Зямля павінна жыць. А для таго, каб яна жыла на палескіх балотах, меліяратарам трэба прыкласці нямала намаганняў.

Гэтыя мясціны ля вёскі Сіманавічы, што на Драгічыншчыне, бадай, апошнія, якія, на думку дырэктара Драгічынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Міхаіла Іванавіча Ліса, маюць патрэбу ў меліярацыі. Тысячагектарная плошча ўрадлівай, але недагледжанай зямлі карысці амаль што не прыносіць. Аднак меліярацыя з часам дойдзе, магчыма, і сюды. “Як патрэбна гэта плошча СПК “Аляксеевічы-Агра”, дзе літаральна за некалькі соцень метраў разгарнулася будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу!”, — лічыць Міхаіл Іванавіч.

Гэтыя мясціны ля вёскі Сіманавічы, што на Драгічыншчыне, бадай, апошнія, якія, на думку дырэктара Драгічынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Міхаіла Іванавіча Ліса, маюць патрэбу ў меліярацыі. Тысячагектарная плошча ўрадлівай, але недагледжанай зямлі карысці амаль што не прыносіць. Аднак меліярацыя з часам дойдзе, магчыма, і сюды. “Як патрэбна гэта плошча СПК “Аляксеевічы-Агра”, дзе літаральна за некалькі соцень метраў разгарнулася будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу!”, — лічыць Міхаіл Іванавіч.

— Зямля павінна жыць. Я ніколі не пагаджуся з тымі, хто скажа, што меліярацыя праведзена дарэмна, — гаворыць Міхаіл Іванавіч. — Меліяратары, як мастакі, стварылі роўныя сельскагаспадарчыя палі. Дзе асушылі, дзе выраўнавалі, абкружылі каналамі. Калі яшчэ вучыўся ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце, нашы студэнты, пабываўшы на практыцы ў Калінінградскай вобласці, прывозілі ў якасці гістарычных экспанатаў дрэнажныя трубкі, закладзеныя ў зямлю немцамі яшчэ ў 20—30-я гады мінулага стагоддзя. А ў Галандыі спецыялісты гэтага профілю проста ў мора “адваёўваюць” землі. Іншая справа, што створаныя палі трэба берагчы, выкарыстоўваць па тэхналогіі, з розумам. Бульба, пасаджаная на адным месцы, кожны год змяншае ўрадлівы слой на адзін сантыметр. Дзесяць гадоў — і няма дзесяці сантыметраў. Меліяратары прааналізавалі, якая зямля мае патрэбу ў ахове нашай службы, у падтрыманні яе меліярацыйнай сістэмы (бо мы — абслугоўваючая арганізацыя), а ў якую не варта ўкладваць грошы з-за яе нізкай бальнасці. Можа, больш выгадна вывесці гэтыя плошчы з меліярацыйнай сістэмы і пакінуць у натуральным выглядзе? Праз некалькі гадоў прырода возьме сваё: мясціны забалоцяцца, зарастуць лазой і іншымі вільгацелюбівымі раслінамі, тут паселяцца жывёлы і птушкі, зацвіце вясной лотаць...
Сюды Міхаіл Ліс пераехаў у 2004 годзе. Дагэтуль больш за сем гадоў адпрацаваў галоўным інжынерам Баранавіцкага ПМС, а крыху раней быў звеннявым, майстрам, прарабам Гарадзішчанскай ПМК-5. І вось ужо дваццаць гадоў у меліярацыйнай службе. Як кажуць у народзе, зубы з’еў на гэтай справе. Узначаліўшы Драгічынскае ПМС, за шэсць гадоў працы “падлячыў” кожны ўчастак меліярацыйнай сістэмы. І тут, як у тым агародзе: у адным месцы пачысціш, праполеш — у іншым зарасло. І так па крузе.
Але Міхаіл Іванавіч рады, што Драгічыншчына сустрэла яго як роднага. І сапраўды адчуў, што вярнуўся дадому. Хоць сваёй малой радзімай лічыць Піншчыну. А вось нарадзіўся і гадаваўся да школьнага ўзросту на Іванаўшчыне, у вёсцы Моладава.
— У гэтых раёнаў ёсць штосьці агульнае: культура, дыялектная гаворка, менталітэт, — дзеліцца думкамі Міхаіл Іванавіч. — Адным словам, прыехаў і адчуў, што я ўжо дома.
Шмат наслухаўшыся пра тое, што дырэктар ПМС вельмі сціплы і зусім не публічны чалавек, спрабую разгаварыць яго ў тэме: што дапамагло яму стварыць калектыў, дзе практычна няма цякучасці кадраў, дзякуючы чаму эканоміка прадпрыемства адчувае сябе ўпэўнена...
Міхаіл Іванавіч з вялікай павагай ставіцца да тых, хто імкнецца нечаму навучыцца. За маладымі спецыялістамі заўсёды замацоўвае настаўнікаў.
— Калі да нас прыйшоў машыніст экскаватара, значыць, яго навучае вопытны экскаватаршчык. Калі прараб — дык вопытны прараб. Спачатку трэба чалавеку паказаць, патлумачыць, што і як рабіць, а потым патрабаваць, — дзеліцца прынцыпамі работы кіраўнік. — А летам жа і дня не хапае, і ноч кароткая. Таму і стараемся за зіму па максімуму правесці ўсе рамонтныя работы і падрыхтавацца да сезона. Калектыў невялікі — усяго 115 чалавек. Улетку— да 160 разам з сезоннымі рабочымі. Трэба памятаць і думаць пра кожнага, і людзі аддзячаць добрай працай.
Нікога не вылучае дырэктар — не хоча пакрыўдзіць. Кожны чалавек са сваім характарам: адзін яршысты, другі памяркоўны, але яны дапаўняюць адзін аднаго і ў цэлым гэта — калектыў.
— Наш дырэктар вельмі мала сустракаецца з прэсай, — гаворыць сакратар прыёмнай Таццяна Куровіч. — Яму ўвесь час няма калі. Ды і застаць у кабінеце складана. Ён пастаянна на вытворчых участках.
А механік Аляксандр Юскавец расказаў, які спартыўны ў іх калектыў. І ганаровыя граматы за шклом — пацвярджэнне перамог меліяратараў. А мне падумалася, што галоўная перамога — гэта зладжанасць у працы калектыву, дзе кожны гатовы падставіць плячо іншаму. Гэты калектыў даўно стаў другой сям’ёй для Міхаіла Ліса.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter