Зямля і неба Льва Талстога

Унікальныя фотаздымкі сусветна вядомага класіка можна пабачыць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры
Унікальныя фотаздымкі сусветна вядомага класіка можна пабачыць у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

На сустрэчу з Львом Мікалаевічам у музей прыходзяць сотні прыхільнікаў яго талентуДзіўнае адчуванне… Як быццам на аматарскіх і прафесійных фотаздымках, па-талстоўску шырока і разнастайна прадстаўленых у экспазіцыі ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, бачыш даўно знаёмыя твары… Можа, таму, што вобразы генія, а таксама ягоных родных і блізкіх кожны з нас помніць яшчэ са школьных ці студэнцкіх гадоў? Я ж з немалым хваляваннем пабачыў на адным з даўніх фотаздымкаў і даволі знаёмы мне, прытым вельмі сімвалічны яснапалянскі сюжэт.

Зіма. Невялічкі грудок снегу з яловымі лапкамі на ім, каля якога — пажылая жанчына. І толькі надпіс пад здымкам, яшчэ дарэвалюцыйным, гаворыць: гэта і ёсць Соф’я Андрэўена на магіле мужа. Помніцца, калі на пачатку сакавіка 1984-га журналісцкія дарогі прывялі мяне ў Тулу, а потым і ў Ясную Паляну, я быў пры той магілцы. Такой жа непрыкметнай сярод дрэў — без аніякага надмагільнага помніка, без агароджы… І толькі ідучы па клапатліва прачышчанай у снезе сцежцы і можна было знайсці месца апошняга спачыну генія. Дарэчы, уладар думаў мільёнаў пажадаў, каб ягоная магіла заўсёды была менавіта такою сціплай і непрыкметнай. Хутка ўжо сто гадоў, як спаўняецца той запавет. Бо, як вядома, менавіта ў лістападзе 1910 года вялікі натоўп народу, стаўшы на калені — ёсць і такі здымак у экспазіцыі — праводзіў свайго яснапалянскага заступніка ў лепшы свет.

На адкрыцці выставы гаварылася, што ў Льва Талстога было нямала адрасатаў і з тэрыторыі цяперашняй Беларусі — пісалі яму як прадстаўнікі інтэлігенцыі, так і простыя сяляне. Прафесар Вячаслаў Рагойша нагадаў вобразныя словы аднаго з украінскіх калег, што Леў Мікалаевіч і сёння, нібы вясёлка, дугападобна злучае паміж сабою людзей розных краін і народаў. А дырэктар Дзяржаўнага музея Льва Талстога ў Маскве Віталь Рэмізаў, які шмат паездзіў па зямлі, пацвердзіў: дзе ні загаворыш пра Льва Мікалаевіча — усюды знойдзеш сабе добрых сяброў.

Льва Мікалаевіча фатаграфавалі шмат. На выставе цікава разглядваць здымкі, на якіх ён — у коле родных і блізкіх, ці гуляе ў гарадкі ў 1909 годзе, ці на тэнісе з дочкамі Аляксандрай і Марыяй. А тут граф стаіць ля свайго яснапалянскага дома. Упэўнена, моцна трымае касу: “З селянінам Уласавым на касьбе ў 1890 г.”. Ён жа сярод народа на кірмашы, за разборам пошты, гуляе ў шахматы, з сялянскімі дзецьмі ля ганку вясковай школы. І з імі ж паўз высокія, у пояс травы ідзе купацца на рэчку…

Пра тое, што беларуская культура ўвесь час падпітваецца ад духоўных крыніц Льва Талстога і што тут маюць добры рэзананс яго гуманістычныя ідэі, сведчыць літаратурна-дакументальная частка выставы. На ёй сабраны выдадзеныя ў Беларусі кнігі з творамі Л.Талстога і тыя, якія прысвечаны яго кантактам з нашымі суайчыннікамі. Выстаўлены тэатральныя афішы з Брэста, Гродна, Мінска — у розныя часы ў тэатрах Беларусі ставіліся “Анна Карэніна”, “Жывы труп”, “Улада цемры” і іншыя спектаклі.

Выстава “Жыццё Л.М.Талстога ў фотаздымках сучаснікаў” — міжнародны праект, плён працы многіх людзей. Яна падрыхтавана на аснове матэрыялаў з фондаў Дзяржаўнага музея Льва Талстога ў Маскве. Працавалі над экспазіцыяй і Віталь Рэмізаў, і мастак Дзмітрый Нясмелаў, і супрацоўнікі Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сумесна з навукоўцамі. Выкарыстаны таксама матэрыялы Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter