Зямля паклон любіць.

Топ-7 сакрэтаў добрага ўраджаю ад пераможцаў конкурсу “НГ” “Великан на грядке”.

“Праца на зямлі надае чалавеку высакароднасць”, — пісаў Леў Талстой. Калі б вялікі рускі пісьменнік жыў у наш час і пазнаёміўся з удзельнікамі і пераможцамі “веліканаўскага” конкурсу, упэўніўся б у тым, што людзі, якія так апантана вырошчваюць “цуда-асілкаў” на сваім агародзе, сціплыя і добразычлівыя, клапатлівыя і дасціпныя, заўзятыя і старанныя, цярплівыя і адухоўленыя... У кожнага з іх свой характар і лёс, але ўсіх іх аб’ядноўвае адна рыса — не чакаць, што з неба нешта зваліцца ці хтосьці дапаможа, а разлічваць толькі на сябе. Працуюць увесну, летам
і восенню, глядзяць гаспадарку і, нягледзячы ні на якія эканамічныя складанасці, яны не засмучаюцца, бо ведаюць, што не прападуць. На балі рэкардсменаў конкурсу заўзятых садоўнікаў
і агароднікаў карэспандэнт “НГ” даведалася ў іх пра сакрэты поспеху.

Бульбу перад пасадкай трэба прарасціць
Наш неаднолькавы пераможца Мікалай Германовіч з вёскі Дрэбск Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці шмат гадоў выпісвае “Народную газету”. “Чытаем яе ўсёй сям’ёй, — расказвае ён. — І вельмі рады, што можам паўдзельнічаць у конкурсе, прысвечаным вялікай садавіне і агародніне, што праводзіць “НГ”. Усёй сям’ёй працуем на зямлі. У гэтым мы бачым сэнс жыцця. На прысядзібным участку вырошчваю яблыні многіх сартоў. Найбольш удалыя — “заслаўская”, “мядовая”, “спартан”. Сёлета наш сад папоўніўся яшчэ дванаццаццю новымі зімовымі сартамі яблынь. Добры ўраджай дае рэдзька белая “дайкон”, рэпа “белая ноч”, “пятроўская-1”, чорная рэдзька “дзіўная” і чорная рэдзька “зімняя”. Трымаем у гаспадарцы і карову, і свіней, і качак, таму пытання, чым падкарміць расліны, не ўзнікае. Ёсць перагнойная куча. Складваем у яе зелле, кару, накрываем слоем перагною, а праз тры гады, калі ўсё перапрэе, уносім у глебу. І атрымліваюцца някепскія вынікі. Вельмі добры сёлета ўраджай бульбы атрымалі. Вясной насенне абавязкова прарошчваем. І на Івана Купалу частуемся маладой бульбай.

Цярпенне і попел
Галіна Жданава з вёскі Забалацце Рагачоўскага раёна для большай урадлівасці і барацьбы са шкоднікамі выкарыстоўвае драўняны попел. А яшчэ залог поспеху — у цярпенні, лічыць яна, а таксама Галіна Якубовіч з Лунінца. Яе муж Аляксей Іванавіч, які займаецца вырошчваннем усіх патрэбных відаў вітаміннай прадукцыі, перамагае ў конкурсе не першы год. Такое ж меркаванне і ў сям’і Сярбенка з вёскі Наваселле Мінскага раёна, якая перамагла, даслаўшы ў рэдакцыю самы вялікі качан капусты. “Сёлета вялікіх галовак капусты было ажно шэсць, — расказвае Людміла. — Увесь сакрэт — у насычэнні глебы карыснымі рэчывамі. За сезон тры разы паліваем капусту перагнойным растворам.

Рух — гэта жыццё
Ніна Мурына з вёскі Шайбакі Лідскага раёна аддала не адно дзесяцігоддзе працы на зямлі. Яна аграном-прафесіянал. Скончыла Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Вырасціць добры ўраджай для яе не праблема. Таму Ніна Адамаўна і не лічыць тое, што вырасціла часнок вагой 166 грамаў, вялікім дасягненнем. Праўда, па дарозе ён “згубіў” 9 грамаў. Аднак гэта не перашкодзіла атрымаць перамогу ў намінацыі “часнок”. Нягледзячы на паважаны ўзрост, а Ніне Адамаўне 73 гады, яна заўзята працуе на сваім участку і штогод апрацоўвае 25 сотак зямлі. На пытанне, як яна спраўляецца з такой нялёгкай працай, адказвае: “Не ўяўляю сабе жыцця без агарода. Рух — вось што робіць мяне маладой”.

Цяпліца эканом-класа
Анатоль Фісенка з Жодзіна, які вырасціў бурак вагой 6 кілаграмаў 400 грамаў, свой талент агранома рэалізуе ў Высокіх Лядах на прысядзібным участку, што застаўся ў спадчыну ад бацькоў. На агародзе ў 20 сотак пустога месца не бывае. Усё засаджана морквай, буракамі, капустай, цыбуляй, зяленівам. “Усё расце побач з домам, мы і думаць не думаем, як можна ўсё гэта купляць у іншых людзей, — прызнаецца Анатоль Андрэевіч. — У цяпліцы садзім памідоры, гуркі, перцы. Каб яе зрабіць, шмат сродкаў затрачваць не спатрэбілася. Пабудаваў яе з аконных рам, дзвярэй. Для падкормкі агародніны выкарыстоўваем толькі натуральнае ўгнаенне”.

Мужчынская справа
Так лічыць Іван Казяба са Смалявіч. Яго бацька Віталь Ільіч перамог у конкурсе, вырасціўшы спаржавую фасолю даўжынёй 55 сантыметраў. Іван дапамагаў бацьку на агародзе з дзяцінства, цяпер вырошчвае агародніну сам. “Куды дзенешся? Я — халасцяк, таму самому прыходзіцца клапаціцца пра сябе”, — прызнаецца ён, але ўсё ж зазначае, што нават калі б у яго была жонка, то галоўным на агародзе быў бы ён. “Каб хадзіць за плугам, капаць, выкарчоўваць, палоць, патрэбна фізічна быць моцным, — гаворыць ён. — Таму хто, як не мужчына, павінен займацца гэтым?”

Ад кепскага семені не чакай добрага племені
Так лічыць Іван Астаповіч, які перамог у конкурсе, даслаўшы ў рэдакцыю рэдзьку белую вагой 4 кілаграмы 850 грамаў. Агарод у яго невялікі — 6 сотак, аднак жа кожны кавалачак зямлі апрацаваны з любоўю. Сакрэт поспеху, прызнаецца заўзяты агароднік, у выкарыстанні добрага насення. Але і гэта, лічыць ён, не асноўнае. “Адзін мой знаёмы манах, калі яго спыталі, як у яго атрымліваецца вырошчваць усё так удала, адказаў, што ўсё патрэбна рабіць з пакорлівасцю, з любоўю да зямлі і з малітвай, — расказвае Іван. — Калі ў чалавека ёсць пазітыўная энергія, тады і ўраджай будзе добры. Яблыкі ў нас свае. Галоўнае — правільна іх захаваць. Раскладваю ў скрыні ў два рады, а потым сачу, каб не датыкаліся адзін да аднаго. Бо інакш не пазбегнуць гнілі. Яшчэ важна не захоўваць яблыкі побач з бульбай, капустай і іншай агароднінай. Яблыкі выдзяляюць газ этылен, які спрыяе хутчэйшаму паспяванню пладоў. Тады бульба можа згніць, а самі яблыкі страцяць свой першапачатковы смак”.

Цыбуля-памочніца
“Галоўнае правіла пры пасадцы морквы — класці ў зямлю па адным зярнятку, — расказвае пераможца ў намінацыі “морква” Зоя Баранава з Бярэзінскага раёна. — Гэта даволі складана адразу. Але калі морква пойдзе ў рост, не трэба будзе столькі сіл затрачваць на прарэджванне. Застанецца толькі рыхліць міжрадкоўі і вырываць зелле”. Яшчэ адзін сакрэт — чаргаваць пры пасадцы граду морквы з градой цыбулі. Фітанцыды, якія выдзяляе цыбуля, адпуджваюць маркоўных паразітаў”.

Будзем разам!

“Народная газета” выказвае падзяку ўсім удзельнікам конкурсу “Великан на грядке-2011”, а таксама спонсарам, дзякуючы якім пераможцы атрымалі шыкоўныя прызы і падарункі:
1. Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь
2. НПЦ па бульбаводству і плодаагародніцтву НАН Беларусі
3. РУП “Агракамбінат “Ждановічы”
4. СВК “Лучнікі”
5. СВК “Гарадзея”
6. НВЦ “БелЭкспа”
7. ААТ “Белхудожкерамика”
8. Барысаўскаму крыштальнаму заводу
9. ТДА “Аграрна-Прамысловы Дом”
10. ААТ “Мінскі прыборабудаўнічы завод”
11. ААТ “МинскСортСемОвощ”
12. ААТ “Світанак”
13. Цэнтральнаму батанічнаму саду НАН Беларусі
14. ТАА “Ланатэкс”
15. РУП “Белпошта”
16. РУП “Белтэлеком”
17. ААА “Росчерк”
18. ВА “Мінскхлебпрам”
19. Дзяржаўнаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу хлебапячэння
20. ААТ “Дарыда”
21. Неа-фольк-гурту “Беларуская брама”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter