Зямное прыцягненне. Край вялікіх балот здаўна прывучыў мясцовых жыхароў трымацца за зямлю, даражыць ёю.

Таму і сёння палешукі імкнуцца па-гаспадарску распарадзіцца гэтым сваім багаццем. І зямля аддзячвае ім багатымі ўраджаямі ды цудамі.

Таму і сёння палешукі імкнуцца па-гаспадарску распарадзіцца гэтым сваім багаццем. І зямля аддзячвае ім багатымі ўраджаямі ды цудамі.

Конікі

У старадаўнія часы, як сведчыць паданне, менавіта коні вызвалілі княжацкі атрад з палону балот і тым самым падарылі будучыню тутэйшым мясцінам. З той пары на Століншчыне, а найбольш у Давыд-Гарадку і наваколлі на Каляды святам кіруе не Каза, а Конік. За ім, як патрабуе традыцыя, крочаць Скарбнік, Бусел, Баран, Дзед, Баба, Смерць, Чорт, Казёл і Мядзведзь.

Творчы кландайк

Століншчына падарыла Беларусі нямала яркіх літаратурных талентаў. Адно са слынных імён — Леанід Дранько-Майсюк. Многія яго называюць самым рамантычным беларускім аўтарам. Магчыма, прычынай таму — Давыд-Гарадок, дзе ён нарадзіўся сярод кветак, якія гарадчукі, як сябе называюць мясцовыя жыхары, спрадвеку вырошчвалі, каб атрымаць багаты ўраджай насення і потым прадаваць яго не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы. Таму і ў сваёй творчасці ён не сквапіцца на яркія вобразы, што дакранаюцца да чытачоў тысячамі сонечных пацалункаў. “Мой найлепшы твор — верш “Полька беларуская”, мая найлепшая кніга — “Цацачная крама”, мой любімы занятак — глядзець на кветкі...” — так прэзентаваў сябе ў адной з аўтабіяграфій Леанід Дранько-Майсюк.

Са Століншчыны пайшлі ў літаратуру і такія аўтары, як Георгій Марчук, Уладзімір Глушакоў, Міхаіл Шэлехаў.

Георгіеўская царква ў Давыд-Гарадку

Георгіеўская царква, напэўна, самы “сталы” храм Століншчыны. Яго будаўніцтва пачалося ў канцы ХVII — пачатку XVIII стагоддзя. Іканастас устанавілі, як сведчаць гістарычныя хронікі, у 1751 годзе. З таго часу царква перажыла шмат выпрабаванняў. У савецкі час яна была зачынена. Але ўсё роўна займала пачэснае месца ў Давыд-Гарадку і сэрцах мясцовых жыхароў. У найноўшай гісторыі храм набыў надзейнага ахоўніка: у горадзе з’явіўся помнік легендарнаму яго заснавальніку князю Давыду.

Каменныя крыжы

У вёсцы Хатамель ёсць каменны крыж, які, як сведчаць мясцовыя жыхары, расце з-пад зямлі і творыць цуды. Адзін з іх адбыўся гадоў сто таму, калі каменны волат вярнуў адной з мясцовых жыхарак зрок. Гэта яшчэ больш узмацніла веру мясцовых жыхароў у сілу крыжа. Яны вырашылі ўшанаваць яго, свайго заступніка і збавіцеля. Так над каменнай святыняй вырас храм, у якім гэты волат заняў ганаровае, цэнтральнае месца.

На Століншчыне крыжы ёсць і ў іншых мясцінах, напрыклад у вёсцы Вялікія Арлы. Гэтыя волаты яднаюць палешукоў не толькі з Богам, але і з зямлёй, з якой яны растуць, а таксама з продкамі, што ў даўнія часы звярталіся да крыжоў па дапамогу.

Церабліцкі этнаграфічны музей

Повяззю між мінулым і будучым стаў музей, створаны майстрам Іванам Супрунчыкам. Яго намаганнямі і пры падтрымцы мясцовых жыхароў на базе вясковай бібліятэкі вырасла вялікая экспазіцыя. Яе ўзбагацілі драўляныя скульптуры гэтага народнага майстра і малюнкі на тэму вясковага жыцця. На сваім творчым шляху Іван Супрунчык сабраў багаты ўраджай узнагарод, у тым ліку і стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі “За духоўнае адраджэнне”.

Ансамбль “Выцінанка”

Ансамбль народнай музыкі “Выцінанка” “нарадзіўся” адносна нядаўна — у 1981-м. Але з той пары яго ўдзельнікі здолелі вярнуць да жыцця шмат песень сваёй малой радзімы, расказаць пра свой край мовай музыкі ў многіх замежных краінах.

Парк “Манькавічы”

Гэты помнік прыроды рэспубліканскага значэння ўжо стаў тэрыторыяй Століна. Работы па яго закладцы пачаліся яшчэ ў 1885 годзе па ініцыятыве Марыі Дароты, жонкі Антонія Радзівіла. Пра гэта сведчыць памятны камень, усталяваны іх удзячным сынам Станіславам. Асновай парку стаў лес са старымі дубамі. Гаспадыня дапоўніла іх яркім зборам з 35 відаў экзатычных дрэў, з якіх да сёння захаваліся 30. Калісьці ўпрыгажэннем парку быў і велічны палац з вежамі. Аднак ён не вытрымаў выпрабаванне часам, быў зруйнаваны ў 1943-м.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter