Зямля і неба для творчага палёту

У Нацыянальным музеі прыроды і этнаграфіі Малдовы наладзілі персанальную выставу ўраджэнца палескай Лоеўшчыны Вячаслава ІгнаценкіВыстаўляцца ў гэтым, адным з найстарэйшых музеяў Малдовы, ганарова і прэстыжна. І таму прыгожы веснавы вернісаж “Зямля і неба” — гэта, безумоўна, яркая падзея як у культурным жыцці Кішынёва, так і ў жыцці ўсёй беларускай дыяспары ў Малдове.
У Нацыянальным музеі прыроды і этнаграфіі Малдовы наладзілі персанальную выставу ўраджэнца палескай Лоеўшчыны Вячаслава Ігнаценкі

Родныя вобразы Вячаслава ІгнаценкіВыстаўляцца ў гэтым, адным з найстарэйшых музеяў Малдовы, ганарова і прэстыжна. І таму прыгожы веснавы вернісаж “Зямля і неба” — гэта, безумоўна, яркая падзея як у культурным жыцці Кішынёва, так і ў жыцці ўсёй беларускай дыяспары ў Малдове.
Ёсць адметнасць у гэтага, ужо трыццаць пятага персанальнага вернісажа Вячаслава Ігнаценкі. Выстава ўся быццам пранізана метафарычнасцю, бо прымеркавана да Міжнароднага дня птушак. А крылатыя стварэнні, як і сапраўднае мастацтва, былі і ёсць гэткім пасрэднікам паміж светам людзей — і пазачасавай ісцінай. Творчасць Вячаслава да таго ж — цудоўны ўзор сапраўднага мастацтва. Яго творы ўражваюць, клічуць супыніцца, задумацца — хай сабе і пра нешта сваё, але ж абавязкова ўзнёслае, прыгожае, сапраўднае і вечнае.
Ён, паляшук з берагоў Дняпра, заўсёды жыве ў суладдзі з прыродай, нават і ўдалечыні ад свайго Палесся. “Вясна. Пішу эцюд ля ракі. Вакол птушак так шмат, што могуць зачапіць крылом. Спяваюць, ціўкаюць, чуваць, як кукуе зязюля. Гудуць пчолы. Лятаюць матылькі. Жабы квакаюць на ўсе лады. Уражанне ад усяго — як быццам трапіў на канцэрт, які стварыла сама прырода. Усе радуюцца вясне, пачатку жыцця. Запомнілася. Потым часта ўспамінаў. Даўно хацеў зрабіць такую выставу пейзажа, дзе адлюстравана прырода, а побач — птушкі, чуваць іх спевы, шум вясновага ветру і дажджу, раскаты грому… Карацей, каб глядач адчуваў атмасферу, у якой працаваў мастак” — лірычны эпіграф напісаў Вячаслаў Ігнаценка ў буклеце да выставы.
Мастак Вячаслаў Ігнаценка (другі злева) лічыць сябе вучнем народнага мастака Беларусі Віталя ЦвіркоІ сапраўды, пераступіла я цераз парог музея — і як трапіла ў атмасферу зачаравання, ціхай прыроднай размеранасці і спакою. Класічныя пейзажы мастака, якіх амаль 60, так далікатна і гарманічна жывуць у сценах музея, нібы тыя заўсёды былі іх домам. На выставе “Зямля і неба” кожнаму ёсць на што палюбавацца. Тут і яркая прырода Малдовы, і Украіна, і, вядома, незабыўныя віды роднай Беларусі. А назвы!
Самі за сябе гавораць назвы: “Прастор”, “Вечнасць”, “Першыя ластаўкі”, “Цішыня”, “Сакавік”, “Раніца на Днястры”, “Вярба заквітнела”, “Луг”, “Узлесак”, “Цвіценне вішні”…
Прыгожы ды інтрыгуючы для шматлікіх гасцей дадатак да краявідаў майстра — інсталяцыя вернісажа “Зямля і неба”. У зале сапраўды чуюцца галасы розных беларускіх птушак. А ёсць яшчэ і птушкі папяровыя — вырабы юных вучняў мастака. Дзецям з беларускай нядзельнай школы ад 3 да 8 гадоў, і яны спецыяльна да імпрэзы стварылі жаўрукоў — першых птушак вясны. У Беларусі кажуць: гэта яны прыносяць у дзюбах ключы ад вясны. І вось, аказваецца, спачатку прыхаваным, а пасля і яўным сэнсам гэтых птушак-папярушак было — падараваць усім гасцям выставы чароўныя метафарычныя Ключы ад Вясны. Падараваць іскрынку цяпла ад сэрцаў дзяцей-беларусаў Малдовы. Мяркую, і сам Вячаслаў Ігнаценка, працуючы з дзецьмі, таксама атрымаў ключы ад сэрцаў вучняў, поўных шчырасці і любові.
Па тым, як узрушана ўзіраліся госці ў палотны майстра, было бачна: мастак іх проста зачараваў. Дарэчы, на ўрачыстае адкрыццё выставы “Зямля і неба” прыйшлі прадстаўнікі Пасольства Беларусі у Малдове, у тым ліку пасол Вячаслаў Асіпенка і консул Аляксандр Мацукоў, прадстаўнікі беларускай, расійскай, украінскай, балгарскай і прыднястроўскай абшчын, вядомыя дзеячы мастацтва Малдовы, Расіі ды Украіны. У імпрэзе ўдзельнічала кіраўніцтва і супрацоўнікі Нацыянальнага музея прыроды і этнаграфіі, творчая інтэлігенцыя, прадстаўнікі СМІ. “Выдатна... Велічна… Вечна... Улагоджвае душу і сэрца... Непарушная цудоўная класіка!..” Гэтыя ды іншыя словы шчырага захаплення пачула я ў шматлікіх выступленнях гасцей вернісажу. Мастаку дзякавалі за дзівосны дар, які ён збярог і нястомна развівае, за яго дабрачынную працу па эстэтычным, мастацкім выхаванні дзяцей.
Вячаслаў Ігнаценка з уласцівай яму прыроднай сціпласцю дзякаваў усім за ўвагу да яго творчасці. І такімі словамі завяршыў урачыстую частку вернісажу: “15 сакавіка ў Мінску ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння народнага мастака БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віталя Канстанцінавіча Цвірко. Яго творчасць — гэта класіка беларускага жывапісу, бездакорны для мяне ўзор беларускага пейзажу. Мне пашчасціла быць асабіста знаёмым з Майстрам, бачыць, як ён працуе, чуць ад яго парады, і гэта дазваляе некаторым чынам і сябе лічыць яго вучнем… А калі ў сваіх краявідах хоць крыху набліжаюся да той ступені бязмернай любові да роднай беларускай зямлі, якім былі прасякнутыя палотны Віталя Цвірко, то можна лічыць сябе і добрым пейзажыстам”.

Ганна Мазур, г. Кішынёў

На здымках:
Родныя вобразы Вячаслава Ігнаценкі
Мастак Вячаслаў Ігнаценка (другі злева) лічыць сябе вучнем народнага мастака Беларусі Віталя Цвірко
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter