Лунінецкі механізатар Аляксандр Мікалаевіч бярэ адпачынак зімой, каб рыхтавацца да вясны

Зямля слікавала дзеда, бацьку. І мяне

Лунінецкі механізатар Аляксандр Мікалаевіч бярэ адпачынак зімой, каб рыхтавацца да вясны


Маладосць механізатара лунінецкай гаспадаркі “Міжлескае” Аляксандра МІКАЛАЕВІЧА супала з масавым асваеннем палескай цаліны. Калі завяршыў армейскую службу ў падмаскоўным горадзе Балашыха, яму прапаноўвалі паступаць у ваеннае вучылішча, але сэрца юнака прагла вяртання ў родныя мясціны, дзе побач са старэйшымі моладзь наступала на векавыя балоты. Палессе было аб’яўлена Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўляй. Планавалася пабудаваць на абноўленых масівах паўсотні гаспадарак. На былых Грычынскіх балотах, што на дзясяткі кіламетраў цягнуліся ад Лунінца да Салігорска, першыя гектары адваяваных у дрыгвы зямель атрымаў новы саўгас “XXV з’езд КПСС”, цэнтральная сядзіба якога ўзводзілася побач з хутарам Лемна, дзе гаспадарылі продкі Аляксандра Мікалаевіча. Былы армеец папоўніў атрад механізатараў і больш як трыццаць гадоў нястомна працуе ў гаспадарцы, якая рэарганізавана ў КСУП “Міжлескае”. Не аднойчы лідыраваў сярод хлебаробаў Лунінецкага раёна. Разам з жонкай Святланай выхавалі дачку і сына, маюць унукаў.


Апошняе пісьмо ад франтавіка Хвядоса Міхнюка на палескі хутар Лемна прыйшло незадоўга да пераможнага мая 1945 года. Скупа паведамляў баец пра атрыманае ў баі раненне і лячэнне ў Кіеўскім ваенным шпіталі, цікавіўся хатнімі справамі, жыццём жонкі Надзеі, дачушак Ганны і Кацярыны, сына Пятра. “Дзякуй Богу, што жывы застаўся, загоіць раны і вернецца дамоў”, — суцяшала сябе гаспадыня хутара. Пераможным салютам закончылася вайна. Зарунела жытнёвая палоска за сялянскай сядзібай. Надзея сама прыарала бульбу. З дня на дзень чакала вяртання мужа. У касавіцу паштальён прынёс канверт з паведамленнем, што радавы Хвядос Міхнюк прапаў без вестак. Жаночае сэрца яшчэ доўга жыло спадзяваннем, што гэта памылка. Трэба было дзяцей выхоўваць, весці хутарскую гаспадарку. Калі арганізоўваўся калгас, падала заяву на ўступленне ў яго. 

Начамі ў пасляваенныя гады за харчамі і адзеннем урывалася ў хату ўдавы мясцовая банда Коўшыка, якая хавалася па неабсяжных Грычынскіх балотах. У органах НКУС чамусьці палічылі, што і Хвядос Міхнюк сярод іх. Жонцы ўстройвалі допыт. А на вясковай мемарыяльнай дошцы сярод прозвішчаў загінуўшых землякоў на франтах Вялікай Айчыннай вайны было і яго імя. Належных па закону ільгот салдацкая ўдава не атрымлівала. Выраслі дзеці. Старэйшая Ганна з юнацкіх гадоў пайшла даіць калгасных кароў. Сын Пятро таксама працаваў у гаспадарцы. Меншая Кацярына паехала з сяброўкамі на заробкі ў Валгаградскую вобласць, дзе выйшла замуж і засталася. 

Ганну ўсватаў Іван Мікалаевіч з суседняга хутара, што за рэчкай Леменскай. Дваццаць чатыры гектары зямлі меў яго бацька Андрэй Рыгоравіч, які ў пасляваенную калектывізацыю ў Заходняй Беларусі, каб не патрапіць як кулацкі клас на высылку ў Сібір, адным з першых перадаў надзел калгасу і сам уступіў у яго. Хату і гаспадарчыя пабудовы перанеслі на новую сядзібу ў вёску Чырвоная Воля, а на хутары застаўся сад. Старэйшыя дзеці Мікалаевічаў Анюта, Базыль, Іван, Рая таксама сталі калгаснікамі, а малодшыя Якаў, Міхаіл і Віктар  пакінулі вёску.

— Дзед Андрэй любіў вазіцца з намі, унукамі, — распавядае Аляксандр Мікалаевіч. — Мы часта наведваліся на былы хутар. Старэйшага майго брата Міхася і мяне дзядуля вучыў касіць, пчолы даглядаць. Малодшы з нашай сям`і Рыгор больш захапляўся жывёлаю. Пасля школы ён закончыў ветэрынарны тэхнікум у Арлоўскай вобласці і працаваў у гаспадарках нашага раёна ветфельдчарам. А мяне з дзяцінства цягнула за руль. Старэйшы брат Міхаіл пасля заканчэння механізатарскіх курсаў працаваў на трактары “Уладзіміравец”. Давяраў мне руль. У першы раз я не справіўся выціснуць счапленне — на гэтым трактары яно ручное — і збіў слупок каля дарогі. На полі роўна пракладваў баразну. Перад заканчэннем Чырвонавольскай дзесяцігодкі ў міжшкольным навучальна-вытворчым камбінаце атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста, і да службы ў арміі працаваў механізатарам.

— Хто з вашага класа застаўся ў калгасе?

— Некаторыя ўзялі зямлю ў арэнду і на ёй гаспадарылі. Моцнымі фермерамі сталі Мікалай Захаркевіч і Мікалай Міхнюк. Прафтэхвучылішчам кіруе Іван Раковіч. Мы ладзім сустрэчы і запрашаем на іх класнага кіраўніка Ніну Міхайлаўну і яе мужа Якава Уладзіміравіча Макаловічаў, якія жывуць у вёсцы Дубаўка. Сяброўства з аднакласнікамі падтрымліваем з маладых гадоў.

— Аляксандр Іванавіч, дзе давялося служыць у арміі?

— У Падмаскоўі вазіў салдат на ваенным аўтамабілі “Урал”. За старанную службу атрымаў дзесяць дзён водпуску. Родныя абрадаваліся прыезду. Старэйшы брат Міхаіл будаваў дом, я дапамагаў яму дошкі пілаваць, падшываць столь. З бацькамі бульбу ўбіраў. Толькі аднойчы за ўвесь адпачынак удалося пабываць на танцах у клубе.

— Дзе бравага салдата чакалі нявесты!

— У нашай вёсцы дзяўчат мала было. Жартавалі, што хоць свінку ўзяць, але з чужой вёскі. З дальняй Чучавічы, што на самым краю раёна, дачакалася мяне Святлана Курак. Яе пасля заканчэння Ганцавіцкага прафтэхвучылішча накіравалі ў нашу вёску Чырвоная Воля поварам. Я толькі вярнуўся з арміі. Пазнаёміліся на вяселлі майго сябра дзяцінства Васіля Мароза. 

Камандаванне вайсковай часці прапаноўвала мне служыць далей. Па радыё чуў рэпартажы з Беларусі пра асваенне палескіх балот. Лунінецкую раённую камсамольскую арганізацыю за актыўную працу на Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі адзначылі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Хіба можна было не вярнуцца ў родныя мясціны! На вачах мянялася наваколле. На месцы хутароў узводзілася цэнтральная сядзіба новага саўгаса “XXV з’езд КПСС”. Дырэктар Іван Сідун прапанаваў працу на новым экскаватары ЮМЗ. Крок за крокам адступалі непраходныя балоты, што цягнуліся на дзясяткі кіламетраў. Моладзь працавала на магутнай меліярацыйнай і сельскагаспадарчай тэхніцы. Ладзіліся вяселлі. Праз два месяцы пасля знаёмства і мы са Святланай адгулялі вяселле.

Праз паўгода мяне прызвалі на армейскія зборы. З пачатку жніва і да першых маразоў убіралі збажыну на цаліне. Вярнуўся дамоў, а мяне ўжо сустракала жонка з трохмесячнай дачушкай Наталляй. Нам выдзелілі аднапакаёвую кватэру. Праз два гады нарадзіўся сын, якога назвалі Іванам у гонар дзеда. У нас традыцыя хлопчыкам даваць імёны дзядоў. Мой брат Рыгор названы таксама ў гонар дзеда. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла нам катэдж. Завялі карову, свіней, птушку. 

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў нашым саўгасе кожная сялянская сям’я атрымала надзел абноўленай зямлі. Як мурашы, працавалі сяляне. Кіраўніцтва сельсавета разумна выдзеліла ім лепшыя землі, якія заканадаўча аформілі ў арэнду на сто гадоў. Маім бацькам дасталася 7 гектараў. З братамі апрацоўвалі, а потым падзялілі паміж сабою надзел. Маёй сям’і дасталася тры гектары. Вырошчваем збажыну, бульбу, моркву. Ураджай прадаем і атрымліваем прыбытак. Новы мур збудавалі ў Міжлессі. 

— А чым апрацоўваеце зямлю?

— Набыў трактар “МТЗ-80”. У нашым аграгарадку амаль кожны гаспадар мае тэхніку. У брата Міхаіла новы трактар “МТЗ-82”. Стрыечны брат Мікалай Мікалаевіч мае пасяўны агрэгат. Вясною па чарзе высяваем ім моркву. Насенне купляем у галандскіх фірмах. Сёлета амаль 700 долараў аддаў за насенны матэрыял. Набыццё паліва для тэхнікі, аплата людзям на ўборцы і пагрузцы ўраджаю — усё патрабуе затрат. Сёлета ўвесь надзел засеялі морквай. Ураджайнасць добрая. Але цяжка з рэалізацыяй. Усе навакольныя фермеры, а іх у нашых мясцінах звыш васьмідзесяці, шукаюць куды прадаць моркву. 

— Акрамя свайго поля, спраўляецеся і ў гаспадарцы працаваць?

— Амаль трыццаць гадоў працую механізатарам. Пачынаў, калі было толькі 14 трактараў, а жадаючых працаваць на іх было ў некалькі разоў больш. Мне даручылі грузіць кармы на жывёлагадоўчай ферме. Пяць гадоў адпрацаваў там. А потым даверылі новы К 701. За паўтара дзясятка гадоў памяняў чатыры такія магутныя трактары. Вясною рыхтаваў глебу, сеяў збожжавыя, убіраў ураджай і зноў вярнуўся на пагрузчык. З напарнікам Аляксандрам Данілевічам праз дзень мяняемся на імпартным агрэгаце. З шасці гадзін раніцы і да вечара грузім сянаж, сілас на жывёлагадоўчым комплексе ў Міжлессі. У гаспадарцы два новыя комплексы, на якіх утрымліваецца звыш трох тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. У выхадныя дні займаюся сваёй гаспадаркай.

— А калі адпачываеце?

— Жонка Святлана бярэ адпачынак летам, калі трэба палоць моркву. А я звычайна іду адпачываць зімою, калі трэба рыхтавацца да вясны. Запраўляю надзел арганікай, закупляю насенне, трактар рамантую. Сын Іван дапамагае. Пасля школы ён закончыў Пінскае прафтэхвучылішча будаўнікоў. Ажаніўся з дзяўчынай з суседняй вёскі Дварэц. У іх дачушка Мілана. Купілі сыну дом у Лунінцы. На працу ездзіць у Міжлессе. Нявестка завочна вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным палітэхнічным універсітэце. І дачка Наталля, якая працуе культработнікам у райцэнтры, з зяцем-інжынерам у выхадныя імчаць з горада на ўборку морквы. Гаспадаром па палетку ходзіць трохгадовы іх сынок Кірылка. Свайго сховішча няма, таму закладваем ураджай у бурты. Мо, вясною будзе большы попыт на гародніну. 

— Да цёплага мора адпачываць ляталі?

— Толькі ў кіно і па тэлевізару бачыў мора. А самалётам лятаў да цёткі Кацярыны ў Валгаград. Зверху так цікава глядзець на геаметрычныя фігуры палеткаў, зялёныя астраўкі лясоў, стужкі дарог, рэк і быццам цацачныя населеныя пункты. З цёткай узгадвалі дзедаў хутар.

— Цягне вас туды?

— Там ужо даўно поле. Толькі засталася адна яблынька. А на бацькавым хутары за рэчкаю Смердзю расце малады лес. 

— Якія гады для вас самыя памятныя?

— Як у маладосці з бацькам прабіраліся па вузенькіх кладках па балоту на хутар. Аступішся на крок, і трапляеш у дрыгву. Розныя паданні хадзілі пра Грычынскія балоты, што цягнуліся на дзясяткі кіламетраў да Слуцкай раўніны. На векавых дубах і разгалістых ліпах узвышаліся калоды і так званыя рамоўцы — пчаліныя хаткі, з якіх дзед Андрэй збіраў мёд. Зімою на кані ён выязджаў на кірмашы ў Лунінец ці Пінск. Цяпер на дзясяткі кіламетраў уладанні лунінецкіх фермераў, якія вырошчваюць гародніну. Балота спрадвеку карміла нас. Пасля шырокамаштабнай меліярацыі, што пачалася паўвека назад, былая дрыгва стала палямі. На такіх землях пабудавана і наша гаспадарка. Амаль дзесяць тысяч гектараў перадалі нашым хлебаробам меліяратары.

— Змянілася палескае наваколле?

— Дзе булькатала вада, пшаніцу, жыта, кукурузу, бульбу вырошчваем. Іншым становіцца клімат. Восень помнілася пастаяннымі дажджамі, зімы — марознымі і снежнымі. Ужо які год адчуваем летам і нават увосень засуху. Сёлета азімыя доўга чакалі дажджоў, каб узысці. Зямля, як порах, сухая. Убіралі некалі збожжавыя камбайнамі на гусенічным хаду, бо нельга было па раскіслым полі перасоўвацца, а зараз легкавіком ездзім. 

Часта з сям’ёю наведваем цёшчу ў Чучавічах. Там захаваліся журавінавы балоты. Але не заўсёды выпадае схадзіць туды, шмат клопатаў. Акрамя гародніны, вырошчваем і клубніцы. Наш край так і завецца клубнічным. Зараз некаторыя фермеры пераключаюцца на вырошчванне галубікі.

— Не прыходзіла думка заняцца пчалярствам?

— Раней крыху спрабаваў разводзіць пчол, але часу не хапае. Мо, як на песнію пайду, аднаўлю дзедаву справу. У нашых мясцінах многія маюць свае пчальнікі. Увогуле, на вёсцы можна знайсці сабе занятак, толькі не лянуйся. Шмат моладзі ў нас працуе на тэхніцы. Больш як сем тысяч гектараў зямлі апрацоўваем, і пераважная большасць яе — меліяраваныя плошчы. Да нашай гаспадаркі далучылі суседнюю — “Чырвоны Кастрычнік”. 

— Аляксандр Іванавіч, зараз праца на палях паступова заціхае. Прырода рыхтуецца да адпачынку. Апошняя чарада жураўлёў адлятае ў вырай. Не самотна на сэрцы?

— Калі ўраджай багаты і ёсць пакупнікі на яго, то і восень у радасць. А ўвогуле, мой любімы час года — вясна, калі ўсё ажывае і набліжаецца Вялікдзень. Майскім днём я з’явіўся на свет, калі зацвіталі сады. Мо, таму і вельмі люблю вясну. Ужо зараз жыву чаканнем яе. 

Лунінецкі раён

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter