Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Мастак Леанід Данэлія звяртаецца ў творах, што дэманстраваліся на выставе ў Палацы культуры прафсаюзаў, да свайго брэсцкага дзяцінства і старонак гісторыі горада над Бугам

Грузінска-беларуская палітра лёсу

Прозвішча ягонае — грузінскае, карані ж роду па маці — беларускія. У вёсцы Забалацце, што ў Магілёўскім раёне, праводзіў канікулы ў дзяцінстве мастак Леанід Данэлія. “Там, на чыгунцы Магілёў—Асіповічы, ёсць станцыя Вендрыж: мы з Брэста й прыязджалі туды, наведваючы маміных бацькоў, — згадвае Леанід Пятровіч. — Бабулю Аніссю, дзеда Пятра Міхайлавіча Магдалавых я вельмі любіў. А дзед мой, дарэчы, быў цікавы чалавек! Да рэвалюцыі выязджаў на заробкі ў Амерыку, працаваў там шахцёрам. У Імперыялістычную вайну пайшоў у войска — так і вярнуўся ў Еўропу: у складзе экспедыцыйнага корпуса. Быў паранены, яго камісавалі — дзед і падаўся, праз Швецыю, дадому. Памятаю, падарыў неяк мне цэнтавую манетку з выявай індзейца чаканкі 1909 года… На жаль, яна не збераглася, а ўспаміны пра басаногае маленства маё вясковае, прыгоды на рэчачцы Лахве (неяк там я нават качку пад вадою ўхітрыўся злавіць!), размовы з дзедам Пятром — як жывыя па гэты час”.

Леанід Данэлія побач з ягонай карцінай “Лара. Партрэт жонкі”
фота івана ждановіча

На заробкі ж падалася ў 1940-м з Забалацця ў Брэст і 18-гадовая дачка Пятра Міхайлавіча Паліна (Пелагея) — услед за старэйшай сястрой Таняй. У 1939-м, нагадаем, горад над Бугам стаў савецкім, і пры заходняй мяжы СССР наладжвалася новае жыццё. Тым часам і будучы бацька мастака, грузін Пётр Данэлія, аказаўся ў прымежным рэгіёне: служыў у войску, а часць яго, пабываўшы на Фінска-савецкай вайне, мела дыслакацыю пад горадам Высокае, бліжэй да Камянца. Калі ж пачалася вайна, давялося перажыць яму й нямецкі палон, і збегчы з яго дзякуючы дапамозе мужных людзей. Удалося ўраджэнцу Махачкалы схавацца ў акупаваным фашыстамі Брэсце ды ўключыцца ў падпольную барацьбу з ворагам. Там і пазнаёміліся грузін Пётр з беларускай Палінай, пакахалі адзін аднаго, а пасля вайны ўжо, 27 сакавіка 1946-га, з’явіўся на свет у Брэсце будучы мастак Леанід Данэлія.

Шмат цікавага з гісторыі роду, пра свой шлях у мастацтве расказаў мне Леанід Пятровіч, калі мы аглядалі ягоную выставу “Рамантычныя летуценні”. Яна праходзіла сёлета ў Калоннай зале мінскага Палацы культуры прафсаюзаў. Што ягоны бацька быў мастаком — я ведаў з 80-х, бо сам працаваў тады ў Брэсце. А Пётр Аляксеевіч быў там галоўным мастаком горада, выбіраўся дэпутатам Брэсцкага гарсавета. Інтэрнэт падказвае: ён жа і адзін з заснавальнікаў, кіраўнікоў Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, узначальваў яе ў 1992-94 гадах. Яшчэ да вайны, у 1938-39 гадах, юнак з Каўказа вучыўся ў Маскоўскім мастацкім вучылішчы памяці 1905 года (цяпер: Маскоўскае акадэмічнае мастацкае вучылішча). Бацька ж яго быў вядомым у Махачкале майстрам-шаўцом, а маці — краўчыхай. Ёсць і таямніцы ў лёсах продкаў суразмоўцы: “Мне тое расказвала сваячка наша, бабуля Алена Рыгораўна, ці пані Алена, як называлі яе ў Брэсце, куды яна прыязджала з Краснага Яра, з-пад Царыцына. (Пазней Сталінград, а цяпер Валгаград. — Аўт). А якраз туды, казала, у 1831-м і быў сасланы род Біцюцкіх.  

“Успамін пра дзяцінства”. Фрагмент

Мяркую, шляхецкі, ды ў савецкі час пра тое не гаварылі. За што саслалі маіх продкаў? Можна здагадвацца ці, калі дойдуць рукі, шукаць звесткі ў архівах. Можа яны ўдзельнічалі ў Польска-беларускім паўстанні 1831-га? Пазней род Біцюцкіх парадніўся з грузінскім родам Данэлія, нашчадкі якога жылі ў Махачкале, потым жа сіла лёсу закінула майго бацьку ў Беларусь — і ўжо не адпусціла”.

Вось і не вер, чуючы пра такое, у народнае выслоўе: сваё да свайго цягнецца. Як ні рассейваюць розныя сілы па свеце беларускае насенне — а вяртаюцца нашчадкі на зямлю продкаў. І Леанід Данэлія ўслед за бацькам свае таленты раскрывае тут. Больш таго, багаты досвед будучым настаўнікам перадае: з 2004 года ён — старшы выкладчык кафедры мастацкай і педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка.

Светлыя, шматколерныя згадкі-пачуцці пра дзяцінства ў пасляваенным Брэсце ён увасобіў у карціне, якой адкрываецца выстава. Вакол хлопчыка з трохколавым роварчыкам за спінай быццам сонца разлілося, вясёлкамі рассыпаліся праменьчыкі. Гэткі вобраз шчасця безумоўнага, безагляднага — дзіцячага. З тым аўтапартрэтам з 50-х перагукваецца па каларыстыцы й “Лара. Партрэт жонкі”, аднак у ім яшчэ больш чароўнай, стракатай, бы пялёсткі кветак, гульні фарбаў, і плаўныя лініі, дзівосныя ўзоры-карункі больш вытанчаныя. Тэматычна звязана з Брэстам і карціна “Брэсцкая мадонна —1942. Памяці Халакоста”: праз пакутніцкі вобраз яўрэйскай дзяўчыны, змрочныя фарбы перадаецца боль, трагедыя ваенных гадоў.

У Брэсце Леанід Данэлія жыў спачатку на вуліцы Кірава, потым на Маскоўскай, наведваў школьнікам (дарэчы, разам з вядомым пазней мастаком Міколам Селяшчуком) мастацкую студыю пры Доме народнай творчасці, якой кіраваў Пётр Данэлія. Вось і з’яўляюцца ў творах Леаніда Пятровіча “брэсцкія матывы”. А рэалізуе ён свае таленты і як афарміцель (у прыватнасці, афармляў краязнаўчы музей у горадзе Бярозе на Брэстчыне, распрацаваў праект экспазіцыі для Івацэвіцкага гістарычна-краязнаўчага музея), графік, дызайнер. 

На нядаўнім вернісажы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Леанід Хобатаў адначыў,  што ў працах Леаніда Пятровіча “дзіўным чынам спалучаюцца традыцыі рэалізму і абстракцыянізму. Аўтар умее гарманічна выкарыстоўваць яркія фарбы й рэзкія лініі, а таксама валодае здольнасцю заўважаць нешта незвычайнае ў простых рэчах і таленавіта адлюстроўваць тое на палатне”. Сам жа Леанід Данэлія сцвярджае, што жывапіс для яго — гэта і творчасць, і “спосаб шукаць і знаходзіць адказы на нейкія асабістыя пытанні, магчымасць глядзець на жыццё з боку ды пераасэнсоўваць яго каштоўнасці”.

Голас Радзімы № 17 (3569), пятніца, 11 мая, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter