Зычны голас лёсу

У Карэлічах адзначылі сотыя ўгодкі “беларускага Шаляпіна” Пятра Конюха На пачатку ўрачыстасці, зладжанай Карэліцкім краязнаўчым музеем у памяшканні дзіцячай школы мастацтваў, гучаў запіс песні “Магутны Божа” ў выкананні Пятра Конюха. Гэта адзін з любімых твораў спевака, які нязменна быў у яго рэпертуары з 50-х гадоў. Дарэчы, на адкрыцці і закрыцці міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”, які штогод праводзіцца ў Магілёве, таксама заўсёды гучыць гэты твор. Незвычайным, часам і трагічным было жыццё спевака, які нарадзіўся ў 1910 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Урэшце ж хлопец з мястэчка Турэц скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў, падняўся да вяршыняў творчасці. І не проста стаў оперным спеваком, але і атрымаў званне “Маэстра Акадэміі”.
Пётр Конюх у маладосціУ Карэлічах адзначылі сотыя ўгодкі “беларускага Шаляпіна” Пятра Конюха
На пачатку ўрачыстасці, зладжанай Карэліцкім краязнаўчым музеем у памяшканні дзіцячай школы мастацтваў, гучаў запіс песні “Магутны Божа” ў выкананні Пятра Конюха. Гэта адзін з любімых твораў спевака, які нязменна быў у яго рэпертуары з 50-х гадоў. Дарэчы, на адкрыцці і закрыцці міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі “Магутны Божа”, які штогод праводзіцца ў Магілёве, таксама заўсёды гучыць гэты твор.
Незвычайным, часам і трагічным было жыццё спевака, які нарадзіўся ў 1910 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Урэшце ж хлопец з мястэчка Турэц скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў, падняўся да вяршыняў творчасці. І не проста стаў оперным спеваком, але і атрымаў званне “Маэстра Акадэміі”.
Шлях да прызнання ляжаў праз удзел у Другой сусветнай вайне, крывавую бітву з фашыстамі ў шэрагах польскай арміі Андэрса пры Монтэ-Касіна (май 1944 года, Італія), вучобу ў лепшых выкладчыкаў славутай Акадэміі, настойлівую працу над сабой. За радасць творчасці наш зямляк заплаціў высокую цану: назаўсёды развітаўся з Радзімай і да канца сваіх дзён пакутліва нёс гэты крыж. Як вядома, калі пачалася “халодная вайна”, на тэрыторыі СССР салдаты арміі Уладзіслава Андэрса, у складзе якой Пётр Конюх ваяваў, былі падвергнуты рэпрэсіям. Так што вярнуцца дадому Конюх не мог. Але заўсёды ў праграму канцэртаў уключаў беларускія песні. Адна з іх, “Палыночак”, запіс якой перадалі ў Карэліцкі краязнаўчы музей дзеці спевака, гучала і на ўрачыстасці.
На святкаванні сотых угодкаў Пятра Конюха
Фільм “Пётр Конюх” у 2008 годзе стварыў кінарэжысёр Анатоль Алай: вядомы майстар, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча і спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі за цыкл дакументальных фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну. Летась на XVIII Міжнародным кінафоруме “Залаты Віцязь” дакументальны фільм “Пётр Конюх” атрымаў спецыяльны Дыплом журы “За вяртанне забытага імені і ўзбагачэнне культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі”. Дарэчы, і на III Усерасійскім фестывалі дакументальнага кіно “Чалавек і вайна” ў Екацерынбургу стужку таксама адзначылі: дыпломам Культурнага цэнтра “Салдаты Расіі”.
На прэзентацыю фільма прыехалі дзеці Пятра Конюха, Галіна Пятроўна і Леў Пятровіч, а таксама яго ўнучка Ірына. Галіна Пятроўна прызналася, што спачатку скептычна паставілася да ідэі стварэння фільма: ці ж магчыма такое? Магчыма! Атрымаўся хвалюючы твор. І ад імя ўсёй радзіны яна выказала ўдзячнасць Анатолю Алаю, яго творчай камандзе за працу. Гэта ён палічыў патрэбным у сучаснай культурнай прасторы расказаць пра “нестандартны лёс” беларусаў у гады ваеннага ліхалецця. Як аказалася, гэта вельмі цікавая старонка не толькі нашай — сусветнай гісторыі. Дзякавала госця і нас, супрацоўнікаў музея, за цікавасць да асобы не толькі яе бацькі, але і іншых таленавітых людзей краю. І перадала ў дар музею каштоўную рэліквію: галаўны ўбор, у якім Пётр Конюх выступаў на сцэне.
Пётр Конюх з роднымі. Даваенны здымак
Усё пачутае і ўбачанае вельмі ўразіла маіх землякоў. “Калі глядзела кінастужку, не магла стрымаць слёз, — усхвалявана гаварыла пасля прэзентацыі настаўніца М. Тананка. — Вельмі таленавіта паказана тая туга па Радзіме, якую адчуваў наш зямляк на чужыне, ведаючы, што ў Беларусі жыве яго сям’я, дзеці, якім ён вельмі патрэбен. Рэжысёру ўдалося сцвердзіць, што беларуская талерантнасць, працавітасць дапамаглі спеваку пераадолець усе выпрабаванні і ўрэшце стаць Асобай”.
Фільм — цікавы, пазнавальны для многіх. Гэта не проста гісторыя аднаго чалавека, а шчымлівы аповед пра сувязь пакаленняў, пра зямлю беларускую, якая нараджала і будзе нараджаць таленты. У ім бачна лінія лёсу, гучыць непаўторны голас нашага земляка. Расказваецца пра гераізм, стойкасць тых, хто прарываў абарончую лінію фашыстаў у бітве пры Монтэ-Касіна. Зрэшты, кінастужка выклікае супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку — гонар за беларуса, якому апладзіраваў увесь свет, з другога — горыч, што на Радзіме пра Пятра Конюха, яго талент так мала ведаюць. Уявіце сабе: яго называлі ў оперным свеце “беларускім Шаляпіным”, а ў Беларусі пра спевака тады аніхто не ведаў і не чуў. Калі ж спявак амаль інкогніта прыехаў на Радзіму, то не змог нават наведаць магілы бацькоў. Таму асабістая трагедыя Пятра Конюха і яго сям’і і ёсць галоўны нерв кінастужкі.
У пошуках вытокаў творчасці маэстра стваральнікі фільма вядуць нас на яго радзіму, у вёску Турэц. Вось хата, дзе жыў некалі Пётр Конюх... Вось таварыш яго дзяцінства, які добра памятае голас аднавяскоўца, бо хто пачуў яго хоць аднойчы, ужо не забудзе... Вось царква, над крыжам якой у небе некалі маці будучага спевака, кажуць, прачытала знакавыя словы: “Твой сын будзе знакамітым”. Прыгожым, моцным, з дзіўным голасам помняць яго землякі.
Пётр Конюх — сусветна вядомы спявакА дзеці міжвольнага эмігранта выраслі, пасталелі без яго... Гэтая тэма для іх вельмі балючая: бацька быў — і яго як не было. Яму апладзіравалі ўсе сталіцы свету, а дзецям “перакрывалі дарогі” ў дасягненні мар менавіта з-за бацькі… Пра гэта і сёння ім цяжка гаварыць: слёзы, дрыжанне голасу... І ўсё ж перамагае любоў да таго, хто даў ім жыццё, хто заставаўся родным, дарагім праз усе выпрабаванні. Дарэчы, для сына спевака, Льва Пятровіча, музыка таксама стала прафесіяй і сэнсам жыцця: пэўна, яна дапамагала трымаць сувязь з бацькам, хаця б духоўную...
Прэзентацыя фільма “Пётр Конюх” — лагічнае звяно ў вялікай пошукавай рабоце, якую вядзе наш музей, збіраючы матэрыялы пра спевака. Мы стварылі выставу “Беларускі Шаляпін” да яго 90-х угодкаў, друкавалі артыкулы пра спевака ў розных выданнях. А рэжысёр, перадаючы ў музей матэрыялы для прэзентацыі, даслаў такія словы: “Карэлічы, краязнаўчаму музею. Святлане Кошур — чалавеку, які адкрыў для беларускіх кінематаграфістаў імя беларускага Шаляпіна — Пятра Конюха. З павагай аўтар фільма “Пётр Конюх” Анатоль Алай. 2010 г., люты, Мінск”. Цяпер усе нашы землякі маюць магчымасць паглядзець у музеі гэты цёплы, шчымлівы і вельмі патрыятычны фільм.

Святлана Кошур,
старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага
краязнаўчага музея
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter