«Эдемский сад» создают священники вблизи Жировичского Свято-Успенского мужского монастыря

Зямны рай

Напярэдадні адразу трох юбілеяў — 550-годдзя з’яўлення цудатворнай іконы Божай Маці Жыровіцкай, 500-годдзя паўторнага знаходжання іконы і 500-годдзя заснавання самога манастыра, да якіх рыхтуецца абіцель, тут добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, рэстаўрыруюць званіцу. Акрамя таго, вядзецца рэканструкцыя брацкага корпуса, ля сцен Успенскага сабора робяць падмурак для будучага помніка архімандрыту Серафіму Жыровіцкаму. Прыхарошваюцца і Старыя Жыровіцы, дзе некалі знаходзілася сядзіба пана Аляксандра Солтана, таго самага, якому, паводле падання, пастушкі прынеслі цудатворны абраз Божай Маці, што з’явіўся на грушы. Па сцежках мястэчка прайшлася карэспандэнт «НГ».


Вароты на тэрыторыю былой сядзібы Солтанаў адкрывае протаіерэй Дзмітрый Сёмуха. Пакуль ідзём, пытаюся ў святара пра яго сімвалічнае прозвішча. Менавіта Сёмухай беларусы называюць свята Тройцы. Бацюшка адказвае, што і храм, у якім ён настаяцель, носіць імя Святой Тройцы, і пачынаў служыць у ім таксама на Тройцу. А нарадзіўся і вырас у Смаргоні, на Гродзеншчыне. Паступіў у духоўную семінарыю ў Жыровіцах. Пасля яе заканчэння застаўся на Слонімшчыне.

— Вельмі тут атмасфера душэўная, цёплая, — прызнаецца святар. — Таму, калі прапанавалі заняцца аднаўленнем сядзібы і добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол, згадзіўся не раздумваючы.

Протаіерэй Дзмітрый Сёмуха працуе над добраўпа­радкаваннем тэрыторыі ля сядзібы Солтана і стварэннем заасада на працягу амаль дзесяці гадоў.

Зараз на месцы, дзе некалі была сядзіба, — руіны. Дзмітрый Сёмуха расказвае, што пасля 1939 года апошніх тутэйшых жыхароў рэпрэсіравалі, а маёнтак неўзабаве прыйшоў у заняпад. Каб яго ўзнавіць, патрэбны малюнкі ці фотаздымкі, аднак яны не захаваліся. Таму пабудаваць дом у поўным падабенстве немагчыма.

Сёння на гэтай тэрыторыі знаходзіцца манастырскае падвор’е. Парк набывае прывабны выгляд. Протаіерэй успамінае, што, калі прыязджалі сюды дзесяць гадоў таму, бачылі толькі сухастой у рост чалавека. Расчысціць больш за пяцьдзясят гектараў зямлі здавалася непасільнай задачай.

— Прайшлі гады, і, як бачым, з Божай дапамогай удалося хаця б на некалькі крокаў наблізіцца да той мэты, якую паставілі ў пачатку, — гаворыць Дзмітрый Сёмуха.

 
Руіны сядзібы Аляксандра Солтана.


Сёлета на Свята Пакроваў адзначаць дзесяць год з пачатку аднаўленчых работ. За гэты час зараснік ператварыўся ў заалагічны сад з мноствам відаў звяроў і птушак. Інфармацыя аб цікавым парку адразу стала вядома турыстам не толькі з нашай краіны, але і за яе межамі. Наведвальнікі нават назву саду далі — «Эдэмскі», параўноўваючы яго з садам, у якім жылі Адам і Ева да грэхападзення. Тут ва ўмовах натуральнага асяроддзя жывуць розныя звяры, прычым некаторыя зусім без вальераў. Якраз незвычайная даверлівасць жывёл да чалавека і адрознівае гэты заасад ад іншых. Найперш уражваюць вавёркі, якія скачуць пад нагамі, быццам выпрошваючы ласункі. Побач — прыгажуні-лісіцы, што гуляюць з зайчыкамі, як са сваімі малымі дзецьмі. Айцец Дзмітрый расказвае, што ёсць і чырвоныя лісы — агнёўкі, і чарнабуркі. А ў іх дзіцянят футра атрымалася пярэстае.

Ваўкі, якіх падаравала заасаду фермерская гаспадарка, таксама ручныя. Людзей не баяцца. На прагулку святар іх выводзіць на павадку. Ён называе ваўкоў ласкава — Хлопчык і Дзяўчынка. Прызнаецца, што даверлівымі яны выраслі, таму што выкармлены былі з соскі чалавечымі рукамі.

— Бывае, Хлопчык аскаліцца, але яшчэ не пакусаў нікога. А Дзяўчынка спакойная, — расказвае святар.

Калі ў ваўчынай сям’і з’явяцца дзіцяняты, іх, пасля таго як падрастуць, раздадуць у аграсядзібы, дзе таксама ствараюць заапаркі.

А вось і мядзведзь Таптыжка! Ён, нягледзячы на зіму, у спячку не лёг — навошта, калі і так някепска кормяць? Бадзёра хадзіў па вальеры, а ўбачыўшы мяне, падышоў да агароджы. Таптыжка з’ядае ў дзень больш за дзесяць кілаграмаў ежы. Гатуюць яе на спецыянальнай кухні, прычым і для астатніх жывёл таксама.

Дзікабразы радуюцца цёплай зіме, не шукаюць паратунку ў норах і саломе. У вадаёме заўважаем чорных і белых нутрый. Айцец Дзмітрый расказвае, што аднойчы, калі яны ўсе выйшлі на бераг, налічыў аж дваццаць восем!

— Ехаў неяк з боку суседняй вёскі, бачу — бабры, — успамінае ён. — Падышоў бліжэй, гляджу — чалавека не баяцца. Здагадаўся, што гэта ж нашы нутрыі.

Цікава, што грызуны выходзяць за тэрыторыю заасада і заўсёды вяртаюцца назад. Ідзём па пясчанай дарозе і паводдаль заўважаем аленяў. Яны больш пужлівыя, да людзей блізка не падыхо­дзяць.

Ёсць тут і яноты, і сурыкаты. Перад тым як прывезці ў заасад новы від, святар з памочнікамі вывучае спецыяльную літаратуру, каб стварыць для яго найлепшыя ўмовы існавання.

Страусы прывыклі сустракаць гасцей і нават пазіруюць перад фотакамерай.
Адчуўшы прыезд гасцей, выходзяць са сваіх экалагічных хатак грацыёзныя страусы. Звыклыя да турыстаў, яны быццам падстаўляюць свае дзюбы і паварочваюць галовы ў бок фотакамеры. Айцец Дзмітрый перасцерагае:

— Яны любяць усё, што блішчыць, і могуць нават ухапіць прыгожую «цацку» з рук чалавека.

Гэтай цёплай зімой птушкам і звярам камфортна, а ў суровыя маразы іх перасяляюць у дом з пячным ацяпленнем.

Святар запрашае наведаць галубятню:

— Думаеце, галубы — не экзотыка? Яшчэ якая! Усе чатыры Евангеллі апісваюць хрышчэнне Ісуса на рацэ Іардан: «І на Яго зышоў Святы Дух — у цялесным выглядзе, у вобразе голуба». Невыпадкова голуба называюць птушкай міру. Так і ёсць. Калі, напрыклад, у куратнік падсадзіць чужую курыцу, яе, як новенькую, могуць затаўчы. А вось галубы ніколі не бываюць ваяўнічымі. За імі можна доўга назіраць, як яны ўважліва глядзяць табе ў вочы, варкуюць. Гэта любоў без усялякай крывадушнасці, тут нават чалавек з самымі цяжкімі думкамі ўміг становіцца добрым.

У  заасад абіцелі прывозяць таксама хворых птушак і звяроў. Іх тут лечаць, кормяць. Так было і з сямю амаль нежыццяздольнымі бусламі, якіх перадалі святарам. Па вясне птушкі ачунялі, пяцёра буслоў адляцелі, а двое засталіся жыць у Жыровіцкім заа­садзе і вось ужо другую зіму запар нават у вырай не адлятаюць.

— Прынеслі аднойчы маленькага філіна, — узгадвае бацюшка. — На жаль, выратаваць яго не атрымалася. Калі наш гадаванец памірае, вельмі цяжка перажываем. Прыняць тое, што «ўсё ў руках Божых», часам не атрымліваецца нават у нас, святароў.

Айцец Дзмітрый расказвае, што падчас аднаўленчых работ адкрыліся воку старадаўнія ліпавыя і кляновыя алеі. Многія дрэвы пасля абрэзкі і чалавечага клопату багата зацвілі вясной. Набралі сілу і маладыя дрэўцы. Дае добры ўраджай і яблыневы сад. Яго плады амаль круглы год у рацыёне студэнтаў духоўнай семінарыі. Вырошчваюць тут і жыта, і пшаніцу. Самі мелюць муку, выпякаюць з яе хлеб, булкі. Нязменныя памочнікі ў сельскагаспадарчай працы — коні гановерскай і кабардзінскай парод. У будучыні плануецца правядзенне верхавых прагулак, у тым ліку і з калыскамі. Акрамя гэтага, манастырскае падвор’е ўключае ў сябе свінаферму, рыбную гаспадарку.

Адчуць спагаду і любоў да ўсяго жывога на зямлі запрашаюць сюды і дзяцей. Бацюшка лічыць, што зносіны з жывой прыродай — добры сродак забыцца пра віртуальную рэальнасць у смартфонах і камп’ютарах і акунуцца ў сапраўднасць. Дзецям тут вельмі цікава. А дарослыя пры жаданні могуць не толькі адпачыць душой, але ж і папрацаваць — напрыклад, накалоць дроў ці прыбраць апалае лісце.

У незвычайным заасадзе можна знаходзіцца гадзінамі, не звяртаючы ўвагі на час, думаць пра вечнае. У гэтым, па словах протаіерэя Дзмітрыя, і ёсць сутнасць задумкі:

— Наша жаданне — зрабіць гэта месца прыгожым і жыватворным, каб людзям хацелася знаходзіцца ў гэтай красе, атрымліваць асалоду і пазітыўную энергію.

Развітваючыся са святаром Дзмітрыем Сёмухай, запыталася:

— Як удаецца спраўляцца з такой вялікай задачай: сагрэць і накарміць цэлы заапарк?

Па словах бацюшкі, гэта прыемны клопат:

— Калі бачыш вясёлых і жвавых звяроў, задаволеных людзей, якія кантактуюць з імі, на душы становіцца радасна. Бог пазнаецца не толькі ў царкве, увесь свет з’яўляецца ў шырокім сэнсе храмам Божым, а прырода праслаўляе мудрасць яе Стваральніка. Асабліва прыемна, што праца наша прыносіць карысць дзецям. І гэта сімвалічна. Нездарма ж ікона Бажай Маці явілася двойчы менавіта дзецям. Памятаеце, у Свяшчэнным Пісанні сказана: «Если не обратитесь и не будете, как дети, не войдете в Царство Небесное».

kuzmich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter