Зямля філосафаў і кніжнікаў

Гісторыкі і культуролагі сцвярджаюць, што нацыянальная культура любой краіны складаецца з вобліку невялікіх яе мястэчкаўНа высокім узгорку побач з паўнаводнай некалі ракой Лясной узвышаецца камянецкая, альбо Белая вежа — адзін са старажытных сімвалаў Белай Русі. Гэтая звыклая назва, дарэчы, з’явілася ў выніку памылкі. Прычым памылкі пісьменніцкай. У 1893 годзе выйшла кніга рускага вучонага Рыгора Карцава “Паляванне ў Белавежскай пушчы”, дзе былі радкі аб тым, што “на рацэ Белай стаіць Белая вежа”. Але ад веку раку ў Камянцы называюць не Белая, а Лясная. А вежа на яе беразе змуравана з чырвонай цэглы і ніколі не бялілася... Жыхарам Камянца больш падабаецца іншая версія паходжання назвы “Белая” іх чырвонай вежы: гэтае абароннае збудаванне ніколі за ўсю гісторыю горада не было захоплена ворагам. А гісторыя Камянца налічвае больш за сем стагоддзяў, і войн за гэты час па камянецкай зямлі пракацілася мноства.

“И нарче имя ему Каменець...”
Горад Камянец узнік адначасова з вежай, якую даследчыкі адносяць да данжонаў. Данжон — гэта галоўная вежа феадальнага замка, апошні рубеж абароны і месца, дзе магло схавацца ад ворага мірнае насельніцтва. У X стагоддзі такія адзінокія, высокія і гордыя вежы ўзвышаліся над паўночнымі і заходнімі землямі Еўропы. У XIII — з’явіліся ў Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Прыбалтыцы, сучаснай Беларусі: у Гродне, Тураве, Брэсце, Навагрудку, Полацку, Камянцы. Да нашых часоў захавалася толькі адна вежа — камянецкая.
Восем стагоддзяў назад значная частка берасцейскіх зямель належала галіцка-валынскім князям. На гэтыя багатыя ўладанні было нямала прэтэндэнтаў. Хадзілі сюды вайной польскія князі, у 1240-м дакацілася мангола-татарская лавіна.Таму і задумаў князь Уладзімір Васількавіч абараніць паўночную граніцу берасцейскай зямлі. Па яго загаду знакаміты зодчы тых часоў Алекса, які, як сведчаць летапісцы, яшчэ пры бацьку князя “многы городы рубя”, адправіўся за балоцістую Прыпяць і Мухавец на пошукі месца для новага горада.
Будаўніцтва вежы пачалося ў 1276 годзе. Гэты запіс у Іпацеўскім летапісе — першае пісьмовае ўпамінанне таксама і пра горад Камянец: “И улюби место то над берегомъ рекы Лысны и сруби на немъ городъ и нарче имя ему Каменець зане быс земля камена”. 
Калі ж у 1288 годзе будаўніцтва вежы было завершана, летапісец сказаў пра яе паэтычна: “Князь же Володимеръ (...) създаж въ нем столпъ каменъ подобен удивлению всем зрящим нань...”.
Насельніцтва Камянца ў тыя часы складала каля 500 чалавек, а плошча — каля гектара. Малады горад тут жа стаў багацець, бо праз Камянец, па рэчцы Лясной, праз непралазную пушчу ў тыя часы праходзіў шлях, што яднаў Захад з Усходам. Па гэтым шляху траплялі на беларускія землі заморскія тавары — упрыгожанні, зброя, прадукты і віно. Траплялі і веды, кнігі і творы мастацтва. Дарэчы, заснавальніка і першага ўладара Камянца князя Уладзіміра Васількавіча летапісцы называлі вялікім кніжнікам і філосафам. І, напэўна, не вельмі перабольшвалі. Бо князь, адзін з самых адукаваных людзей свайго часу, выстраіўшы ў Камянцы першую царкву, сваімі рукамі распісаў яе залатымі іконамі і падараваў ёй перапісанае ім Евангелле. Напісаў князь для гэтай царквы ікону Камянецкай Божай Маці. На жаль, ікона да нашых часоў не захавалася, у канцы XIX стагоддзя яе аддалі ў падарунак Мікалаю II, а самадзержац у адказ выдзеліў грошы на рэстаўрацыю камянецкай вежы.
Дарэчы, летапісы сведчаць пра нязвыклы для тых часоў гуманізм першага ўладара Камянца, расказала загадчыца філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея “Музей “Камянецкая вежа” Таццяна Казулька. Аднымі з пастаянных ворагаў Уладзіміра Васілька-віча былі яцвягі, што жылі за Нёманам і прыходзілі з агнём і мячом на гэтую зямлю. Аднак калі ў іх быў голад, князь заўсёды дасылаў ім “гуманітарную дапамогу”: адпраўляў па рацэ Лясной муку, мёд, іншае, чым багата шчодрая камянецкая зямля.
З часоў князя Уладзіміра Васількавіча павялося, што гэты лясны куток Беларусі заўсёды нараджаў вучоных і гуманістаў. Тут жыў філосаф і асветнік, ігумен мужчынскага Васкрасенскага манастыра Макарый, што адкрыў першую ў Камянцы школу. А ў XIX стагоддзі  яшчэ адзін камянецкі святар, філосаф, паэт, этнограф і археолаг Леў Паеўскі дабіўся рэстаўрацыі гістарычнага помніка — вежы і правёў каля яе першыя раскопкі. Адсюль родам паплечнік Тадэвуша Касцюшкі Рамуальд Траўгут, выдатны беларускі тэатральны дзеяч і пісьменнік Уладзімір Стэльмах, вядомы літаратуразнавец і крытык Уладзімір Гніламёдаў, гісторык Усевалад Ігнатоўскі, па падручніку якога “Кароткія нарысы гісторыі Беларусі” і сёння вучацца студэнты, мастак Фёдар Дарашэвіч.
Крылы музы
Добры літаратурны густ і сёння выгадна адрознівае жыхароў Камянца і Камянеччыны. Бум на бульварную літаратуру прайшоў тут на здзіўленне хутка, і сёння ў гарадскіх і сельскіх бібліятэках запатрабавана руская і беларуская класіка, сучасныя сур’ёзныя айчынныя і замежныя літаратары. Пра гэта дырэктар Камянецкай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Ніна Нікіцюк гаворыць не без гордасці за сваіх землякоў. Добры густ чытачоў вымушае бібліятэкі трымаць высокую планку. І штогод фонды тут папаўняюцца не столькі кнігамі ў яркіх мяккіх вокладках, колькі навінкамі беларускіх выдавецтваў і лепшым, што выдаецца ў суседняй Расіі. Толькі ў гэтым годзе на папаўненне кніжнага фонду і падпіску на перыядычныя выданні райвыканкам выдзеліў бібліятэкам раёна 90 мільёнаў рублёў.
Бібліятэкі ў Камянецкім раёне ніколі не пустуюць: напрыклад, пры колькасці насельніцтва Камянца ў няпоўныя 9 тысяч чалавек у “дарослую” Камянецкую цэнтральную раённую бібліятэку запісана 3 тысячы чытачоў, а ў дзіцячую — паўтары тысячы. Самы малодшы чытач — 2004 года нараджэння, самы старэйшы хутка перасягне 90-гадовы рубеж. У раённай бібліятэчнай сістэме 38 бібліятэк, і больш за 60 працэнтаў насельніцтва раёна — іх чытачы.
Дарэчы, вельмі ганарацца на Камянеччыне сваімі ўласнымі літаратарамі. А гэтая зямля пастаянна нараджае літаратурныя таленты. І хай яны не так шырока вядомы ў краіне, на радзіме іх творчасць запатрабавана.
— Адна з самых вядомых нашых пісьменніц — Святлана Курылёва, — распавядае Ніна Нікіцюк. — Яе кнігі, дарэчы, выдае такое паважанае выдавецтва, як “Мастацкая літаратура”, а гэта — своеасаблівы літаратурны знак якасці. Святлана Курылёва піша раманы і аповесці — пра жыццё, пра людзей Камянеччыны. Цяжка знайсці жыхара раёна, які не быў бы знаёмы з яе творчасцю. Людзі захапляюцца яе творамі “Жаворонки на улице”, “Доброта”, “Формула успеха”. Героі, якіх выводзіць на старонкі раманаў і аповесцяў пісьменніца, — яе землякі. І хай яна ўвесь час гаворыць, што героі яе выдуманыя, чытаючы, многіх пазнаеш...
Надзвычай прыгожая прырода гэтага кутка нашай краіны настройвае на паэтычны лад. Таму багата Камянеччына паэтамі і аматарамі паэзіі. Камянецкая зямля дала Беларусі паэта і мастака Ігара Даро. Кніга вершаў паэткі Ніны Гарагляд носіць назву “Матчына мова”, а неапублікаваныя яе вершы (зборнічак “Душа мая босая”) Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка выдала самастойна.
...Збягу я з горада ў госці
Да пушчы, да зёлкаў
гаючых.
Тут сэрцу майму не балюча.
Па сцежцы знайду
леснічоўку,
І, як дарагую абноўку,
Сукенку з ахапкаў кветак
Падорыць мне шчодрае
лета.
А сосны слязою-смалою
Мой смутак і боль загояць.
Гэта радкі з верша Ніны Гарагляд. Па словах дырэктара РЦБС, агульнае, што аб’ядноўвае літаратараў Камянеччыны — паэтаў і празаікаў, маладых і сталых, пачынаючых і масцітых, тых, хто шукае новыя літаратурныя формы і хто прытрымліваецца класічнага погляду на літаратурныя жанры, — гэта любоў да роднай зямлі, да сваёй малой радзімы. Менавіта гэтая любоў — тыя крылы, на якіх лятае іх муза.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter