"Дажынкі" прошли в ААТ «Бялькоўшчына»

Зямля падчынілася ведам

У Верхнядзвінскім раёне ў гэтым годзе сабралі 86 тысяч тон збожжа. Гэта другі вынік за ўсю гісторыю раёна.

Зямля не зменіць і не здрадзіць,

Зямля паможа і дарадзіць,

Зямля дасць волі, дасць і сілы,

Зямля паслужыць да магілы, 

Зямля дзяцей сваіх не кіне,

Зямля — аснова ўсёй Айчыне.



 Гэтымі словамі з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» вітаў лепшых хлебаробаў раёна на полі ААТ «Бялькоўшчына» старшыня Верхнядзвінскага райвыканкама Ігар МАРКОВІЧ (на здымку).


Зямля не падвяла хлебаробаў і падарыла за іх адданасць багаты ўраджай. Сабрана 86 тысяч тон збожжа. Гэта другі вынік за ўсю гісторыю раёна.


Дасягненне тым больш значнае, што веснавую сяўбу пачыналі пры забяспечанасці мінеральнымі ўдабрэннямі ўсяго на адну трэць.


— Перамаглі ведамі, — скажа потым начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Быкаў. — Усю зіму спецыялісты вучыліся. Ездзілі за вопытам у перадавыя гаспадаркі рэспублікі. Прымянілі на практыцы рэкамендацыі навукі: дробную падкормку, апрацоўку фунгіцыдамі, унясенне мікраэлементаў. Важкі ўклад у агульную скарбонку ўнесла галоўны тэхнолаг раёна Люцыя Грэсько, якая правяла сваё сорак першае жніво.


Па добрай народнай традыцыі на «Дажынках» адслужылі малебен айцец Васіль і «Чалавек года Віцебшчыны» ксёндз Часлаў Курэчка. Прама на полі чакалі хлебаробаў застаўленыя пачастункамі сталы. Пасля ўдзельнікі «Дажынак» адправіліся ў горад, дзе прайшлі стройнай калонай па яго вуліцах, пасадзілі алею, паглядзелі святочны канцэрт лепшых калектываў на цэнтральнай плошчы.




А пачалося свята раніцай на стадыёне з кірмашу, на якім усе сельгаспрадпрыемствы прадставілі для гараджан сваю прадукцыю. Адзін з самых багатых падворкаў зрабіла ААТ «Прудзінкі», якое толькі адборнай бульбы прывезла 5 машын. Былі і пшаніца, і ячмень, і ялавічына, і каўбасы, і... дужа «сімпатычныя» цэны. Бульба і зерне каштавалі па 2200 рублёў за кілаграм, ялавічына — ад 30 тысяч рублёў да 90 тысяч. Паўлітровы слоік мёду можна было купіць за 35 тысяч рублёў.


 Гандлявалі на кірмашы сваёй прадукцыяй і ўладальнікі прыватных падворкаў. Так, Аляксандр Бембель прывёз бараніну па 100—110 тысяч рублёў за кілаграм. Трымае ён цэлы статак гэтай жывёлы замест свіней, і пакуль што не расчараваўся. На выхадзе з кірмашу многія спыняліся, каб набыць яблыньку ў пастаўскага садоўніка Сяргея Парангоўскага.


Закончылася свята позна вечарам.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»


saulich@bk.ru


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter