«Зямля Саннiкава-2»

Прытулак на адным з азёраў Беларусi нават у зiмовы сезон знаходзяць шмат птушак

Прытулак на адным з азёраў Беларусi нават у зiмовы сезон знаходзяць шмат птушак

Даруйце за банальную канстатацыю факта, але зiма сёлета i сапраўды амаль сiбiрская. Ад яе суровага подыху адвыклi як людзi, так i браты нашы меншыя. Спесцiлiся, стра­цiлi адвечны iнстынкт самазахавання. Не аднойчы i ў розных месцах даво­дзiлася чуць, што некаторыя птушкi разлена­ва­лiся напачатку восенi адлятаць у цёплыя краiны. Дагаварылiся да жарту, што на Беларусi хутка пачнуць бананы ды пальмы расцi. А тут такое! I ўсё ж, як высветлiлася, холад для некаторых братоў нашых меншых не перашкода. Доказ таму — дзiўны «архiпелаг выратавання» ў ваколiцах горада Новалукомля. Тут знаходзiцца самае вялiкае на Вiцебшчы­не незамярзаючае возера Лукомльскае, якое я вобразна назваў «Зямля Саннiкава-2». З дапамогай вельмi дасведчанага ў пытаннях флоры i фауны прафесiянальнага бiёлага-арнiтолага Вiталя Кашчэева з Новалукомля я аса­бiста нiбы зрабiў захапляючае падарожжа ў незнаёмы свет…

Як выказаўся мой суразмоўца, менавiта ў папярэднiя гады незамярзаючае возера зрабiлася прытулкам для шматлiкай птушынай сям’i. Чаму шматлiкай? Ёсць адпаведная тэхналогiя ўлiку i падлiку крылатых насельнiкаў — шляхам iх акальцавання i далейшага назiрання за папуляцыяй. У дасье Вiталя Кашчэева пазначаны 244 белыя лебедзi на возеры Лукомльскiм, адзiн арлан-белахвост, 99 вялiкiх крахалёў (качкi, якiя палююць за дробнай рыбай), 459 адзiнак качак-крыжанак, 151 гогаль, 415 лысух, каля 300 асобiн бакланаў…

Дарэчы, пра бакланаў. Наўрад цi можна радавацца, што гэта экзатычная для нашага краю птушка-драпеж­нiца актыўна засяляе i акупiруе «Зямлю Саннiкава-2». Спрадвечнае месца жыхарства бакланаў — Паўночная Амерыка, Афрыка, Азiя, Новая Зеландыя i нават Галапа­госкiя астравы. З сярэдзiны мiнулага стагоддзя яны сталi актыўна засяляць Еўропу. Пераважна ўздоўж марскiх берагоў, азёр i вялiкiх рэк, палюючы на мясцовыя вiды рыбы.

I вось Беларусь дачакалася няпрошаных гасцей. Па меркаваннi Вiталя Кашчэева, да возера Лукомльскага першая, але даволi значная i агрэсiўная чарада бакланаў прыбiлася, хутчэй за ўсё, з басейнаў Каспiйскага i Чорнага мораў. Даспадобы iм дастаткова мяккi беларускi клiмат. Бакланы любяць не бязмежную водную паверхню, а з астравамi i раслiннасцю. У гэтым сэнсе возера Лукомльскае надзвычай прыдатнае: тут тры астравы нават з дрэвамi, што зручна для гнездавання. Пакуль што тры сотнi асобiн бакланаў яшчэ не ўяўляюць смяротнай iнтэрвенцыi для рыбных запасаў возера. Аднак, з улiкам iх пражэрлiвасцi, верагодна весцi пастаяннае назiранне за папуляцыяй i не дапусцiць засялення на яго берагах i астравах тысячы птушак гэтага вiду. Iначай парушыцца экалагiчная раўнавага для iншых птушак.

А iх на зiмоўку застаецца нямала. Сваю «Зямлю Саннiкава-2» знайшлi на возеры Лукомльскiм i ў наваколлi (у залежнасцi ад вiду) шэрыя вароны, сарокi, вераб’i i сiнiцы, вушастыя совы, фiлiны, зяблiкi, каралькi, попаўзнi… Вялiкая мiграцыя птушак апошнiм часам назiраецца з боку краiн Балтыi. Часткова гэта тлумачыцца закрыццём Iгналiнскай атамнай электрастанцыi, што iстотна зменшыла аб’ёмы цёплай вады, якая скiдваецца пасля ахалоджвання турбiн рэактараў. А возеру Лукомльскаму цёплыя вада­скiды з гiдраэлектрастанцыi не дазваляюць замярзаць. Невядо­мымi нам спосабамi такая iнфарма­цыя распаўсюджваецца ў птушыным асяродку.

Такую з’яву можна прасачыць на мiграцыi лебедзяў-шыпуноў. Яшчэ пяць гадоў назад на возеры Лукомльскiм iх не было i сотнi. А сёння, як бачна з даведкi Вiталя Кашчэева, ужо 244 асобiны, у тым лiку каля сотнi акальцаваных. Харчуюцца прыгажуны натуральнай ежай. Яе дастаткова ў незамярзаючай прыбярэжнай паласе.

Мiж тым вы­клiкае трывогу, што рыбаловы, турысты i дзецi любяць частаваць розных птушак (i лебедзяў асаблiва) усялякiмi ласункамi. Птушкi робяцца празмерна даверлiвымi, нават ручнымi. Перастаюць асцерагацца настолькi, што бяруць пачастункi проста з рук. А цi кожнаму з homo sapiens можна давяраць? Арнiтолаг Вiталь Кашчэеў перасцерагае, што азначанае «панiбрацтва» можа кепска закончыцца. Ён нагадаў выпадкi, калi дрэнныя людзi лавiлi даверлiвых птушак на кручок з хлебам. Цi тыя ж лебедзi-шыпуны — настолькi не баяцца, што падыходзяць да рыбаловаў на лёдзе i пацешна канькаюць пачастунак. Рыбу яны не ядуць, а вось хлеб цi булку з асалодай прымаюць проста з рук. Рана цi позна дабром гэта не скончыцца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter