі, кансервы й нават сталовае віно пастаўляе Талачынскі кансервавы завод. 

Яшчэ адзін важны праект Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Братэрства” — аўтапрабег “Дарогамі вайны — дарогамі міру”, запланаваны ў гонар Дня Незалежнасці Беларусі. Пачнецца ён ад манумента “Героям-панфілаўцам”, што ў падмаскоўным Валакаламску, пройдзе праз Ржэў (дарэчы, у бітвах пад Ржэвам у 1942—43 гадах загінула каля 1870000 ваеннаслужачых: на 430 тысяч больш, чым пад Сталінградам). Потым на шляху ўдзельнікаў аўтапрабегу будзе пасёлак Аленіна Цвярской вобласці, беларускія гарады Віцебск, Магілёў, Гомель, Брэст, Мінск, Полацк, Глыбокае. Вяртацца ж у Цвярскую вобласць удзельнікі будуць праз Віцебск.

Расказаў Сяргей Жагуноў, што сам ён — майстар спорту па лёгкай атлетыцы. “Калі быў маладзейшы, — усміхаецца субяседнік, — на працягу васьмі гадоў да Дня Перамогі рабіў “забегі”: ад Кургана Славы, што пад Мінскам, да Плошчы Перамогі — 35 км. Аднойчы нават паставіў асабісты рэкорд: прабег дыстанцыю за 1 гадзіну 35 мінут”. 

У планах актывістаў Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Братэрства” пабываць сёлета на “Славянскім базары ў Віцебску”, завітаць на “Купалле” ў аграгарадок Александрыя, што ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. 

Поспехаў вам, сябры!

Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ.

Голас Радзімы № 24 (3576), чацвер, 28 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter