Зямное і нябеснае Эдварда Вайніловіча

Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі зроблены крок па далучэнні да ліку святых свецкага чалавека
Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі зроблены крок па далучэнні да ліку святых свецкага чалавека

Эдвард Вайніловіч<br />Магчыма, яшчэ адзін Слуга Божы, потым блажэнны і святы з’явіцца ў пантэоне беларускай каталіцкай царквы. У Чырвоным касцёле ў Мінску адбылося пасяджэнне спецыяльнай камісіі ў справе беатыфікацыі заснавальніка гэтага касцёла Эдварда Вайніловіча. Сабраліся святары, прадстаўнікі Кангрэгацыі Ватыкана па справах прылічэння да ліку святых — духоўныя асобы, якія нядаўна ўзначальвалі падрыхтоўку кананізацыі Папы Яна Паўла II, а таксама гісторыкі з Беларусі, Польшчы. Пасяджэнне ачольваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч.
Было адзначана, што працэс беатыфікацыі складаны. Спачатку камісія экспертаў разгледзіць пытанні, звязаныя з жыццём кандыдата, прадставіць матэрыялы ў Ватыкан і, калі не будзе пярэчанняў, атрымае дазвол на пачатак працэсу. У Ватыкане пройдзе тым часам своеасаблівы судовы працэс, на якім будуць разглядацца як довады прыхільнікаў беатыфікацыі Слугі Божага, так і аргументы яе праціўнікаў: апошніх называюць “адвакатамі д’ябла”…). Калі справа вырашыцца на карысць кандыдата, яе разгледзіць Ватыканская Кангрэгацыя па справах святых. Канчатковае рашэнне аб прылічэнні Слугі Божага да ліку блажэнных, а потым святых прымае Папа. Доўгі шлях! Але “выслухаўшы думкі людзей, якія добра ведаюць гісторыю жыцця прэтэндэнта, а таксама правёўшы кансультацыі з прадстаўнікамі Кангрэгацыі па кананізацыі святых, мы прыйшлі да высновы, што прыйшоў час пачынаць беатыфікацыйны працэс”, — сказаў на пасяджэнні Тадэвуш Кандрусевіч.
Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч адказвае на пытанні журналістаўХто такі Эдвард Вайніло­віч? Мітрапаліт вызначыў яго як духоўнага збіральніка беларускай зямлі. Нарадзіўся Эдвард у 1847 годзе ў маёнтку Сляпянка пад Мінскам, належаў да шляхецкага роду герба “Сыракомля”, меў роднасныя сувязі са слуцкімі князямі Алелькавічамі, няс­віж­скімі Радзівіламі і грушаўскімі Рэйтанамі. Усебакова адукаваны чалавек, ён добра валодаў некалькімі мовамі, з сялянамі размаўляў па-беларуску, з расійскімі чыноўнікамі — па-руску, з мясцовай шляхтай — па-польску. Гэта быў добры гаспадар, рэфарматар, якога называлі беларускім Сталыпіным, грамадскі дзеяч, мецэнат, гуманіст, прыкладны сем’янін, шчыра веруючы чалавек. Продкі Вайніловіча былі праваслаўнымі, потым прынялі ўніяцтва, а пазней сталі католікамі. Можа, і таму імкнуўся ён да агульнахрысціянскага адзінства, дапамагаў будаваць і фундаваў розныя храмы: цэрквы, касцёлы, сінагогі, мячэці. Ён казаў: “Няхай веруючыя людзі розных канфесій, кожны ў сваёй святыні на зямлі славяць аднаго Бога на небе”. Ксёндз-магістр Уладыслаў Завальнюк адзначыў, што цяжка знайсці ў гісторыі чалавецтва яшчэ адну такую асобу, якая б спрыяла будоўлям святыняў для розных веравызнанняў.
Дзеці Эдварда Вайніловіча, Сымон і Алена, памерлі маладымі, і бацька не толькі мужна пераносіў свае няшчасці, але словамі і справамі суцяшаў іншых людзей, клапаціўся аб дзецях-сіротах, узвёў касцёл у Мінску, названы ў імя Святых Сымона і Алены. Храм, якому ўжо 100 гадоў, пабудаваны ў неагатычным стылі. І гэта яшчэ адзін доказ рэлігійнай талерантнасці фундатара — ён не хацеў, каб яго храм “спаборнічаў” з праваслаўнымі святынямі. У касцёла, як і ў яго заснавальніка, няпросты лёс. У гады апошняй вайны Чырвоны касцёл ацалеў, але на яго двойчы прэтэндавалі ў мірны час. Цяпер жа гэта візітная картка Мінска. На пасяджэнні дэманстраваўся фільм пра фундатара “Стагоддзе з бясконцым працягам”, а яго рэжысёр Уладзімір Арлоў падзяліўся планамі: магчыма, наступны фільм будзе таксама пра гэтага ўнікальнага чалавека.
Доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс, які больш дваццаці гадоў цікавіцца жыццяпісам Эдварда Вайніловіча, друкаваў пра яго артыкулы, адзначыў, што, на жаль, у Мінску няма мемарыяльных дошак ні там, дзе ён нарадзіўся, ні там, дзе жыў, няма вуліцы, названай у яго гонар. Прафесар выступіў з шэрагам прапаноў, сярод іх — стварэнне тэматычнага сайта ў Інтэрнэце. Адам Восіпавіч перадаў для спецыяльнага бібліятэчнага фонду, які прапанаваў стварыць, каштоўныя гістарычныя кнігі.
Доктар гістарычных навук, акадэмік Міхаіл Касцюк распавёў пра трагічнасць лёсу Эдварда Вайніловіча, які апошнія гады жыцця правёў удалечыні ад роднай зямлі і марыў вярнуцца на Радзіму. Акадэмік параўнаў яго жыццё з жыццём кананізаванага ўжо святара XIX стагоддзя Зыгмунта Шчэнснага Фялінскага, чый лёс цесна звязаны з Клеччынай (Мінская вобласць), і прапанаваў выдаць серыю кніг “Эдвард Вайніловіч і яго эпоха”. Дарэчы, у Клецку Вайніловіч стварыў банк дапамогі сялянам, на яго грошы ствараліся інтэрнаты для дзяцей-сірот у Клецку і Капылі, ён дапамагаў узводзіць у Клецку як праваслаўную царкву, так і сінагогу. Гораду, пэўна, варта аддаць даніну павагі гэтаму чалавеку.
Апошнім прытулкам для Эдварда Вайніловіча стала Польшча, Быдгашч, дзе ён памёр у 1928 годзе. Яго прах перавезлі ў Мінск у 2006 годзе і ўрачыста перазахавалі пры галоўным уваходзе ў касцёл Святых Сымона і Алены. Але на польскай зямлі людзі помняць пра чалавека высакароднага хрысціянскага духу. Яго імя савет горада Быдгашч надаў там скверу на скрыжаванні вуліц Хадкевіча і Агінскага. На беларускай жа зямлі першае ўвекавечанне памяці Вайніловіча звязана з нясвіжскім фарным касцёлам, дзе ён неаднаразова бываў. Там у 1929-м стараннямі нясвіжскага ардыната князя Альбрэхта Радзівіла ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам, які сведчыць аб пашане і ўдзячнасці нашчадкаў і заканчваецца словамі: “Палюбі і ты сваю Бацькаўшчыну так, як любіў яе Эдвард Вайніловіч!”

Людміла Малей

На здымках:
Эдвард Вайніловіч
Архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч адказвае на пытанні журналістаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter