Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Шмат цікавага даведаліся актывісты беларускіх суполак замежжа на зямлі бацькоў

Вясновы фармат сустрэч

Сяброўкі Ларыса Бугаёва ды Ірына Лазарук, якія не бачыліся некалькі гадоў, сустрэліся сёлета ў Мінску ў час творчай стажыроўкі для кіраўнікоў аматарскіх калектываў беларускіх суполак замежжа. Пазнаёміліся й пасябравалі яны ў Малдове. Адна, хоць і нарадзілася ў Кішынёве, аднак беларуска па крыві, другая родам з вёскі Барань, што ў Аршанскім раёне Віцебшчыны. Упершыню ўбачыліся беларускі на адной з імпрэзаў Беларускай абшчыны Кішынёва. Шэсць гадоў таму Ірына Лазарук вярнулася на Бацькаўшчыну даглядаць маці — дый засталася тут. А з сябрамі сувязь не губляе. “Штотыдзень размаўляем па скайпе, спісваемся па электроннай пошце, — кажа Ірына. — Заўсёды ў курсе спраў”.

Беларусы замежжа на экскурсіі ў Музеі архітэктуры і побыту
Фота: кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

Ларыса, калі даведалася, што едзе ў Беларусь на стажыроўку, якую штогод ладзіць для актывістаў беларускіх суполак замежжа Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, расказала пра яе беларускай сяброўцы. А тая, калі ўбачыла ў дасланай ёй праграмцы паездку ў Музей архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо пад Мінскам, загарэлася: ці можна мне да групы? Вядома ж, справа вырашальная. Тым больш, што й арганізатары стажыровак заўсёды ідуць насустрач, стараюцца “разрульваць” пытанні, улічваць пажаданні ўдзельнікаў.

І вось у Мінску сустрэліся беларускі з Кішынёва ды Барані. Мікрааўтобус з удзельнікамі стажыроўкі рухаецца ў Азярцо. Па дарозе Ірына расказвала: паехаць у Музей архітэктуры і побыту ёй захацелася яшчэ й таму, што там сярод экспанатаў ёсць драўляная царква 1704 года — з вёскі Барань. Яе саму там хрысцілі. Пасля, ужо ў музеі, Ірына доўга стаяла ля храма, які, дарэчы, адрэстаўраваны ды асвечаны, і ў ім можна праводзіць вянчанні, хрэсьбіны. Казала: “Памятаю, стаяла закрытая царква на ўскрайку вёскі… А ў 1976-м яе перавезлі сюды, у музей. На тым месцы цяпер — крыж. Многія жыхары шкадуюць, што царкву забралі, іншыя ж упэўнены: так яе выратавалі, бо спалілі б…”. Ірына прызнавалася, што сустрэча са святыняй разварушыла сэрца. Абацяла: прыедзе ў Азярцо зноў — разам з дачкой.

У размове з Ірынай ды Ларысай я ўспомніла: бачыліся мы ў час ІІ Фэсту мастацтваў беларусаў свету, у 2014-м. Яны тады як народныя майстрыхі прадстаўлялі свае вырабы, фларыстыку ды вышываныя стужкамі карціны, на выставе ў Гістарычным музеі. Штогод Ірына Лазарук удзельнічае і ў “Славянскім базары” ў Віцебску. Яна — сябар Аршанскага дома рамёстваў, выкладае прадмет “народныя промыслы і мастацкая творчасць” у Дзяржпрафліцэі тэкстыльшчыкаў імя Г. В. Сямёнава ў Оршы.

І. Лазарук ля царквы з в. Барань
Фота: кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ
Прыемныя ўражанні (бо сёлета ж іншы фармат сустрэч: вясновы — а не восеньскі!) ад экскурсіі па музеі ды ўвогуле ад стажыроўкі таксама ў іншых удзельнікаў. У захапленні ад лекцыі пра традыцыйны беларускі касцюм навукоўцы Марыі Віннікавай, яе майстар-класа па завіванні наміткі засталася кіраўніца беларускага фальклорнага калектыву “Сузор’е” суполкі “Крок” з літоўскага Вісагінаса Ніна Мельнікава. Пра карысць заняткаў па танцах ды спевах казалі мне кіраўніцы творчых гуртоў з Італіі, Польшчы, расійскага Томска Сняжана Глугоўская, Ганна Несцярук, Вікторыя Пастушкова. Майстар-класы па салома- ды лозапляценні спадабаліся кіраўніцы вакальнага квартэта “Папараць-кветка”, што пры Беларускай сябрыне Львоўскай вобласці Украіны, Аксане Яськіў. У планах яе — праводзіць вячоркі для сяброў аб’яднання, і навука гэтая прыйдзецца вельмі дарэчы. Як, між іншым, і майстраванне лялек-абярэгаў ды папяровых птушак, выраб гліняных рэчаў: таму вучылі ў Доме рамёстваў у вёсцы Стрэнькі, што ў Рагачоўскім раёне Гомельшчыны.

З захапленнем расказвала пра паездку ў Рагачоў і блізкія да яго вёскі Стрэнькі ды Збароўскае кіраўніца ансамбля беларускай песні “Купава” беларускай суполкі “Ялінка”  з эстонскага Маарду Алена Калягіна. “Вельмі спадабаўся музей “Таямніцы лекавых раслін”, створаны пры Збароўскім сельскім доме культуры, — дзялілася ўражаннямі. — Расказвалі нам пра такія, здаецца, простыя рэчы — лекавыя ўласцівасці трыпутніка, лісцяў бярозы… Быццам бы мы гэта й ведаем, але ж забыліся”. Дадому Алена павезла і цалкам запоўненую карту памяці смартфона з запісамі з заняткаў, майстар-класаў, экскурсій… Плюс яшчэ дзве флэшкі, дыскі з метадычнымі матэрыяламі ды блакнот з кантактамі выкладчыкаў, сяброў- беларусаў з розных краін.

Дарэчы, і ў мяне пад час гутарак з удзельнікамі сёлетніх курсаў назбіралася шмат запісаў на дыктафоне. Асобнымі тэкстамі плануюцца інтэрв’ю з старшынёй Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Братэрства” з расійскага Ржэва Сяргеем Жагуновым, кіраўніком дзіцячага вакальнага ансамбля Калінінградскага зямляцтва беларусаў Уладзімірам Лаўрыновічам ды іншымі.

А ўсяго ў сёлетняй стажыроўцы паўдзельнічалі супляменнікі з Арменіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 18 (3570), чацвер, 17 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter