Что и почем продают на Комаровке

Зялёны калідор

Калі прыпякае сонца, хочацца паласавацца нечым лёгкім: салатай з гародніны і зеляніны або садавінай. Усе на рынак! Зараз на мінскай Камароўцы не праціснуцца. На прылаўках горы ўсяго смачнага, а вакол — галавакружны водар. Прадаўцы наперабой прапануюць пакаштаваць, патаргавацца і што-небудзь купіць. Мы паглядзелі, што людзі бяруць. 

Апоўдні слупок тэрмометра пераваліў за 20. Людзі з пакетамі і кошыкамі атакуюць рынкавыя прылаўкі — адны прыцэньваюцца, іншыя купляюць. Самая папулярная — свежая зеляніна. Стаю ў чарзе і падслухоўваю размову дзвюх жанчын.

Самая папулярная — свежая зеляніна

— Я была зусiм непрыстасаваная гаспадыня: заўсёды купляла зялёную цыбулю, пятрушку, кроп у магазіне. Зеляніна вялая, дарагая, але брала, а што, думала, застаецца рабіць? Пакуль муж не засаромеў: ідзі на рынак, не транжыр бюджэт! — кажа яна сяброўцы.

А потым падлічвае: ку­піла цэлы набор зеляніны і сэканоміла 3 рублі. І гэта не лічачы гародніны. Агуркі, напрыклад, да гэтага брала за 5 рублёў. На рынку кілаграм можна знайсці ўсяго за 3 рублі. Таксама і з памідорамі: розніца ў цане — 2 рублі.

Жанчыны закупляюцца, а я рухаюся далей. Шмат людзей — каля радыскі. Прадаўцы наперабой крычаць: «У мяне самая смачная!» Рэжуць, даюць пакаштаваць. Патэнцыяльным пакупнікам тут жа збіваюць цану. І як тут з пустымі рукамі пайсці?!

— Клубніцы бярыце! Якія прыгожыя, прама на вас глядзяць! — угаворвае адзін прадавец.

— Вы лепш да мяне падыдзіце. Вялікая, моцная, салодкая ягада! — перабівае другі.

— А ў мяне цэны нізкія, прадаю рэшткі. Клубніцы самыя лепшыя, адборныя — адразу ўсе разабралі, глядзіце, — жанчына за прылаўкам дэманструе паўпустыя кардонкі.

Цікаўлюся: за паў­кіло клубніц тая про­сіць 3 рублі. У кан­курэнтаў чырвоная яга­да з Грэцыі каштуе 4 і 5 рублёў за 500 гра­маў. Трохі танней вый­дуць украінскія клубніцы.

— На нашых градках яшчэ клубніц ня­ма, а ў вас тут ужо самы разгар се­зона, — за­воджу гутарку з пра­даўцом. Тая аджартоўваецца:

— Клубніцамі ўжо нікога не здзівіш! З’явіліся яны на прылаўках яшчэ ў пачатку красавіка. Хто хацеў, той ужо купіў. А цяпер даводзіцца людзей угаворваць.

Прашу ўзважыць ягадкі і рухаюся далей. У канцы радоў заўважаю натоўп разявак. Па-іншаму не назавеш: людзі проста стаяць і глядзяць. Кавун!

— Бярыце, апошні застаўся. Прадавала па 7 рублёў за кілаграм. Вам аддам за 3 — у якасці выключэння. Хапайце, а то іншыя забяруць, — угаворвае прадавец.

А я дзіўлюся: кавуны ў пачатку мая? Цi не ранавата? Жанчына тлумачыць: цукровая ягада з Ірана — яна спелая і вельмі смачная! Праўда, пакуль яшчэ дарагая.

— Прылаўкі рынкаў і гандлёвых пунктаў літаральна ломяцца ад разнастайнасці бахчавых культур у жніўні. Сезон яшчэ не пачаўся, таму цэннікі зараз завоблачныя. У канцы лета кошт кавуна будзе вар’іравацца ад 80 капеек да 1 рубля за кілаграм. Можаце пачакаць.

Накіроўваюся да іншага пры­лаўка. Там акуратна рас­стаў­лены шкляныя ёміс­та­сці з журавінамі. Пра­давец просіць 8 руб­лёў за літровы слоік. Пра­паноўвае для пробы ўзяць журавіны ў пластыкавай шклянцы па 4 рублі. Не самае таннае задавальненне.

— Не пашкадуеце. Жу­равінам роўных няма! І ад кашлю вылечаць, і імунітэт падымуць, і нервы падлечаць. А твар які ў вас будзе чысты і свежы! — рэкламуе прадавец.

Як і многія іншыя наведвальнікі Камароўкі, спакушаюся і купляю. Дарэчы, у кошыку ўжо некалькі кілаграмаў зеляніны, садавіны і гародніны. Дзякуй, вясна!

Зараз на Камароўцы больш за ўсё бяруць:

Клубніцы — 6—9 руб. за 1 кг

Памідоры — 2—6 руб.  за 1 кг

Агуркі — 3—5 руб.  за 1 кг

Радыска — 2—4 руб.  за 1 кг

Кроп — 80 кап. за 100 грамаў

Салата — 1 руб.  за 100 грамаў

Зялёная цыбуля — 50—70 кап. за 100 грамаў

Ранняя капуста — 1,80 руб.  за 1 кг

Кавуны — 7 руб. за 1 кг

Журавіны — 8 руб. за 1 літр

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter