Зямля і неба Уладзіміра Шуглі

У ганаровага генеральнага консула Беларусі ў Цюменскай вобласці любоў да Сібіры і зямлі яго продкаў у крыві
Памяць крыві — яна ва ўсіх у нас па-рознаму праяўляецца. Нехта, жывучы ў рытмах глабалізацыі, зусім нават не надае значэння таму, адкуль яго радавыя карані. Так паступова і абрываецца, як дакладна заўважыў паэт, “ времён связующая нить”. Аднак, не сакрэт, і ў рускіх, і ў беларусаў здаўна людзі, якія не памяталі роднасці, лічыліся духоўна непаўнацэннымі. У беларускай шляхты, ды і ў людзей майстравых, і нават у сялян раней было важным, справай гонару ведаць свой род як мінімум да сёмага калена. Дарэчы, паколькі землі беларускія — у цэнтры Еўропы — з даўніх часоў былі месцам жорсткіх баёў і бітваў, то і ваяваць беларусам даводзілася часта. І шляхецкіх (дваранскіх) родаў тут было ў разы больш, чым на тэрыторыях расійскіх. Памяць родзічаў-герояў свята захоўвалі. У вобразах рамана “Каласы пад сярпом тваім” беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча звычаі шанавання продкаў таксама знайшлі ўвасабленне. 


За паэтычны зборнік “Чацвёртае вымярэнне” у 2014 годзе Уладзімір Шугля ўшанаваны ў Беларусі літаратурнай прэміяй “Залаты Купідон”

І для Уладзіміра Шуглі зямля продкаў, іх культурныя традыцыі — важная частка яго самога як асобы. Помніцца, восенню 2013-га ў камандзіроўцы сустракаліся мы ў Цюмені з Уладзімірам Фёдаравічам. Ён з гонарам паказваў нам і невялікі “музей” з экспанатамі з Беларусі, і сваё галінастае радавое дрэва (у яго самога — чацвёра дзяцей) у рамачцы, і фатаграфіі бацькі з маці — яны заўсёды з ім побач, у рабочым кабінеце. А калі гутарылі, успамінаў супляменнік і родную вёску бацькі (Руціца ў Карэліцкім раёне Гродзеншчыны — на рэчцы Рута: яе воды цякуць у Сервеч, а потым і ў Нёман), і паходжанне свайго прозвішча (шугляй у Беларусі, багатай на рэкі і азёры, называлі вялікую лодку-даўбёнку з суцэльнага ствала дуба — мабыць, продкі Шугляў мелі дачыненне да іх вырабу), і тое, як бацька, былы франтавік, вучыў яго будаваць дом з бярвення…

Уладзімір Шугля, які ў 1947-м нарадзіўся і вырас на Урале (горад Кыштым Чэлябінскай вобласці) лічыць, што ў лёсе яго адыгралі ролю гены многіх беларусаў — не толькі бацькі з маці. У адным з інтэрв’ю адзначае: “Галоўнае — пра свае радавыя карані ведаць і памятаць. Што ты — не проста “я”, а асоба, якая прадстаўляе тых, хто жыў і жыве на тваёй радзіме. Я шмат сіл патраціў на вывучэнне свайго радаводу, дайшоў у архівах да 1670 года. І адчуў сябе лягчэй, цвярдзей на зямлі, калі прыехаў у родную вёску бацькі і ўбачыў на могілках помнікі з прозвішчамі Шугляў. Чужых, іншых Шугляў... Пастаяў, вярнуўся ў вёску, сабраў там 5-6 сем’яў, сказаў: спадары, мы ўсе сваякі”. Часам знаёмыя, сябры яго пытаюць: ты з сялянскай сям’і, дык навошта раскопваць радавод? Маўляў, ні знатнасці, ні славы, ні радавых скарбаў у мінулым не знойдзеш…А яму — проста важна ведаць, адкуль карані. Бо і ў Цюменскай вобласці жывуць ужо тысячы беларусаў, менавіта яны ў асноўным і пабудавалі цэлы горад Лангепас. Цяпер, гаворыць Уладзімір Фёдаравіч, дзеці, унукі іх там жывуць, а па вялікай вобласці (тэрыторыя — як тры Францыі…) каля 50 тысяч афіцыйна прызнаюць сябе беларусамі. А колькі іх там на самай справе, гаворыць Ганаровы генеральны консул Беларусі, ніхто і не палічыць.

Рыхтуючы гэты тэкст, мы ўдакладнілі: статус Ганаровага генконсула — першы такі ў гісторыі беларускай дыпламатыі, ён прысвоены Уладзіміру Шуглю ў ліпені 2015-га. Тады СМІ пісалі: у Маскве консульскі патэнт і экзекватуру (згода дзяржавы знаходжання) Ганароваму генеральнаму консулу ўручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка. Ён паведаміў: “за дзейсную работу Уладзіміра Шуглі ў якасці Ганаровага консула Беларусі ў Цюмені па ўмацаванні гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Цюменскай вобласцю Урадам Беларусі было прынята рашэнне аб назначэнні яго на больш высокую пасаду”. Адначасова пашырана і консульская акруга: да тэрыторыі, якая ахоплівае Цюменскую, Омскую і Курганскую вобласці. Дарэчы, у склад Цюменскай вобласці, як вядома, уваходзяць і значныя па тэрыторыі Ханты-Мансійскі і Ямала-Ненецкі аўтаномныя акругі. Пасол нагадаў, што Уладзімір Шугля працаваў Ганаровым консулам Беларусі ў Цюмені з 2009 года, за гэты час узровень беларускага экспарту ў Цюменскую вобласць узрос у 2,6 раза і дасягнуў у эквіваленце 135 мільёнаў долараў. Як заўважыў тады сам Уладзімір Шугля, новыя расійскія рэгіёны, якія трапілі пад яго куратарства, “маюць вялікі патэнцыял для развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю, тым больш што іх кіраўніцтва праяўляе жаданне аказаць гэтаму ўсебаковую падтрымку”.

Як бачым, цёплыя пачуцці да беларускай зямлі дапамагаюць расіяніну Уладзіміру Шуглю паспяхова працаваць на карысць двух брацкіх народаў. Нам ён, дарэчы, з гонарам распавядаў: у знакамітых Сібірскіх дывізіях, якія далі знішчальны адпор гітлераўцам пад Масквой узімку 1941-га, было нямала і беларусаў, якія сталі сібіракамі. Бо перасяляліся ў Сібір масава, сотнямі тысяч беларусы ў пачатку мінулага стагоддзя, а да вайны ў сем’ях тых ужо і выраслі абаронцы Айчыны. У адным з яго вершаў, прысвечаным героям, знайшлі мы радкі: “Душа неотрывна от Минска…/ Кореличи… В небе межа…/ Скрепленная кровным единством,/ Парит над Отчизной душа”. 

На карысць справы працуе сёння і багаты жыццёвы досвед Уладзіміра Шуглі. У 1970-м, нагадаем, ён скончыў Свярдлоўскі інстытут народнай гаспадаркі, шмат гадоў працаваў у гандлі, у тым ліку ў канцы 80-х і начальнікам Галоўнага ўпраўлення гандлю Цюменскага аблвыканкама. А з 1990 года пайшоў у бізнес: стварыў і ўзначаліў у Цюмені холдынгавую кампанію Гандлёвы дом “Мангазея”. Праз год скончыў Уральскі сацыяльна-палітычны інстытут — па спецыяльнасці палітолаг, а з часам, паспяхова ведучы бізнес, адчуў: яму пад сілу і больш маштабныя задачы. 

Звернемся да канкрэтных спраў Уладзіміра Шуглі, дзякуючы якім становяцца бліжэйшымі Беларусь і Заходняя Сібір. З яго офіса ў нашу рэдакцыю прыйшоў змястоўны прэс-рэліз, скла­дзены, відаць, калі Уладзімір Фёдаравіч рыхтаваўся атрымаць статус Ганаровага генеральнага консула. Як раней, так і цяпер асноўны яго клопат на консульскай пасадзе — гэта “развіццё гандлёва-эканамічных, гуманітарных і культурных сувязяў Рэспублікі Беларусь з Цюменскай вобласцю”. З прыведзеных у тэксце звестак відаць: паступальная тэндэнцыя ў развіцці такіх сувязяў і сёння захоўваецца. Дарэчы, у 2014-м у Мінску, на Першым форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, было падпісана Пагадненне паміж Урадам Цюменскай вобласці і Мінскім аблвыканкамам аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. 

Цяпер у Цюменскім рэгіёне, пры падтрымцы Ганаровага генеральнага консула, прайшоўшы ўжо этапы станаўлення вытворчых адносінаў з арганізацыямі-партнёрамі з Беларусі, працуюць прадпрыемствы розных формаў уласнасці. У прыватнасці, з 2010-га выпускае прадукцыю Цюменскі ліфтавы завод — сумеснае прадпрыемства па зборцы ліфтаў і ліфтавага абсталявання, партнёрам якога ў Беларусі з’яўляецца завод “Магілёўліфтмаш”. На ЦЛЗ штогод збіраюць і рэалізуюць да 140 камплектаў уласнай зборкі.


Беларускі матыў у Цюмені

Асаблівы гонар Уладзіміра Шуглі — ТАА “ТэхнаЦэнтр”, гэта даччыная кампанія ААТ “ТАЛК”. Са снежня 2010-га “Тэхнацэнтр” (размешчаны ў вёсцы Вінзілі Цюменскага раёна) працуе як дылерскі цэнтр Мінскага трактарнага завода па продажы, рамонце і абслугоўванні трактароў “Беларус” на тэрыторыі Уральскай акругі. Ён жа — афіцыйны дылер шэрага іншых прадпрыемстваў: Гандлёвага дома МТЗ-ЕлАЗ, Мазырскага машынабудаўнічага і Смаргонскага агрэгатнага заводаў. З ім працуюць “Бабруйскаграмаш”, “Дарэлектрамаш”, “Лідаграпраммаш”, “Лідсельмаш”, “Белшына”, “Амкадор”, Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі ды іншыя беларускія партнёры. А ў 2014-м на базе “Тэхнацэнтра” быў адкрыты Расійска-беларускі выставачна-дылерскі цэнтр “Пышмінская даліна”. Там жа прайшла і першая Усерасійская дылерская канферэнцыя ААТ “МТЗ”: удзельнічалі больш за 40 прадстаўнікоў з шасці Гандлёвых дамоў на тэрыторыі Расіі, дэлегацыя з МТЗ. Сёння трактары розных мадыфікацый, розная сельгастэхніка рэалізуецца ў рэгіёне больш актыўна.

Падобныя функцыі — у дылерскага цэнтра “Гагарынскрамтэхпрэд” (у вёсцы Гагарына Ішымскага раёна): з 2011 года ён займаецца продажам, рамонтам і абслугоўваннем беларускай сельгастэхнікі. Яго партнёры — МТЗ, “Гомсельмаш”, “Бабруйскаграмаш”. У Гагарына збіраюць збожжаўборачны камбайн “Палессе-Ішым”, трактары “Беларус” усіх мадыфікацый, рулонныя прэс-падборшчыкі.

Назва “МАЗсервіс-Цюмень” гаворыць сама за сябе: гэты дылерскі цэнтр Мінскага аўтазавода займаецца продажам і абслугоўваннем усёй тэхнікі МАЗа ў вобласці. У 2013 годзе, напрыклад, быў заключаны дагавор з МАЗам на пастаўку больш як 200 аўтобусаў розных марак для Цюмені, і ў 2014-м пастаўка завяршылася. У горадзе створаны і сэрвісны цэнтр “ПАТП-1” — спецыяльна для сэрвіснага абслугоўвання аўтобусаў МАЗа, якіх там ужо каля 400. З менш маштабных і перспектыўных сумесных вытворчасцяў адзначым дрэваапрацоўчы камбінат “Чырвоны Кастрычнік”: там асвоены выпуск мэблі з беларускімі камплектуючымі. А ВКФ “АтлантАўта” займаецца продажам і абслугоўваннем спецтэхнікі беларускай кампаніі “Аўтадор” на тэрыторыі Цюменскай вобласці.

Яшчэ адзін напрамак у гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, які курыруе Уладзімір Шугля — гэта стварэнне ў Цюмені гандлёвых дамоў, наладжванне іх работы з беларускімі вытворцамі. Напрыклад, “Цюменскі Гандлёвы дом “Белшына” — партнёр вядомага прадпрыемства з Бабруйска, займаецца продажам розных шын і камер: ад пасажырскай да грузавой тэхнікі. А ТАА “Стыль-Т” узяло ў партнёры прадпрыемства “Мілавіца” і швейную фабрыку “Беларусачка”. Цяпер у Цюмені створана сетка магазінаў па продажы ніжняй жаночай і мужчынскай бялізны. І “Цюменскі ЦУМ” наладзіў адносіны з беларускімі вытворцамі: яны пастаўляюць скураную галантарэю, вопратку, трыкатаж, тэкстыль для дома, посуд фарфоравы і хрустальны, цацкі ды іншыя тавары. А Холдынгавая кампанія “ФОНД” пастаўляе і рэалізуе ў Цюменскай вобласці беларускія прадукты.

Пракладаючы ўсё новыя шляхі для развіцця гандлёва-эканамічных адносінаў паміж Беларуссю і Расіяй, Уладзімір Шугля заўважыў: усе сувязі, адносіны трымаюцца перш за ўсё на канкрэтных людзях. Але як іх падключаць да інтэграцыйных працэсаў? Адзін са спосабаў — мэтанакіравана заключаць дагаворы пабрацімства паміж гарадамі вобласці і Беларусі. У 2013-м было прадоўжана пагадненне аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, гуманітарна-культурнай абласцях паміж Цюменню і Брэстам (дагавор заключаны ў 1999 годзе.). У 2013-2014 гадах заключаны дагаворы пабрацімства паміж гарадамі Табольск і Магілёў, Заводаукаўск і Клімавічы, Ішым і Бабруйск, Ялутараўск і Ляхавічы.

Тым часам больш актыўна заключаліся і дагаворы аб супрацоўніцтве паміж універсітэтамі Беларусі і Цюменскай вобласці. І вось ужо ёсць база для плённых кантактаў паміж выкладчыкамі, абмену студэнтамі, выдання сумесных падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, удзелу ў канферэнцыях, а таксама для абмену досведам у галіне аховы помнікаў і культурнай спадчыны брацкіх краін. Цяпер Цюменскі дзяржуніверсітэт супрацоўнічае з Беларускім дзяржуніверсітэтам (Мінск), Гомельскім дзяржуніверсітэтам імя Францыска Скарыны (Гомель) і Палескім дзяржуніверсітэтам (Пінск). У Цюменскага дзяржаўнага нафтагазавага ўніверсітэта партнёр — Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт (Мінск). Цюменская дзяржакадэмія культуры, мастацтваў і сацыяльных тэхналогій заключыла дагаворы з Беларускім дзяржуніверсітэтам культуры і мастацтва (Мінск) і Гродзенскім дзяржуніверсітэтам імя Янкі Купалы. І Цюменскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы ўніверсітэт таксама ўмацоўвае кантакты з універсітэтам у Гродне. Партнёр Цюменскай дзяржаўнай медыцынскай акадэміі — Гродзенскі дзяржаўны медуніверсітэт. А Цюменская дзяржаўная акадэмія сусветнай эканомікі кіравання і права сябруе з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам (Мінск). Тры партнёры цяпер у Дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Паўночнага Заўралля: Беларуская дзяржаўная сельгасакадэмія (Горкі, Магілёўская вобласць), Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (Мінск) і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.

Якія ні блізкія нашы краіны і народы, аднак жывём мы ў розных дзяржавах. І калі асноўныя расійскія тэлеканалы, напрыклад, даступныя і беларускім тэлегледачам, то ў Расіі, яе аддаленых рэгіёнах аб’ектыўнай інфармацыі пра жыццё ў Беларусі часам не хапае. Ведаючы гэта, Ганаровы генеральны консул наладзіў давядзенне “беларускай” інфармацыі чытачам праз расійскія друкаваныя СМІ. Цяпер у Цюменскай абласной грамадска-палітычнай газеце “Тюменская правда” (тыраж большы за 12 000 экз.) штоквартальна выходзіць беларуская старонка пад назвай “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў”. 

Па ініцыятыве Уладзіміра Шуглі ў Цюменскі рэгіён з 2015 года дастаўляецца газета “Союзное вече” — выданне Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.  

Заўважым, што і сам Уладзімір Шугля актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці. Дзякуючы гэтаму, гаварыў у адным інтэрв’ю, паўней адчуваеш і пульс жыцця ўласнага. Ён — член Грамадскай палаты Расійскай Федэрацыі, член выканкама Грамадскай палаты Цюменскай вобласці — узначальвае камісію па міжнацыянальных адносінах і свабоды сумлення. 

Як вядома, беларусаў у Цюменскай вобласці нямала. І што цікава: звычайна лёгка знаходзяць паразуменне беларусы прыезджыя і тыя, што нарадзіліся ўжо ў Сібіры — з іх ліку і Уладзімір Шугля. Відаць, свае да сваіх інтуітыўна цягнуцца. 

У Ганаровага генеральнага консула была добрая магчымасць лепей пазнаць супляменнікаў-беларусаў, калі ён узначальваў Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” — яно створана ў 1997 годзе. А рэгіянальная грамадская арганізацыя “Саюз — інтэграцыя брацкіх народаў” дзейнічае з 2005 года: гэта Уладзіміра Шуглі праект і, можна сказаць, вельмі эфектыўны інструмент, гэтакі сацыяльны камертон для наладжвання інтэграцыйных сувязяў. Уладзіміра Шуглю сёння чуюць, разумеюць чыноўнікі з Міністэрства культуры Беларусі, апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, а таксама супрацоўнікі Пасольства Беларусі ў Расіі. Адладжаны культурны абмен: лепшыя беларускія калектывы вобласці прыязджаюць выступаць і ў Беларусь. 

У тым, што для творчай самарэалізацыі беларусаў у вобласці створаны добрыя ўмовы, мы змаглі пераканацца ў лістападзе 2013 года. Супляменнікі запрасілі нас у госці, калі праходзілі чарговыя Дні беларускай культуры ў Цюменскай вобласці. Пісалі мы (у часопісе “Беларусь”, газеце “Голас Радзімы”) пра таленавітых супляменнікаў, якіх сустрэлі ў тайговай глыбінцы, у беларускіх вёсках Ермакі і Асінаўка. Вядома, той досвед, тыя духоўныя скарбы, якія ёсць у беларусаў Цюменшчыны, вельмі цікавыя і для Беларусі. Дарэчы, па тых жа адрасах, ведаем, ездзяць ужо і фалькларысты-этнографы — як беларускія, так і расійскія. Таму спадзяёмся: і кнігі, зборнікі артыкулаў, у тым ліку і журналісцкіх, пра жыццё беларусаў у Заходняй Сібіры будуць выдадзены. І мы, вядома, таксама гатовыя ў такім вельмі важным беларуска-расійскім праекце паўдзельнічаць.

У Цюмені нам расказалі: штогод у абласным Палацы нацыянальных культур “Будаўнік” праводзіцца і Дзі­цячы фестываль нацыянальных культур “Вясёлка”. І юныя беларусы ў ім удзельнічаюць. А ўлетку на Каляровым бульвары зіхаціць разнаколерна, гучыць рознагалоса Абласны фестываль нацыянальных культур “Мост дружбы” — таксама з удзелам беларускіх калектываў. Ну а Дні беларускай культуры — гэта як такі прыгожы “фінальны акорд” ўсіх мерапрыемстваў. Завяршаюцца яны вялікім Гала-канцэртам беларускіх калектываў: прыязджаюць з усёй вобласці.

У тую пару, калі Цюмень упрыгожваюць Дні беларускай культуры, звычайна праходзяць і творчыя сустрэчы паэта Уладзіміра Шуглі са студэнтамі, прыхільнікамі яго таленту ў аўдыторыях, бібліятэках. У 2013-м ён падарыў і нам свае зборнікі “Чацвёртае вымярэнне” і “Дарога дадому”. У тыя дні, памятаецца, прэзентаваўся і кампакт-дыск з песнямі, рамансамі на яго вершы: быў нават тэлесюжэт аб падзеі ў блоку навін. А нядаўна выйшаў яго зборнік “Жывы час”. Ён нядаўна дасланы ў рэдакцыю. У анатацыі чытаем: гэта працяг тэмы грамадзянскай лірыкі. Дарэчы, у гутарцы з намі (па выніках якой у часопісе выйшла вялікае інтэрв’ю: №1-2014) Уладзімір Шугля часта звяртаўся да сваіх вершаў, ведучы гутарку пра “болевыя кропкі” сучаснасці. Мы выказалі здагадку: паэзія для яго — своеасаблівая вершатэрапія. Давяраючы паперы думкі, пачуцці, успаміны, перажыванні, ён адначасова творыць сваю духоўную цвярдыню, у якой усё прыгожа, разумна, гарманічна. 

“Ганаровымі консуламі звычайна становяцца людзі, якія маюць асаблівыя заслугі перад краінай. Уладзімір Фёдаравіч заслужыў гэты статус сваёй працай”, —  напісала пра яго наша калега. Прытым, дадамо, вельмі важна: у імя чаго здзяйсняецца праца? Нам падаецца, адказ можна знайсці ў філасофскіх радках Уладзіміра Шуглі: “Боль о боль — высекаю стихи./ Загорится строка, словно пламень./ Средь земных и порочных стихий/ Разбиваю бездушия камень…”.

Іван і Валянціна Ждановічы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter