Зямля, легендамі авеяная. Цуд з цудаў Мастоўскага краю — вядома ж Нёман.

Вучоныя сцвярджаюць, што першыя людзі з’явіліся на яго берагах каля 10 тысяч гадоў назад. За мінулы час адбылося шмат чаго. Пра гэта сведчаць і дзіўныя легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Вучоныя сцвярджаюць, што першыя людзі з’явіліся на яго берагах каля 10 тысяч гадоў назад. За мінулы час адбылося шмат чаго. Пра гэта сведчаць і дзіўныя легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Такі мост трэба яшчэ пашукаць
Падвясны мост праз раку Нёман, якім вельмі ганарацца мясцовыя жыхары, быў распрацаваны і пабудаваны ў 1972 годзе. У 1993—1995 гадах прайшла яго рэканструкцыя. Даўжыня гэтага цуда-моста — 193,3 метра, шырыня прахожай часткі — 1,5 метра. Гэта адзіны ў рэспубліцы вялікапралётны пешаходны мост арыгінальнай канструкцыі.

Скарбонка традыцый
Літаратурна-краязнаўчы музей у вёсцы Гудзевічы, створаны настаўнікам мясцовай школы Алесем Белакозам, унікальны тым, што са статуса школьнага музея ён вырас да дзяржаўнага. У яго фондах каля 13 тысяч экспанатаў, тут 14 экспазіцыйных залаў, цудоўная бібліятэка, якая налічвае 2200 кніг і мноства перыёдыкі. Дарэчы, каля 90 працэнтаў усіх экспанатаў — арыгінальныя.
Застаецца толькі зазначыць, што пры музеі створаны гурток ткацтва, дзякуючы якому  гудзевіцкія паясы і гальштукі вядомы далёка за межамі краіны.

Аб чым плача чорная бяроза?
У рэспубліканскім ландшафтным заказніку “Ліпічанская пушча”, частка якога размешчана на Мастоўшчыне, знаходзіцца ўнікальная група дрэў: на ўскрайку невялікага балотца блізка адно ад другога растуць вольха, ясень, белая і чорная бярозы. Чорная бяроза ўвогуле вельмі рэдка сустракаецца ў нашых лясах, яна занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. У Ліпічанскай пушчы такіх дрэў ўсяго толькі шэсць.
І зноў, як і ўсё незвычайнае на Панямонні, чорная бяроза авеяна легендай.
...Калісьці ў вёсцы жыла маці з  дочкамі: адна была бялявая, а другая — чарнявая. Пакахалі сёстры хлопца з суседняй вёскі. І той таксама моцна закахаўся ў абедзвюх і не мог выбраць, якая з іх бліжэй яго сэрцу. Прызначаў ён сёстрам сустрэчы на беразе балотца каля вёскі. Аднойчы здарылася так, што абедзе адначасова прыйшлі на спатканне, і абман раскрыўся. Ад  болю ператварыліся сёстры ў бярозы: адна — у белую, другая — у чорную. Даведалася пра гэта маці, прыйшла да балотца і так  доўга плакала там, пакуль не стала побач з імі вольхай.  І хлопец не змог перажыць страту, ператварыўся ў ясень. І сёння ён стаіць ля балотца крыху ў баку ад трох пераплеценых галінамі дрэў — вольхі і дзвюх бяроз.

Старэйшы ў акрузе касцёл
А жыхары вёскі Лунна свята захоўваюць сваю легенду аб тым, што першы касцёл тут быў пабудаваны яшчэ ў 1531 годзе на ахвяру вялікай княгіні літоўскай, каралевы польскай Боны Сфорцы. Храм быў рэканструяваны ў 1895 годзе. Дарэчы, ад старога фундамента да сённяшніх дзён захаваўся вялізны камень з чырвонага граніту. У Лунненскім касцёле Святой Ганны з 1838 па 1841 год служыў надзвычай паважаны ў акрузе ксёндз Павел Хрынашкевіч, сябра Адама Міцкевіча. Часта наведвала храм і польская пісьменніца Эліза Ажэшка.

Помнік каханню
Непадалёк ад вёскі Багатырэвічы на беразе ракі Нёман размешчаны помнік Яну і Цэцыліі. Існуе легенда, што даўным-даўно ў гэтыя мясціны прыйшлі двое закаханых, якія шукалі на зямлі месца, каб схавацца ад людскога вока. Ян быў з простых людзей, а Цэцылія — знатнага роду. Пасяліліся яны ў пушчы на беразе Нёмана. Вельмі моцна кахалі Ян і Цэцылія адзін аднаго і гэтым былі шчаслівыя. У іх нарадзілася шасцёра сыноў і дачок. Прайшло шмат часу, але аднойчы хтосьці данёс літоўскаму князю на ўцекачоў, і ён прыехаў са сваёй світай паглядзець на іх. Стогадовая пара, акружаная дзецьмі, унукамі і праўнукамі , выйшла з хаты насустрач. Князь быў здзіўлены іх прыгажосцю і сілай. За тое, што гэтыя людзі змаглі выстаяць, адваяваўшы ў пушчы і дзікага звера кавалачак зямлі, зрабілі яе ўрадлівай, сталі прадстаўнікоў іх роду называць багатырамі. А месца, дзе жылі яны, — Багатырэвічамі.
На магіле Яна і Цэцыліі ўстаноўлены помнік. Дарэчы, легенду аб гэтым вялікім каханні расказвае Эліза Ажэшка ў сваім рамане “Над Нёманам”.

Па міласці святога Мікалая
Здзіўляе сваёй велічнасцю і заварожвае пяцікупальны храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Дубна, пабудаваны ў 1844 годзе. Згодна з паданнем, тут ён быў узведзены італьянскімі архітэктарамі памылкова. Праект велічнага храма вышынёй 35 метраў, разлічанага на вялікую колькасць прыхаджан, ствараўся для горада Дубна Ровенскай вобласці Украіны. Аднак будаўнікі пераблыталі населеныя пункты і пабудавалі царкву Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы з аднайменнай назвай непадалёк ад Мастоў, дзе налічвалася ўсяго некалькі дзесяткаў двароў.
Галоўны інтэр’ер царквы — светавы барабан, які робіць яе надзвычай узвышанай, напоўненай паветрам. Уздоўж усходняй, паўднёвай і паўночнай сцен ідзе вузкая галерэя хораў, прастора каля алтара прыпаднята — гэта яго арыгінальны  элемент, які дзеліць алтарную частку на два клірасы.
Кажуць, што аналагічны храм усё ж такі быў пазней пабудаваны і на Украіне. Але многія мясцовыя жыхары і сёння лічаць, што на тое, каб у беларускай вёсачцы з’явіўся такі цуд, была воля самога Мікалая Цудатворца.

У небе над Чарлёнай
Менавіта на Мастоўшчыне здарыўся першы ў гісторыі сусветнай авіяцыі выпадак, калі на таран варожага знішчальніка пайшоў пілот бамбардзіроўшчыка. Капітан Анатоль Пратасаў у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны ў небе над вёскай Чарлёна сваім бамбардзіроўшчыкам СБ-2М-103 тараніў нямецкі знішчальнік Ме-110. Гэта падзея не мае аналагаў у гісторыі вайны. Сёння вядома пра 636 паветраных таранаў, здзейсненых савецкімі пілотамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, з іх толькі 18 на ліку лётчыкаў бамбардзіровачнай авіяцыі. Каля дарогі Масты—Гродна ў 2006 годзе на сродкі Мастоўскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “ Белая Русь” быў устаноўлены памятны знак экіпажу бамбардзіроўшчыка капітана Анатоля Пратасава.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter